Траецкі абрадавы вянок

Источник материала:  

У культуры ўсходніх славян на працягу года было некалькі свят, у кантэксце якіх вянкі станавіліся абавязковым атрыбутам. Такі вянок называлі абрадавым.

У паўночным і ўсходнім рэгіёнах Беларусі і памежнай Смаленскай вобласці завіванне вянкоў хатняй жывёле ўвогуле аказвалася галоўным абрадавым дзеяннем траецка-сёмушных святкаванняў. На Віцебшчыне, Гомельшчыне, часткова Міншчыне існавала традыцыя: у суботу перад Тройцай або ў саму траецкую нядзелю пастухі выконвалі рытуал "вянчання жывёлы".

Траецкі вянок, які надзявалі дзяўчаты на галаву, выконваў не толькі ролю абярэга, але і прадуцыравальна-шлюбную ролю — прадвесніка будучага нараджэння дзяцей. Тую ж самую ролю спрыяння плоднасці статку хатняй жывёлы выконвалі вянкі, якія плялі пастухі і чаплялі на рогі каровам.

Пра тое, што менавіта гэтая функцыя вянка-абярэга была дамінуючай, сведчыць той факт, што пастух часцей за ўсё рабіў два вянкі: адзін з іх чапляў на рогі карове, а другі — такі ж самы — перадаваў (дарыў) жанчыне-гаспадыні.

 Траецкі вянок выконваў функцыю абярэга хатняй жывёлы, прычым абярэга-ўніверсума: ад сурокаў, ад людскога вока, ад падзіва, падвею, ад вядзьмацкіх штучак (у перыяд з Юр'я і да Купалля ведзьмы маглі забраць у каровы малако або зрабіць так, што яна будзе даіцца крывёю). І тут ужо, хутчэй за ўсё, ахоўную ролю выконваў не столькі вянок, колькі тыя расліны і кветкі, якія ў спалучэнні з галінкамі клёна, бярозы, дуба, каліны выконвалі сакральна-магічную ролю.

 Як і многія іншыя каляндарныя атрыбуты-абярэгі, траецкія вянкі для кароў захоўваліся на працягу года. Потым іх спальвалі. А тыя знахаркі, якія займаліся лячэннем людзей, вешалі іх у сенцах, дзе яны маглі захоўвацца не адзін год. На сарваных з іх лісцях рабілі настоі і адпаівалі хворых людзей. Тым самым падпаленым лісцем абкурвалі сурочаных дзяцей і хатнюю жывёлу. Гэтыя ж вянкі выконвалі ролю абярэга на падворку. Каб перасцерагчы хлеў ад маланкі, вянок мацавалі над варотамі. Калі глядзець на гэта відовішча з двара, то стваралася ўражанне, што якраз на хляве вісела дзённае нябеснае свяціла і абараняла хлеў ад штукарстваў нячыстай сілы.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Гомельские таможенники задержали контрабандный цветной металл из Новой Зеландии стоимостью 3 млрд. рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика