Чаму людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны плаціць за "шэнген" двойчы?
13.06.2011 14:28
—
Новости Общества
Чаму людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны плаціць за "шэнген" двойчы?
ТUT.BY![]() |
Алег Бабец з сынам |
Віза — адзін з такіх бар’ераў. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі і беларускім пашпартам дзеля атрымання Шэнгенскай візы не толькі вымушаныя плаціць поўны кошт збораў, але і мусяць самі з’яўляцца ў пасольствы дзеля падачы і атрымання дакументаў: мінімум два разы перад ад’ездам. А калі чалавек толькі атрымаў траўму і едзе на лячэнне за мяжу яшчэ хворы?
Падобная гісторыя здарылася з 44-гадовым Алегам Бабцом. У 1994 годзе ён атрымаў траўму. У выніку спатрэбілася пратэзаванне нагі. Падвярнуліся нямецкія артапеды, якія прыехалі ў Беларусь і згадзіліся дапамагчы. Але каб завяршыць пратэзаванне, Алег быў вымушаны ехаць у Германію. Усё добра, але як зрабіць візу, калі ты і хадзіць яшчэ добра не навучыўся? Быў 1997 год.
“Не хацеў стаяць у вялікіх чэргах ля пасольства, удзельнічаць у гэтых спрэчках. А сваякі, як правіла, людзі вельмі занятыя. І калі яшчэ чалавек валодае пэўнай сарамлівасцю, то ён не заўжды захоча звяртацца да родных”, — кажа Алег.
Сівы, без левай рукі і з пратэзам нагі, спадар Бабец поўны планаў і выглядае вельмі энергічным. На лацкане яго пінжаку – чырвоны значак гарбачоўскіх часоў “Перестройка. Демократия. Гласность”.
“Актуальна, як ніколі”, — смяецца Алег.
“Знаёмыя сказалі, што ёсць пасярэднікі, таемныя людзі, якія хутка афармляюць візу. Я звярнуўся да іх. Але яны некуды праваліліся — у выніку застаўся без грошай і без візы”, — прыгадвае суразмоўца. Мужчына быў вымушаны “кульгаць” у пасольства самастойна.
“Мне пайшлі насустрач, і візу я атрымаў даволі хутка — за некалькі дзён. Але заплаціў двайны кошт: за сябе і суправаджаючую асобу. Спазняўся, быў вымушаны ехаць у Германію з аўтаперагоншчыкамі”.
У становішчы жабрака
Па словах Алега, ён спазніўся да артапедаў на паўмесяцы і быў вымушаны доўга аднаўляць сваю рэпутацыю перад нямецкімі спецыялістамі. Але ж яго гісторыя не адзінкавая. Шмат беларусаў адпраўляюцца штогод на рэабілітацыю ў замежжа:
“Я такіх людзей бачыў нямала: разумныя, інтэлектуальныя, сціплыя людзі, перасоўваюцца на калясцы. Вядома, ім патрэбныя суправаджаючыя асобы. І атрымліваецца, за візу такія людзі плацяць двойчы. Пасля гэтай гісторыя я моцна захацеў звярнуцца ў нейкую еўрапейскую інстанцыю, але не ведаў, які падыход знайсці, каб дамагчыся зменаў”.
"Искусственные барьеры на меже отравляют нам жизнь и ставят нас в положение просящего. Пребывая, в свою очередь, в унизительном положении попрошайки, человек уподобляется рабу. Рабу обстоятельств, заложнику случая, "перекати-поле" судьбы", — піша Алег у сваім эсэ, якое перамагло на конкурсе грамадскай кампаніі "Без віз" і парталу TUT.BY.
Сапраўды, дзіўная сітуацыя склалася: беларускія інваліды вымушаныя выжываць на дзяржаўнай дапамозе, бо на прыстойную працу ўладкавацца вельмі складана. Нярэдка замежныя краіны прапануюць ім дапамогу па рэабілітацыі, аднак скарыстацца ёй бывае немагчыма з-за візавых абмежаванняў. Гэтым людзям, а таксама суправаджаючым асобам дагэтуль у многіх пасольствах прыходзіцца плаціць поўны кошт візаў — 60 еўра, што для іх бюджэту сума астранамічная. Хаця, напрыклад, грамадзяне з абмежаванымі магчымасцямі з расійскім ці ўкраінскім пашпартамі, а таксама асобы, што суправаджаюць іх у вандроўках, вызваляюцца ад платы візавых збораў.
За 17 гадоў жыцця з інваліднасцю Алег Бабец у дадатак да вышэйшай будаўнічай адукацыі атрымаў дыплом юрыста, напісаў мастацкую кнігу па тэматыцы бяспекі, што вытрымала 5 выданняў і прынесла аўтару нямала прыхільнікаў (але, на жаль, не грошай), падрыхтаваў рукапіс яшчэ адной кнігі. Але з тых часоў ён так ніводнага разу і не выехаў у Еўропу.
“Спачатку дзяцей трэба на ногі паставіць”, — кажа Алег.
“Мару паказаць сыну Кёльнскі сабор”
Наш герой выхоўвае двух сыноў. Старэйшаму — 19, малодшаму — 15. Ім ён марыць паказаць, “што можна жыць болей цывілізавана”.
“Мяне дагэтуль у вёсцы пытаюць, ці сапраўды я бачыў Кёльнскі сабор. Калі я пабачыў яго, то быў проста раздаўлены: не мог паверыць, як будаўнік, што такі будынак можа стаяць. Я глядзеў наверх і не бачыў, дзе тут вяршыня”.
Цяпер Алег марыць паказаць сабор старэйшаму сыну: “Моладзь цяпер крыху бязладная. Мне падаецца, калі б мой сын пабачыў гэты сабор, у яго веры дакладна нешта зменіцца”.