Не зацвітуць ні ліпы, ні рабіны...
Навіна, якая патрасае апошнія дні невялікі ўтульны, прыгожы, багаты гісторыяй Камянец, датычыць загубленых дрэў. Справа ў тым, што ўздоўж вуліцы 8 Сакавіка раслі старыя таполі. З год таму іх прызналі аварыйнымі і небяспечнымі дрэвамі. У моцную навальніцу любое з дрэў магло ўпасці і нарабіць бяды. Таму зімой камунальнікі выкарчавалі і прыбралі векавыя таполі. Многія жыхары навакольных дамоў шкадавалі дрэвы, якія памяталі іх маладосць ды вячэрнія спатканні. Але вясной шкадаванне змянілася надзеяй, што хутка ўздымуцца маладыя прыгожыя ліпы, рабіны, зацвітуць, напоўняць непаўторным водарам гарадскую вуліцу.
Камунальная служба горада закупіла ў фермера саджанцы маладых дрэў, якія пасля былі высаджаны ўздоўж дарогі. І надзіва добра прыняліся. Людзі клапатліва даглядалі раслінны маладняк, і дрэўцы дружна шумелі зялёнай лістотай. Але адным з летніх ранкаў пасля выхаднога дня гараджане прачнуліся і ўбачылі з вокнаў проста страшную карціну: усе дрэўцы былі па-варварску паламаны, знявечаны. Нават ніводная бура, ніводзін ураган так не робіць, хоць нешта пакідае ацалелае. Тым больш што буры і навальніцы не было. А было ясна, што такое зрабіў чалавек — істота пры дзвюх руках і дзвюх нагах.
Абражаныя прыкрай выхадкай невядомых гараджане адразу грашылі на п'яныя кампаніі недаросткаў. Але міліцыя хутка вылічыла сапраўднага ворага дрэў. Ім аказаўся дарослы чалавек, які мае жонку, дзяцей, работу. І гэта, мусіць, яшчэ горш.
Як расказаў карэспандэнту газеты супрацоўнік Камянецкага райаддзела міліцыі Ігар ШАБЛІНСКІ, заведзена крымінальная справа ў дачыненні да 34-гадовага жыхара вёскі Вайская, які працуе вадзіцелем адной з арганізацый райцэнтра. Сваю чорную справу ён рабіў у ноч на панядзелак, а калі яго затрымалі ў панядзелак днём, быў яшчэ ў такой стадыі ап'янення, што нічога патлумачыць не мог. Пазней адным з магчымых матываў свайго ўчынку хуліган назваў сварку з жонкай. Упэўнена назваць прычыну, як бачым, ён не можа. Сам спрабуе знайсці тлумачэнне. Дык вось, дакладна вядома, што напярэдадні знішчальнік дрэў піў усю ноч. Перад гэтым меў спрэчку з жонкай, потым супярэчнасцяў прыбавілася падчас тэлефоннай размовы. Можна здагадацца, што яна не пахваліла галаву сям'і, які бадзяецца ўсю ноч ды языком не варочае. Той пачутае запіў ды пайшоў спаганяць злосць на ні ў чым не вінаватых дрэвах. А калі б на іх месцы былі старыя таполі (іх вывернуць не ўяўлялася б магчымым), трэба думаць, пайшоў бы ламаць агароджу, ліхтарныя слупы, дарожныя знакі ці яшчэ што-небудзь. У гарадской гаспадарцы заўсёды знойдуцца рэчы, якія можна зламаць, збэсціць, знішчыць, калі п'яная агрэсія не можа ўтрымацца ў межах асобнага індывідуума.
Камунальная служба папярэдне ацаніла свой урон за 26 ліп і 5 рабін у памеры 3,6 мільёна рублёў. Хутчэй за ўсё, суд абмяжуецца спагнаннем штрафу, можа, прызначыць папраўчыя работы. Хоць артыкул 339 Крымінальнага кодэкса, па якім заведзена справа, дапускае і пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў. Пакараць чалавека можна — горш, што прычыны ўчыненага зла застаюцца.
Адну з прычын даўно называла мне памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга Дзмітрук, і я ўжо прыводзіла яе думку ў адным з матэрыялаў. Паводле меркавання вопытнага пракурорскага работніка, гарэлка цяпер натуральна з нейкай дурніцай. П'яныя людзі масава здзяйсняюць неадэкватныя ўчынкі. Згадзіліся з гэтым выказваннем і камянецкія сышчыкі, прывёўшы, у сваю чаргу, аргумент, што раней гарэлка практычна не мела тэрміну годнасці, а цяпер яна даволі хутка псуецца. Значыць, нешта тут ёсць. А калі піць гэты прадукт вёдрамі, як у вышэйапісаным выпадку, калі наш "герой" ужываў гарэлку ўсю ноч, і пасля абеду наступнага дня ў яго крыві зафіксавана 1,4 праміле алкаголю, то чаго можна чакаць? Добра яшчэ, што сваю беспрычынную агрэсію ён абрынуў на няшчасныя дрэвы, а не на выпадковага сустрэчнага.
Неабмежаваныя магчымасці суайчынніка ва ўжыванні спіртнога ў спалучэнні з няўстойлівай псіхікай (эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя абяцаюць, што псіхічныя хваробы вось-вось апярэдзяць сардэчна-сасудзістыя ў агульнай карціне ўзроўню захваральнасці) пагражаюць наступствамі. Уласна кажучы, пагрозы спраўджваюцца нават часцей, чым мы можам чакаць. Не трэба быць Фрэйдам, каб зразумець, што псіхіка ў маладога чалавека, мякка кажучы, не зусім устойлівая. А Фрэйд, хутчэй за ўсё, расклаў бы факт хуліганства па сваіх паліцах. Па-першае, вуліца 8 Сакавіка ў п'янай свядомасці можа асацыявацца з жаночай тэмай, па-другое ліпы, рабіны жаночага роду. Таму, пасварыўшыся з жонкай, самая справа — нішчыць усё, што ўскосна напамінае жаночы пачатак. Адзін з герояў Адрыяна Чэлентана, калі яго пакінула дзяўчына, накалоў з машыну дроў. Можа, і нашым суайчыннікам, у каго энергія б'е цераз край, арганізоўваць грамадска-карысныя работы? У Камянцы людзі кажуць, што, акрамя пакарання, якое прызначыць суд, зламысніка трэба прымусіць пасадзіць новыя дрэвы. Некалі гэта называлі працатэрапія. Шкада, што такога паняцця няма ў Крымінальным кодэксе.
Святлана ЯСКЕВІЧ.