Дзе працуе "дрэнная" міліцыя?
Калі ў цэлым на Віцебшчыне, паводле інфармацыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, узровень поўнага даверу насельніцтва міліцыі 36,2 працэнта, самы нізкі адпаведны паказчык у Шумілінскім раёне — толькі 28,2 працэнта. Гэтыя звесткі былі атрыманы ў выніку апытання грамадзян на працягу мінулага года.
Калі параўнаць Прыдзвінскі край з іншымі, больш давяраюць роднай міліцыі толькі на Магілёўшчыне — 37,2 працэнта, а ў сярэднім па краіне — 35,9 працэнта.
Цікава, што менш трэці апытаных станоўча ацанілі эфектыўнасць супрацьдзеяння алкагалізму і самагонаварэнню. Многія канстатавалі, што міліцыянеры ветлівыя, уважлівыя. нямала і тых, хто застаўся незадаволены пасля стасункаў з работнікамі міліцыі. Раўнадушнымі, нетактоўнымі, грубымі і пасіўнымі ахарактарызавалі міліцыянераў 22,8 працэнта апытаных жыхароў Лёзненскага раёна, 21,6 працэнта — Шумілінскага, 22,1 і 21,8 працэнтаў адпаведна ў Оршы і Наваполацку.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Афіцэр падазраецца ў згвалтаванні і сэксуальных дамаганняхМаёр адной з воінскіх часцей Гродзенскай вобласці падазраецца ў згвалтаванні і серыі сэксуальных дамаганняў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Як растлумачылі ва УУС, летам 2010 года ў Смаргоні невядомы па начах, выкарыстоўваючы падобны на электрашокер прадмет, учыняў хуліганскія дзеянні адносна жанчын. Прычым адну з ахвяр ён згвалтаваў, а адносна другой учыніў насільныя дзеянні сэксуальнага характару. Міліцыя мае даныя па пяці эпізодах. У трох з іх ён не дасягнуў сваёй мэты, паколькі патэнцыяльныя ахвяры аказалі актыўнае супраціўленне.
Цяпер ва ўчыненні гэтых злачынстваў падазраецца 36-гадовы начальнік аддзялення кіналагічнага цэнтра — маёр адной з воінскіх часцей. Ён затрыманы. Былі адпрацаваны каля пяцісот мужчын, якія маглі мець дачыненне да злачынства. У выніку сышчыкі выйшлі на след падазронага, які поўнасцю прызнаўся ва ўчыненым. Паводле яго слоў, ён у глыбіні душы затаіў крыўду на жанчын, калі некалькі гадоў таму застаў сваю жонку з незнаёмцам.
А растлумачыць не змог...Угоншчыка калгаснага трактара затрымалі ў вёсцы Кісялёўка Кобрынскага раёна. Справа ў тым, што трактарыст сельгасмашыны пакінуў яе каля вясковай крамы з ключамі запальвання ў кабіне, а сам зайшоў у памяшканне па цыгарэты. Тым часам 25-гадовы непрацуючы дзяцюк сеў у кабіну, завёў трактар і паехаў куды вочы глядзяць. Літаральна праз некалькі метраў трактар прабіў бетонную агароджу і засеў паміж слупамі. На месцы ДТЗ гора-трактарыста і затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Ён быў у такой стадыі ап'янення, што не мог патлумачыць міліцыянерам, куды ехаў і навошта.
Яна СВЕТАВА.
Тапельца шукалі больш за тыдзеньКаля дзевяці дзён сваякі і міліцыя шукалі 66-гадовага жыхара Полацка, які знік без вестак. Высветлілася, што ён патануў. У Полацкім раёне ахвярай вады стаў і 20-гадовы студэнт, які разам са сваякамі адпачываў на возеры Белае. Бацька спрабаваў дапамагчы яму даплыць да берага, але ўсе намаганні былі марнымі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.