"Бізнэс гатовы несці фінансавую адказнасць для выпраўлення сітуацыі, але пакуль не бачыць выразнага плана"
На Рэспубліканскім савеце дзелавых колаў, які сабраўся з мэтай абмеркаваць крызіс на валютным рынку і даць свае прапановы па выхаду з гэтай сітуацыі Аляксандр ШВЕЦ, старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, выказаў шкадаванне, што да меркаванняў бізнэс-супольнасці не прыслухоўваюцца:
— На жаль, мы можам канстатаваць праблему, якая яшчэ стаяла да валютнага крызісу — гэта праблема ўзаемадзеяння па ключавых пытаннях бізнэсу і ўлады. На гэты момант сюды яшчэ і падключыўся і недастатковы давер насельніцтва, выкліканы крызіснымі з'явамі. І хаця Прэзідэнт у сваёй Дырэктыве №4 дакладна вызначыў дзяржустановам актыўна выкарыстоўваць патэнцыял грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў, бізнэсменаў, прамыслоўцаў і навукоўцаў, але, тым не менш, мы вымушаны канстатаваць, што цікавасці да наладжвання ўзаемадзеяння няма.
Што тычыцца плану дзеянняў Урада РБ па забеспячэнні збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курса рубля, які зацверджаны Пастановай Савета Міністраў № 662, то сам факт з'яўлення такога дакумента Аляксандр Швец лічыць станоўчым:
— Я мяркую, што кожны чытаў пастанову Саўміна № 662. Сам факт яе існавання — станоўчы, нам толькі не зразумела, чаму яна была сакрэтнай. Бо і грамадства і бізнэс чакае ад Нацбанка пэўных крокаў, а замест таго, каб паказваць гэтыя крокі і наяўнасць нейкіх пазіцый, такая праца сакрэціцца. Але дзякуй, што план быў рассакрэчаны і мы ўбачылі цэлы шэраг мер. Якія гэта меры? Безумоўна, мы павінны займацца сацыяльнай падтрымкай, мы павінны стабілізаваць сітуацыю ў эканоміцы ў цэлым, але што замінае ўжо зараз стабілізаваць яе на валютным рынку? Чаму маўчыць Нацбанк такі працяглы перыяд часу? Я не буду казаць навуковымі тэрмінамі, скажу з пункту гледжання практыка, якія займаецца пэўнымі відамі бізнэсу — маўчаць, бо сказаць сапраўды няма чаго. Калі будзе чым рэгуляваць — тады рэгулятар і загаворыць. А калі гэта будзе? Мы ўсе сочым за тым, як праходзяць перамовы з антыкрызісным фондам ЕўраАзЭС, перамовы з МВФ. Выдатна, напэўна, гэта нам дасць нейкую частку валюты, якую рэгулятар накіруе на падтрыманне нейкага курсу ў нейкім калідоры. Але які гэта будзе курс?.. Ад гэтага пытання мы не адыдзем. Нам кажуць, што сітуацыя праясніцца за 10-14 дзён. Але і да гэтага рабіліся розныя заявы. І я не ведаю, верыць ці не верыць. Я не бачу адказаў на гэтыя пытанні, і менавіта таму мы хацелі запрасіць прадстаўнікоў дзяржорганаў, — сказаў ён.
Тым не менш, як мяркуе старшыня БНПА, бізнэс таксама гатовы паўдзельнічаць у нармалізацыі сітуацыі ў эканоміцы:
— У чым роля бізнэсу ў вырашэнні гэтай ўсёй праблематыкі? Якую долю адказнасці, у тым ліку і эканамічнай у стабілізацыйных мерах павінен панесці бізнэс? Бізнэс разумее сваю ролю і мы будзем несці сваю пэўную адказнасць. Мы згодны, што трэба паспрабаваць збіць рост цэн і трэба паспрабаваць зрабіць хаця б прамежкавую стабілізацыю для далейшай планавай стабілізацыі. Але нам толькі кажуць, што бізнэс павінен скараціць цэны. Так, іх можна скараціць да ўзроўню страт, і некаторыя бізнэсмены не супраць несці страты месяц ці два, каб стабілізаваць попыт на рынку. Але ў нас няма адказу — колькі трэба будзе несці гэтыя страты: два месяцы або тры, пяць, шэсць... Мы павінны пры гэтым бачыць больш выразна і канкрэтна: а што са свайго боку робяць чыноўнікі па самаабмежаванні? Выразна і канкрэтна. Пакуль мы адказаў на гэтыя пытанні ў поўнай меры не знаходзім. Мы ж усе працуем у гэтай краіне, мы вядзем тут бізнэс і нам важны лёс таксама нашых грамадзян, нашых спажыўцоў.
Імпарт трэба тармазнуць любой цаной?
За жорсткае абмежаванне імпарту выказаўся дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл КАВАЛЁЎ.
— Трэба любой цаной працягваць стрымліваць імпарт, інакш да канца года будзе зусім ўжо дрэнна — можа быць дэфолт, — лічыць Міхаіл Міхайлавіч. — Толькі дэвальвацыяй імпарт не стрымаеш, таму, на мой погляд, трэба зрабіць як калісьці ва Украіне: той імпарт, які не патрэбны, там у цяжкі год проста занеслі ў спіс і ўвялі мараторый на яго набыццё за сродкі бюджэту і дзяржпрадпрыемстваў. Прычым гэта ў маштабах усёй краіны без выключэнняў. І Украіна тады больш-менш утрымала курс. Ну і часова трэба закрыць спажывецкае крэдытаванне насельніцтва, якое ў асноўным накіроўвалася па набыццё імпарту.
Пры гэтым Міхаіл Кавалёў таксама падкрэсліў, што не трэба забывацца і на экспарт:
— Любой цаной трэба стымуляваць, каб рос экспарт. Трэба стымуляваць тыя прадпрыемствы, фірмы і фірмачкі, якія болей экспартуюць, чым імпартуюць. Кітайцы зрабілі проста: калі ў іх не хапала валюты, але гэта было ўжо 25 гадоў назад, яны такія прадпрыемствы, пра якія я казаў, вызвалілі ад падаходнага падатку. Прамы, можна сказаць, стымул.
Разам з тым, на пасяджэнні гучалі і іншыя меркаванні наконт абмежавання імпарту:
— А хто-небудзь пытаў, ці гатовае насельніцтва адмовіцца ад імпарту і купляць толькі танныя беларускія тавары, якія зараз становяцца абсалютна нятаннымі? — спытаў у адказ Георгій ГРЫЦ, член савета РГА "БНПА", к.э.н., прафесар Інстытута бесперапыннай адукацыі БДУ. — А хто-небудзь разумее, што сёння на двары глабалізацыя і выпускаць кінескопы ў аб'ёме толькі 150 тысяч для Беларусі ў прынцыпе неэфектыўна, бо гэты кінескоп будзе ў тры разы даражэйшы за тайваньскі? Сёння будаваць нейкі самапальны рынак у Беларусі ў прынцыпе нерэальна. Бо прыйдзецца вярнуцца да вопыту Паўночнай Карэі. А хто-небудзь хоча з нас жыць ва ўмовах Паўночнай Карэі?
Што тычыцца цэн, то іх, паводле меркавання Міхаіла Кавалёва, трэба стрымаць:
— Інфляцыя павінна быць прадуманай, інакш яна з'есць увесь эфект дэвальвацыі. Калі усё адразу вырасце, як было ў 1993-1994 годзе, то эфект будзе нулявы. Цэны трэба ўтрымаць не толькі дзеля інтарэсаў насельніцтва, а дзеля інтарэсаў эканомікі, каб быў значны эфект для экспарцёраў.
Павел БЕРАСНЕЎ.