На традыцыю сустрэчы выпускнікамі світанкаў ніхто не пасягае
10 і 11 чэрвеня ў беларускіх школах пройдуць выпускныя вечары. Як тлумачаць у Міністэрстве адукацыі, у асобных выпадках выпускныя вечары дазваляецца праводзіць за сценамі агульнаадукацыйных устаноў, але пад гэтыя мэты дазваляецца выкарыстоўваць толькі ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання і ўстановы культуры.
Міністэрства адукацыі не абмяжоўвае працягласць вечароў: канкрэтная дата іх правядзення (10 ці 11 чэрвеня), пачатак, працягласць і месца правядзення вызначаюцца рашэннем кіраўніка агульнаадукацыйнай установы з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі.
Начальнікам упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і старшыні Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама прадпісана падчас правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў прыняць меры па забеспячэнні грамадскага парадку з прыцягненнем праваахоўных органаў, забяспечыць кантроль за выхаваўчым зместам сцэнарыяў мерапрыемстваў, паклапаціцца пра захаванне заканадаўства аб недапушчэнні знаходжання ўдзельнікаў мерапрыемства ў нецвярозым стане і спажыванні імі алкагольных напіткаў, піва ў месцах правядзення мерапрыемстваў, а таксама падчас масавых гулянняў на гарадскіх вуліцах, у парках, падчас сустрэчы світанку.
Падчас правядзення выпускных вечароў павінна быць арганізавана дзяжурства педагагічных работнікаў, тэхнічнага персаналу і бацькоў. Суправаджаць выпускнікоў дарослыя павінны таксама і падчас масавых гулянняў на гарадскіх вуліцах, у парках, падчас сустрэчы світанку, а таксама ў іншых выпадках.
У сталіцы выпускныя вечары пройдуць 11 чэрвеня. Ахову грамадскага парадку будуць забяспечваць не менш як па два супрацоўнікі міліцыі ў кожнай школе, а таксама не менш як 10 супрацоўнікаў міліцыі спецыяльнага прызначэння ў гарадскіх парках сталіцы.
Надзея НІКАЛАЕВА.