Айчынная прадукцыя павінна выйсці на больш высокі ўзровень якасці

Источник материала:  

Галоўная задача ў вытворчасці сёння — дабіцца, каб айчынная прадукцыя выйшла на больш высокі ўзровень якасці і адпавядала самым строгім сусветным стандартам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Беларускі лідар падкрэсліў асаблівую значнасць гэтага мерапрыемства напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта традыцыя — сведчанне вялікай павагі кіраўніцтва краіны да заслуг і дасягненняў кожнага суайчынніка, лічыць кіраўнік дзяржавы.

"У гэты ўрачысты момант у зале прысутнічаюць работнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў, якія па праве лічацца беларускімі брэндамі. Сярод іх БелАЗ, "Савушкін прадукт", "Керамін", "Беларуснафта" і іншыя", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што невыпадкова ў ліку ўзнагароджаных шмат прадстаўнікоў аграпрамысловага сектара краіны. Шэраг паспяховых гаспадарак з розных рэгіёнаў дабіліся значных вынікаў не толькі ў нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі, але і ў павышэнні эфектыўнасці работы. Прэзідэнт асабліва адзначыў поспехі агракамбінатаў "Зара" і "Усход" з Магілёўскага раёна, СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна, саўгаса-камбіната "Сож" Гомельскага раёна.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі АПК не толькі забяспечвае харчовую бяспеку краіны, але і дае значную частку экспарту. У 2010 годзе ад продажу сельгаспрадукцыі выручана больш як $3 млрд. Да канца пяцігодкі гэта лічба павінна перавысіць $7 млрд.

"У наш час праца на зямлі — гэта справа прафесіяналаў высокага класа. Таму работнікі вёскі асвойваюць складаную тэхніку, укараняюць прагрэсіўныя распрацоўкі ў галіне меліярацыі, землекарыстання. Наш аграпрам выходзіць на больш высокі ўзровень рэнтабельнасці", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Цяпер перад беларускім АПК пастаўлена адказная задача — мінімізаваць вытворчыя затраты, дабівацца самаакупнасці і самафінансавання, зрабіць беларускую прадукцыю прывабнай для айчыннага і замежнага спажыўца як па якасці, так і па цане, заявіў Прэзідэнт.

Сярод узнагароджаных таксама — дзяржаўныя служачыя, кіраўнікі. "Гэта людзі, работа якіх не заўсёды на вачах, але іх уклад у дабрабыт грамадства велізарны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі таксама работнікі культуры, адукацыі. "І гэта сімвалічна, бо праца, веды і духоўнасць — тры апоры сапраўды цывілізаванага грамадства", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Сёння ў ліку лаўрэатаў — прызнаныя майстры сцэны. Вялікі Станіслаўскі гаварыў, што тэатр вучыць, забаўляючы. Гэтыя мудрыя словы заўсёды актуальныя. Бо і ў нашы дні важна, каб мастацтва не толькі забаўляла, але і вучыла. Каб не разбэшчвала душы, а прывівала людзям маральныя каштоўнасці і выхоўвала эстэтычнае пачуццё", — сказаў Прэзідэнт.

На завяршэнне сустрэчы кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Галоўнае — не спыніцца цяпер, не затаіцца. Трэба ісці наперад і не гаварыць аб зацягванні паясоў — толькі наперад, і працаваць, жыць нармальна мы заўсёды зможам".


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика