Сунічная краіна Машлякевічаў

Источник материала:  

Так склалася, што ў адных вёсках вырошчваюць агуркі, у другіх — моркву і буракі, у трэціх — капусту. Аднак у пошуках большых даходаў уладальнікі падсобных гаспадарак шукаюць усё новыя тэхналогіі, спрабуюць вырошчваць новыя культуры, ставяць эксперыменты. Эксперыментатарам можна назваць і Канстанціна Іванавіча Машлякевіча з вёскі Велямічы.

У 2009 годзе Канстанцін Машлякевіч уключыўся ў эксперымент па вырошчванні садовых суніц (клубніц) у парніку. Разам з ім паспрабавалі іх вырошчваць Іван Давідчук, Міхаіл Супрунчык з Велямічаў і Іван Слуцкі і Аляксей Дабрынец з Рамля.

Пасадачны матэрыял быў закуплены ў фірме, якая займаецца вырошчваннем расады суніц, — БелАгрыПлантс. Кошт аднаго кусціка вагаўся тады ад 600 да 800 рублёў. Былі закуплены сарты "Віма Занта", "Віма Тарта" і "Кімберлі". Суправаджэнне ініцыятывы — ад арганізацыі па набыцці пасадачнага матэрыялу да падвядзення вынікаў — узяў на сябе цэнтр падтрымкі сельскага развіцця. Хоць спецыялісты і папярэджвалі, што першыя кветкі суніц трэба сарваць, каб ураджаю восенню не было зусім, а вясной атрымаць большы, аднак эксперыментатары вырашылі паспрабаваць вырасціць суніцы і восенню. Падлічылі, што ў зімоўку суніцы павінны ўвайсці ў добрым стане. Першыя ягады ўразілі і парадавалі: яны былі па 50-60 грамаў кожная. Аднак прыгожы і смачны ўраджай практычна ўвесь раздавалі знаёмым, сябрам, бо так восенню і не знайшлі, куды прадаць. Былі спробы самастойна рэалізоўваць суніцы на рынках Століншчыны, але ў гэты час людзі ўжо не так ахвотна куплялі суніцы.

Яшчэ зімою разеткі суніц былі адпраўлены на экспертызу ў Галандыю. Там у спецыяльнай лабараторыі правялі аналіз і даслалі звесткі пра... патэнцыял будучага ўраджаю. Расліны не вельмі добра перазімавалі: моцны мароз пашкодзіў іх часткова, таму разлічваць на вельмі высокі ўраджай не даводзілася. Спецыялісты параілі ў нашых умовах прыкрываць суніцы на зіму спандбондам.

Сунічная краіна Машлякевічаў

  Вясной парнікі, у якіх раслі суніцы, пачалі ацяпляць. У большасці стаялі звычайныя буржуйкі. Толькі ў Івана Давідчука суніцы раслі ў парніках, дзе было пракладзена ацяпленне пад грунтам. Суніцы пачалі спець у пачатку мая. Калі ў парніках сабралі апошні ўраджай — на градках толькі пачалі паспяваць ягадкі.

Вясновы ўраджай не быў шматлікім, як і прадказвалі спецыялісты. Аднак велічыня ягад, іх таварны выгляд радавалі. Пачалі шукаць шляхі збыту. І адзіным найбольш прымальным аказалася самастойна рэалізоўваць суніцы на рынку. А гэта вытворцаў не задавальняла: часу няма на рэалізацыю. Некалькі разоў здавалі оптам па 10 тысяч рублёў за кілаграм, адпраўлялі суніцы за мяжу — у Расію. Аднак аптавікі з неахвотай працуюць з малымі партыямі.

— Калі б у нашым раёне чалавек 200-300 займалася вырошчваннем суніц у закрытым грунце, тады б і аптавікі ставіліся больш сур'ёзна, ды і цана была б намнога вышэйшай, — разважае Канстанцін Іванавіч.

Летась ураджай у Канстанціна Іванавіча быў адзін кілаграм з аднаго метра квадратнага. Іван Давідчук атрымаў амаль два з паловай кілаграмы з квадратнага метра. Гэта мала. У Францыі з рэмантантных суніц бяруць да сямі кілаграмаў.

— Калі асвоім тэхналогію, то будзе выгадней вырошчваць суніцы, чым агуркі, — падводзіць вынік Канстанцін Іванавіч.

Яго жонцы Ірыне Аляксандраўне таксама падабаецца больш займацца суніцамі, чым агуркамі. Работы з імі намнога менш: высадзіў — і забыў. Вясной пачаў ацяпляць, а пасля на працягу трох тыдняў — выбірай. І сезон заканчваецца.

Сёлета ў Канстанціна Машлякевіча пад суніцы занята 1,4 соткі парніка. Прыгожыя, дагледжаныя суніцы радуюць вока. Хоць яны былі толькі аднойчы апрацаваны ад белай і шэрай гнілі. У парніку — кропельны паліў, замульчыраваны расліны чорнай плёнкай. Паліць у парніку пачаў дзесьці з 26 сакавіка. Сёлета з-за позняй вясны першыя ягады Машлякевічы сабралі толькі 28 мая.

Машлякевічы зараз здавалі суніцы оптам па 15 тысяч рублёў за кілаграм на рынку ў Альшанах. Хоць добра ведаюць, што аптовая цана ў Мінску — 25 тысяч за кілаграм.

Канстанцін, як эксперыментатар, марыць паспрабаваць вырошчваць суніцы на стэлажах. Так ягадкі менш заражаюцца гніллю. Таксама ён упэўнены, што трэба шукаць новыя гатункі, якія будуць аптымальнымі для нашай мясцовасці.

Таццяна СЕГЕН. Фота аўтара.

←Лишь 17 процентов белорусов предпочитают только отечественные товары

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика