У магазіне забылі дзіця...
Генпракуратура разам з МУС ініцыявалі прыняцце закона аб забароне знаходжання непаўналетніх у грамадскіх месцах ноччу. Такія правілы ёсць у некаторых краінах, і названая папраўка няўмольна дыктуецца жыццём. Толькі вось ці будзе яна працаваць? Ёсць у нас забароны на распіванне піва і гарэлкі на вуліцы, на курэнне ў грамадскіх месцах. Але далёка не заўсёды тыя забароны дзейнічаюць. І ўсё ж для некаторых бацькоў новае правіла павінна паслужыць сігналам на больш уважлівае стаўленне да сваіх абавязкаў. Асабліва калі яны даведаюцца, што суседзі альбо знаёмыя, калегі заплацілі штраф, атрымалі паперу на працы альбо сутыкнуліся з нейкімі іншымі мерамі ўздзеяння. Нешта трэба рабіць з маладым пакаленнем, пэўная частка якога расце, што называецца, на лес гледзячы.
Сіла ёсць, а розуму не хапае
Кожны дзень у міліцэйскім пераліку злачынстваў і правапарушэнняў ёсць паведамленні аб тым, што вечарам і ноччу ў людзей адбіраюць грошы, тэлефоны, іншыя рэчы. Рабаўнікамі аказваюцца спрэс маладыя, часта нават непаўналетнія. У іншых выпадках недаросткі псуюць агароджу, дарожныя знакі, пераварочваюць сметніцы. Разбіваюць нават масіўныя лаўкі і чыгунныя урны. З год таму ў Брэсце група школьнікаў і навучэнцаў прафтэхвучылішчаў паглумілася над пахаваннямі на старых каталіцкіх могілках. Былі вывернуты і разбураны помнікі, пашкоджаны дэкаратыўныя элементы. Юных вандалаў хутка ўстанавілі. У іх ліку былі два паспяховыя вучні школ з забяспечаных сем'яў. Бацькам сынкі паднеслі падаруначак яшчэ той. Акрамя таго што давялося заплаціць немалыя грошы за ўрон, няма той меркі, якой можна змераць, што перажылі бацькі. А ўсё таму, што ў сям'і не было забароны гуляць позна, альбо такая забарона не дзейнічала. А яшчэ таму, што ў школьнікаў вадзіліся кішэнныя грошы на піва, а можа, і на больш моцныя напоі. Не цвярозыя ж яны карчавалі помнікі!
Вось і формула многіх спраў, якія кладуцца ў аснову крымінальных: сіла цяперашніх акселератаў, адсутнасць забароны альбо абмежавання паводзін, наяўнасць грошай на выпіўку.
Не лепшыя традыцыі
Уласна кажучы, з п'янкі ўсё пачынаецца. Адкуль такое жаданне ў іх бярэцца, пытаць не трэба. Дзеці свядома ці падсвядома паўтараюць паводзіны дарослых. Калі любая падзея, нават сустрэча з суседам, становіцца нагодай для выпіўкі... І вось іду вечарам у дзень апошняга званка па вуліцы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Побач — дзве школы. Збіраюцца ў кучкі выпускнікі са стужкамі і накіроўваюцца ў бок вяслярнага канала. Хлопцы трымаюць грувасткія торбы. Добра, калі там няма нічога, мацнейшага за піва. А ўжо на выпускныя... не менш за два супрацоўнікі міліцыі будуць дзяжурыць у кожнай школе падчас правядзення выпускных вечароў. Пра такое рашэнне міліцэйскага ведамства расказалі ўсе СМІ. Тым самым мы нібы згаджаемся, што на вечарах дзеці абавязкова будуць нападпітку, і трэба пільна сачыць, каб яны чаго не ўтварылі.
А чаго ж хацела шаноўнае спадарства? Цяпер традыцыя выпускных, наколькі мне вядома, пачынаецца з чацвёртага класа. Так, пасля заканчэння пачатковых класаў шмат дзе праводзяць так званыя выпускныя. Першая частка мерапрыемства — з дзецьмі. А вечарам бацькі з настаўнікамі ідуць у кавярню ці рэстаран. Дзеці пра ўсё гэта ведаюць, часам яны "гуляюць" у суседняй зале за салодкім сталом. І разам з імі будзе "падрастаць" своеасаблівая ўстаноўка: "Давучуся да 11-га класа і сам буду гуляць з нагоды заканчэння школы".
Па-мойму, уся справа ў тым, што рост дабрабыту людзей апошнім часам апераджаў рост іх духоўнасці. І значна апераджаў. Можа трохі не да месца гаварыць пра гэта зараз, калі жыццёвы ўзровень большасці з нас падае. Але ад рэчаіснасці нікуды не дзенешся. Адбылася падмена паняццяў, вельмі небяспечная падмена. Дабрабыт далёка не заўсёды выглядае як узнагарода за працу. Многім, асабліва юным, ён быццам з неба валіцца. Спачатку гэта проста пастаянныя падачкі бацькоў на кішэнныя расходы. Потым кожны вырашае пытанне наяўнасці грошай па-свойму. Не кажу пра тыя сем'і, дзе бацькі самі п'юць, дзеці не бачаць грошай, але і не бачаць нічога добрага. Там шанцаў вырасці нармальным чалавекам вельмі мала.
Адкуль грошы бяруцца?
У адзін з выхадных дзён вельмі рана давялося прыехаць у Баранавічы. На Цэнтральным вакзале каля крамы чакаю таксі. І тут жа тусуецца група маладых людзей: тры хлопцы і дзяўчына. Няспешна яны дапіваюць другую бутэльку гарэлкі, першая стаіць тут жа, пад нагамі. Потым яны сыходзяць, а неўзабаве п'яная дама вяртаецца з адным з кавалераў. Яны лічаць дробныя грошы і купляюць яшчэ бутэльку настойкі. Гэта ўжо карцінка з самага дна жыцця. Ранак такія людзі пачынаюць з пошуку спіртнога, дзень прысвячаюць таму ж. У іх пустыя вочы, прапітыя твары. Але вось цікава: адкуль у іх грошы? Можа, дзе крадуць? Нельга выключаць і такую магчымасць.
А дзе бяруць тыя, што кожны дзень ходзяць на дыскатэкі, у начныя клубы, з наступленнем лета проста бавяць час на лаўках? Часцей за ўсё ў бацькоў. Калі дарастаюць да паўналецця, не ўсе спяшаюцца ўладкавацца на працу. Зноў прапаную звярнуцца да зводкі правапарушэнняў апошніх дзён. Там 25-гадовы непрацуючы ўгнаў трактар, іншы заявіў у міліцыю аб крадзяжы грошай і банкаўскай карткі, бо яму не хацелася ісці ў начную змену на завод, 20-гадовы пабіў чалавека, які яму ў бацькі гадзіцца. Усе пры гэтым былі п'яныя.
Дзе прэстыж працы згубіўся
Праваабаронцы, аналітыкі, публіцысты дружна асудзілі практыку савецкай дзяржавы, калі да адказнасці прыцягвалі за дармаедства. Лічыцца, што гэта парушэнне правоў чалавека, лічыцца, што чалавек павінен свядома зарабляць на хлеб надзённы працай. Але да гэтай свядомасці, мусіць, доўгі шлях. Калі ж яго прайсці коратка, то можна натрапіць на розныя перашкоды. Вось, напрыклад, кіраўнік аднаго сельгаспрадпрыемства вельмі перажывае, што ў нашых абменніках няма долараў. Ведаеце, чаму? Украінцы ў яго прыгранічны калгас не паехалі працаваць. Няма сэнсу працаваць, калі заробленае не зможаш скарыстаць дома. Гэтыя ўкраінцы і выручалі кожную пасяўную, уборку. Бо многа сваіх сапраўдных механізатараў, тых, хто раней працаваў старанна, сумленна, пайшлі на пенсію. А што ж маладыя? "Салярку прап'юць, самі нап'юцца, глядзі, каб дарагую тэхніку не пабілі, хоць цэлы дзень стой ля іх, не адлучайся". Вось да такіх праблем нечакана прывяло нас паляпшэнне дабрабыту, стварэнне ўмоў для лепшага жыцця чалавека працы.
Самае небяспечнае, калі чалавек адвучваецца працаваць. І гэта пачынаецца з самай ранняй маладосці. Недзе нешта мы сур'ёзна ўпускаем у выхаванні, навучанні, асабістым прыкладзе. Пэўная катэгорыя маладых мае, на яе погляд, жалезны аргумент: "Я не працую, бо мне не плацяць тры мільёны". Таму, напрыклад, у нашым памежным рэгіёне многія прызвычайваюцца вазіць кантрабандай з-за мяжы мяса і вопратку, а туды перапраўляць паліва. На гэтым можна мець добры даход. Да пары. Яны ганарацца сабой, што такія прадпрымальныя, што могуць прыстойна ўтрымліваць сям'ю. Пры гэтым яны хочуць, каб у садку за зарплату памерам у яго паўпаездкі ў Польшчу добра наглядалі за яго дзіцем, каб настаўнік старанна вучыў, доктар сумленна лячыў за сваю зарплату. Гэтыя супярэчнасці параджаюць новыя праблемы. І не будзе ім канца, пакуль грамадства на ўзроўні кожнага не навучыцца працаваць.
Нічыйная дзяўчынка
На нарадзе ў МУС даволі жорстка гаварылася пра тых бацькоў, якія павінны адказваць, калі іх дзеці, напрыклад, гінуць у вадзе, пакуль бацькі выпіваюць на беразе. І вось карцінка з натуры ўчарашняга вечара. У брэсцкім супермаркеце "Мікс" а палове дзясятай вечара пакупнікоў большасць маладых. Мала хто з іх бярэ адну бутэльку гарэлкі — у асноўным дзве, тры, а то і больш. Ля паста адміністрацыі нервова гаворыць па тэлефоне адзін з двух міліцыянераў. Праваахоўнікі не ведаюць, што рабіць з дзяўчынкай гадоў трох. Яе згубілі тут. Па радыё аб'яўлялі, бацькі не прыходзяць. Значыць, з'ехалі ці сышлі з магазіна. А дзіця забылі. Прайшоў даволі добры адрэзак часу, за які перапалоханыя бацькі павінны прымчацца на ўсіх ветразях. Не прымчаліся. Не ведаю, чым у рэшце рэшт скончылася гісторыя. Не ведаю таксама, колькі яшчэ крызісаў трэба перажыць, каб наш чалавек адарваў вочы ад бутэлькі і па-іншаму паглядзеў на сябе, на сваю сям'ю, навакольны свет.
Святлана ЯСКЕВІЧ.