Як вы плануеце адпачываць сёлета?
За акном +29. Як там кажуць: навошта нам бераг турэцкі? Сапраўды: нам і тут нядрэнна грэе. Застаецца прыдумаць, дзе, як і з кім мы адпачнём ад працоўных будняў.
І пакуль адны рашаюць, у якую экзатычную краіну вырвацца ў жніўні, другія ўжо браніруюць нумары ў беларускія санаторыі. Толькі браніраваць няма чаго: большасць месцаў ужо зарэзерваваны ажно са студзеня. Як жа збіраюцца адпачываць беларусы?
Улада, спявачка:
— Апошнія два гады я мару з'ехаць на мора. Што б там ні казалі, але мора не заменіш нічым. Зараз у мяне адпачынак зноў пераносіцца. Але спадзяюся, у ліпені ўсё ж знойдзецца вольная хвілінка. Але нават калі не атрымаецца з морам — ёсць дзясяткі выдатных месцаў і спосабаў адпачынку тут, у Беларусі. Гэта я вам кажу не толькі як спявачка, але і як арганізатар розных забаў і вяселляў. Таму, калі там з фінансамі нацяжка ці вы баіцеся лятаць на самалётах, — шукайце адпачынак тут.
Ала Шумілава, студэнтка факультэта міжнародных адносін БДУ:
— Я буду адпачываць у Італіі. Мяне запрасілі мае італьянскія сябры, бываю ў іх ужо не першы год. Адпачынак атрымліваецца комплексным: з аднаго боку — здаровае марское паветра, мора; з другога боку — сябры, якіх не бачыла ўвесь год, — добрыя стасункі, таксама новыя знаёмствы. Такім чынам, гэта такая "змена галавы", як кажуць.
Мікола Купава, мастак:
— Думаю, адпачынку як такога сёлета не атрымаецца. Звычайна я спалучаў яго з творчай працай. А гэтым разам мо і будзе які пленэр, але яшчэ недакладна. Насамрэч, не да адпачынку, бо шмат творчай працы, якую немагчыма спыніць. А калі б раптам і атрымалася, то я паехаў бы на Нарач. Не быў там ужо з 1979 года. Там такое паветра! Чыстая цёплая вада, лодкі, шыкоўная атмасфера. Адчуваеш там сябе як дома.
Алена Спірыдовіч, тэлевядучая:
— Традыцыйна я мяркую адпачываць дома, у Беларусі. Тыдзень-другі буду на лецішчы. Там у мяне возера, утульны домік і шмат сяброў, якія заўжды рады мяне бачыць. А скончацца два тыдні — і зноў за працу. Праўда, сёлета я ўжо брала тыдзень адпачынку. Мы з мужам ляталі на Гоа ў Індыю. Прычым таксама традыцыйна. Звычайна робім гэта ў снежні-студзені, калі так хочацца пахадзіць басанож па пяску, а ў нас у гэты час ляжыць снег. Апошнія 10-12 гадоў такім чынам мы зімой лятаем у цёплыя краіны.
Ганна Гендэль, мадэль:
— Я працую мадэллю за мяжой у Індыі. І быццам бы буду працаваць там усё лета. Вопыт ужо не першы, перыядычна езджу працаваць за мяжу. Вядома, паездкі падабаюцца. Па-першае, дзякуючы мадэльнай працы з'яўляецца магчымасць пабачыць новыя краіны, пажыць і асвоіцца там. Усе агенцтвы, у якіх я працавала, забяспечваюць выдатныя ўмовы і, акрамя працы, вельмі шмат забаў. Бывала, што зусім не хацелася вяртацца ў Мінск. Так што цяпер у мяне, як мінімум, два дамы. Вельмі прыжылася ў Куала-Лумпур у Малайзіі. Выдатны горад і клімат. У сваёй працы бачу толькі плюсы: дзяўчына становіцца самастойнай, больш таварыскай, паляпшае свае замежныя мовы, і галоўны плюс — заробак. Бо ў Беларусі мадэлінг — гэта толькі хобі...
Мікола Таранда, дацэнт кафедры мікрабіялогіі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта:
— Пакуль збяру трускаўкі, пакуль прапалю агароды — які там ужо адпачынак будзе? (Усміхаецца. — Аўт.) Тыдзень-паўтара планую такім чынам быць на лецішчы. А пасля пойдзе праца на палях — мы са студэнтамі будзем правяраць глебу на наяўнасць бактэрый, аналізаваць мікрафлору... Запланаваў таксама зрабіць некалькі метадычак за гэты час, дапамагчы студэнтам з навуковымі працамі. "Даследчае" лета ў мяне чакаецца.
Апытваў Ілья Лапато.