Вясельны абрадавы вянок
Як адзін з галоўных вызначальных атрыбутаў, вянок выкарыстоўваецца і ў вясельнай абраднасці. Вянок нявесты стаў сімвалам яе дзявоцкасці, цнатлівасці. Замужнія жанчыны вянкоў не насілі, не надзявалі на галаву вянкоў і тыя жанчыны, якія бралі шлюб другі раз. Не мела права надзяваць вянок на вяселлі тая дзяўчына, якая страціла цнатлівасць да замужжа. У народзе так і казалі: "Згубіла (або страціла) свой вянок".
Вясельны вянок плялі як з жывых, так і са штучных кветак (папяровых, зробленых з накрухмаленай тканіны), упрыгожвалі рознакаляровымі, пераважна чырвонымі, стужкамі. Звычайна вянкі плялі напярэдадні вяселля сяброўкі нявесты ці "маладухі" (маладыя жанчыны, якія ў гэтым годзе не выйшлі замуж), суправаджаючы працэс спецыяльнымі абрадавымі песнямі. У некаторых рэгіёнах вянок замянялі абручом, каронай, упрыгожанай бісерам, павязкай, стужкай вакол галавы.
Вянок, які меў форму круга, пакідаў адкрытай толькі цемянную частку галавы. Таму спачатку галаву накрывалі спецыяльнай "тонкабранай тканінай", або "вэлюмам", а потым надзявалі вянок. Такім чынам, вянок з вэлюмам на сённяшні дзень утвараюць адзіны галаўны ўбор нявесты. Але, перш чым надзець вянок, паўсюдна праводзілі абрад, калі дзявочую касу распляталі і запляталі дзве касы, якія таксама ўказвалі на новы статус нявесты. Прычым жаніх і яго дружына павінны былі "выкупіць" касу нявесты ў брата ці іншых сваякоў.
Звычайна ўсе гэтыя дзеянні праводзіліся напярэдадні вяселля. На Гомельшчыне вянок нявесце надзявалі ў час выпечкі вясельнага каравая, каб цеста ўзнялося як мага вышэй.
У час вяселля надыходзіў пэўны момант, калі з галавы нявесты здымалі вянок — сімвал дзявоцкасці і надзявалі (павязвалі) галаўны ўбор замужняй жанчыны — хустку. Трэба адзначыць, што ў залежнасці ад рэгіянальных традыцый і звычаяў вянок з галавы нявесты здымалі ці перад першай шлюбнай ноччу, ці пасля яе або пасля падзелу вясельнага каравая ў хаце жаніха.
Часцей за ўсё гэта рабілі жанчыны (звычайна свякроўка), у паўднёвых рэгіёнах — мужчыны (свёкар, кум, сват, дзевер). Затым зноў-такі сват ці шафер мералі вянок незамужнім дзяўчатам. Лічылася, якая з дзяўчат першай пасля нявесты надзене яе вянок, тая раней за астатніх возьме шлюб. Таму строга прытрымліваліся традыцыі, каб першай вянок надзела старшая шаферка, а затым астатнія дзяўчаты ў адпаведнасці з узростам, заканчваючы самай малодшай: "Кожнай ягадцы свой час". Часам, перш чым распачаць гэты абрад, вянок трэба было выкупіць тым, хто прыйшоў на вяселле і сам марыў выйсці замуж, — г. зн. моладзі. Пасля таго, як вянок завяршыў "круг", яго вярталі маладым і вешалі над іх галовамі — у чырвоным куце.
Але і пасля вяселля рытуальныя дзеянні з удзелам вясельнага вянка і вэлюму не заканчваліся: вясельны вянок клалі пад пярыну ў першую шлюбную ноч ці зашывалі ў падушку нявесты; распляталі яго стужкі і кветкі і ўпрыгожвалі імі абразы ў "чырвоным" куце. Вянок маглі схаваць у самым аддаленым куточку, у куфэрку, далей ад людскога вока. Крадзеж вясельнага вянка ці вэлюму прадказваў бяду, хуткае растанне, бясплоднасць, хваробы дзяцей.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.