V Цэны б'юць "рэкорд". Што заўтра?
Урад мае намер прыняць тэрміновыя меры па стабілізацыі спажывецкага і валютнага рынкаў, а таксама — ліквідаваць дысбалансы, якія назапасіліся ў эканоміцы за апошнія гады. Пры гэтым, як адзначыў падчас Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, нягледзячы на некаторыя рашэнні ўрад не плануе згортваць і пераглядаць праграмы па падтрымцы дзелавой ініцыятывы.
Заробкі пайшлі ўніз
Статыстыка сведчыць, што за апошнія 10 гадоў рэальная, з улікам змянення цэн, зарплата ў Беларусі павялічылася ў 2,6 раза, па яе сярэднім паказчыку ў доларавым эквіваленце яшчэ летась мы знаходзіліся на трэцім месцы ў СНД — пасля Расіі і Казахстана. Не менш важным вынікам гэтага перыяду стала і значнае (з больш чым 40 працэнтаў у 2000 годзе да 5,2 працэнта летась) змяншэнне долі малазабяспечанага насельніцтва. Што ж да прычыны, то яна зразумелая — у краіне не спыняўся рост тых жа зарплат, пенсій, дапамог.
Але гэта было ўчора. З канца І квартала гэтага года сітуацыя стала змяняцца.
— Паводле той жа статыстыкі, з красавіка мінулага па красавік гэтага года сярэдняя зарплата ў краіне ўзрасла прыкладна на 40 працэнтаў, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі. — Аднак людзі параўноўваюць свае заробкі не з красавіком, а са снежнем мінулага года. І тут даводзіцца канстатаваць: нягледзячы на высокія паказчыкі росту ВУП намінальная зарплата зменшылася на 2, а рэальныя, з улікам інфляцыі, заробкі скараціліся на 11,6 працэнта. Яшчэ большым аказалася падзенне рэальных заробкаў у бюджэтнікаў — 15,2 працэнта.
Калі ў снежні сярэдняя па краіне зарплата адпавядала 527, то ў красавіку — толькі 482 доларам у эквіваленце. А з улікам майскай дэвальвацыі гэты паказчык фактычна апусціўся амаль да 300-доларавай адзнакі. Прыкладна такім жа ён быў у 2007 годзе. Пры гэтым не менш адчувальным аказалася зніжэнне пакупніцкай здольнасці беларусаў.
За студзень-красавік сёлета індэкс цэн на тавары і паслугі склаў 110,9 працэнта, што перавысіла прагнозныя паказчыкі на ўвесь 2011 год. Прычым за студзень — красавік адзначаны значны рост цэн на асноўныя прадукты харчавання, такія, як бульба (на 35 працэнтаў), агародніна (32 працэнты), морква (40 працэнтаў), алей (29 працэнтаў), яблыкі (45 працэнтаў), малако і малочныя прадукты, рыбапрадукты, крупы, цукар. Істотна падаражэлі паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пасажырскага транспарту, дашкольных устаноў і ўстаноў вышэйшай адукацыі.
— Толькі за перыяд сакавіка-красавіка кошт асноўнага набору харчовых тавараў (літра алею і малака, кілаграма свініны, хлеба, сыру, цукру, рыбы і дзясятка яек) павялічыўся на 6,8 працэнта, а ў красавіку ў параўнанні са снежнем — на 15,5 працэнта, — канстатаваў Мікалай Беланоўскі. — І, заўважым, гаворка менавіта аб красавіку. Бо ў маі цэны на харчовыя і нехарчовыя тавары фактычна выйшлі з-пад кантролю. Прычым цана на беларускія тавары ні ў чым не адстае ад цаны імпарту. Кілаграм беларускіх памідораў і памідораў галандскіх каштуе аднолькава — 11-12 тыс. рублёў. Кошт кілаграму яблыкаў выйшаў на ўзровень 18-25 тыс., пры сярэднім паказчыку ў снежні — 3,5 тыс. рублёў. Чай падаражэў з 5 да 16 тысяч, пярлоўка, якая летась каштавала капейкі, цяпер прадаецца па 3,5-4,5 тыс. рублёў. Па сутнасці многія звычайныя тавары становяцца проста недаступнымі. І шмат у чым гэта тлумачыцца не да канца прадуманай лібералізацыяй эканомікі, і асабліва — у цэнаўтварэнні.
Безумоўна, галоўны ўплыў на рост цэн аказала сітуацыя на валютным рынку. І гэта сітуацыя мае яшчэ адзін сумны вынік — многія прадпрыемствы, "завязаныя" на імпарце, пакрысе згортваюць дзейнасць. Колькасць работнікаў, якія былі адпраўленыя ў водпуск па ініцыятыве наймальніка, з лютага па сакавік павялічылася на 47 працэнтаў. У сувязі з гэтым, падкрэсліў Мікалай Беланоўскі, неабходна зноў вяртацца да тэмы павелічэння дапамог па беспрацоўі. Плюс да таго, каб мець кваліфікаваныя кадры ў будучыні, прафсаюзы вылучаюць ініцыятыву аб замарожванні аплаты за навучанне студэнтаў на цяперашнім узроўні ў беларускіх рублях.
— Не менш спрэчнымі падаюцца некаторыя падыходы да змянення заканадаўства, — працягнуў Мікалай Беланоўскі. — Апошнім часам з'явіліся прапановы значна спрасціць працэдуру звальнення работнікаў з мікраарганізацый, пераразмеркаваць (па схеме: 15 працэнтаў — з работніка, 19 працэнтаў — з наймальніка) адлічэнні на сацыяльнае страхаванне. Прафсаюзы катэгарычна супраць такіх новаўвядзенняў. Як супраць і яшчэ аднаго — апошняй практыкі залішняга кантролю на прахадных. Ніхто не спрачаецца, што сачыць за працоўнай дысцыплінай трэба. Аднак у цяперашняй сітуацыі падобны кантроль толькі раздражняе людзей.
Дзе шукаць прычыны?
Не сакрэт, што цяперашняя сітуацыя — вынік праблем у эканоміцы. Як падкрэсліў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, з канца І квартала яна адчула адразу два значных удара — імклівае павелічэнне цаны на замежныя энерганосьбіты і адчувальную дэвальвацыю беларускага рубля. Да гэтага ж можна дадаць і іншыя акалічнасці — залішняе фінансаванне асобных дзяржпраграм, тэхналагічнае адставанне некаторых галін, захаванне практыкі датавання жыллёва-камунальных, транспартных і іншых паслуг.
Як адзначыў Андрэй Тур, беларуская эканоміка працуе, паказчык росту ВУП перавышае 12 працэнтаў. Разам з тым тут па-ранейшаму неабходна вырашаць праблемы імпартазамяшчэння. Таксама актуальная тэма — стварэнне больш спрыяльных умоў гаспадарання. У прыватнасці, у плане на наступны год — зніжэнне падаткаў для вытворцаў.
Аднак у новых рэаліях не менш важная задача — і сацыяльная абарона насельніцтва.
Ад індэксацый да субсідый "на квартплату"
Як нагадаў Андрэй Тур, з чэрвеня ў Беларусі праведзены пазачарговы пераразлік працоўных пенсій. Сярэдні іх рост склаў 13,7 працэнта. Пры гэтым ёсць намер яшчэ раз перагледзець памеры працоўных пенсій у лістападзе, а пенсіі сацыяльныя — праіндэксаваць у жніўні.
Адначасова ў планах — індэксацыя заробкаў бюджэтнікаў і дапамог па беспрацоўі. Тым жа беспрацоўным, якіх накіруе на прафнавучанне ці перанавучанне служба занятасці, мяркуецца павялічыць стыпендыі. Што ж да заробкаў работнікаў рэальнага сектару эканомікі, то тут, зазначыў намеснік міністра, усе ўмовы і механізмы індэксацыі павінны вызначаць непасрэдна наймальнікі.
Апроч таго, заўважыў Андрэй Тур, прадугледжаныя дастатковыя сродкі на аказанне адраснай сацыяльнай абароны. Яшчэ адной мерай дадатковай падтрымкі найменш забяспечаных грамадзян краіны можа стаць вяртанне да практыкі безнаяўных субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Асобная гаворка аб работніках, якія знаходзяцца ў вымушаных водпусках. З такімі работнікамі суб'екты гаспадарання і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць заключаць грамадзянска-прававыя дагаворы.
У планах — і меры па стабілізацыі спажывецкага рынку. У абласцях павінны стварацца стабілізацыйныя фонды прадуктаў павышанага попыту — у выпадку неабходнасці гэтыя фонды будуць выкарыстоўвацца для правядзення таварных інтэрвенцый. Плюс да таго, ужо падрыхтаваны праект указа, які скіраваны супраць спробаў змовы і нядобрасумленнай канкурэнцыі. Гэта дазволіць выкарыстоўваць штрафныя санкцыі ў адносінах да прадпрымальнікаў, якія ва ўмовах нестабільнасці карыстаюцца момантам і завышаюць цэны. Паводле слоў Андрэя Тура, плануецца і больш пільна адсочваць сітуацыю з гандлёвымі надбаўкамі, і ў тым ліку — па імпарце. Бо апошнім часам тут былі адзначаны даволі цікавыя факты: некаторыя крамы вызначалі такія надбаўкі на ўзроўні 300-350 працэнтаў.
Між тым, паралельна робяцца захады па стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. "Тут ёсць канкрэтны план мерапрыемстваў, і мы спадзяёмся, што сітуацыя вырашыцца на працягу 10-14 дзён", — заўважыў з гэтай нагоды віцэ-прэм'ер урада Сяргей Румас.
Сяргей ГРЫБ.