Стэфан Эрыксан: “Жыве Швецыя! Жыве Беларусь!”
06.06.2011 22:48
—
Новости Общества
Стэфан Эрыксан: “Жыве Швецыя! Жыве Беларусь!”
![]() |
Стэфан Эрыксан. Фота: Аляксандр Карповiч |
Пачынаючы з 1983 года, 6 чэрвеня адзначаецца Нацыянальны дзень Швецыі (Дзень шведскага сцяга). Сваімі каранямі гэты дзень сягае ў 1523 год, калі быў каранаваны Густаў Ваза. 6-га ж чэрвеня 1809 года была прынята новая шведская канстытуцыя. Пры гэтым, Дзень шведскага сцяга стаў чырвоным днём календара ў Швецыі толькі чатыры гады таму.
Стэфан Эрыксан, які размаўляе па-беларуску лепей за многіх беларусаў, адзначыў, што год, які прайшоў ад мінулага святкавання, быў для амбасады інтэнсіўным, умясціў у сябе шмат станоўчых падзей, але былі і расчараванні. Прыкладам пазітыву дыпламат назваў Дні культуры Швецыі, якія ў чарговы раз праходзяць у Беларусі з 12 траўня па 10 чэрвеня.
Амбасадар выказаў жаль з той нагоды, што на ўрачыстым прыёме не могуць прысутнічаць усе, каго б ён хацеў бачыць. “Некаторыя з іх не па сваёй волі. Маі думкі цяпер з імі”, — адзначыў кіраўнік шведскай дыпмісіі.
Сваю прамову на трох мовах (шведкай, ангельскай і беларускай) Эрыксан скончыў воклічам “Жыве Швецыя! Жыве Беларусь!”
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Маліноўскі падкрэсліў, што ў Беларусі існуе вялікі інтарэс Швецыі. Паводле ягоных словаў, найбольшага поспеху ў супрацы краіны дасягнулі ў эканоміцы і інвестпраектах, а таксама ў сацыяльнай і культурнай сферах. Прадстаўнік МЗС Беларусі павіншаваў Эрыксана і шведскі народ са святам, выказаўшы пажаданне, што двухбаковыя стасункі паміж краінамі будуць толькі пашырацца.
Павіншаваць амбасадара і ў яго асобе народ Швецыі прыйшлі вядомыя палітыкі (сярод іх - экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур), грамадскія і культурныя дзеячы, дыпламаты.
Для ўдзельнікаў святкавання спявалі шведскі камерны хор Святога Юханэса і мінскі хор Concordia, якія ўжо далі два супольныя канцэрты ў Мінску і Полацку.