У сталіцы попыт на будаўнікоў,швачак і ўрачоў
А 26 працэнтаў з ліку беспрацоўных — людзі з вышэйшай адукацыяй
На рынку працы ў Мінску найбольш запатрабаваныя рабочыя масавых будаўнічых прафесій, слесары, вадзіцелі, машыністы, мантажнікі, электрыкі, прадаўцы, афіцыянты, швачкі, кандуктары і інш. Захоўваецца патрэба і ў інжынерах, урачах-спецыялістах і выхавальніках.
— Парадокс сітуацыі на рынку працы ў тым, што сёння назіраецца значнае перавышэнне колькасці вакансій над колькасцю беспрацоўных, — зазначыў намеснік старшыні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама Сяргей Іконнікаў. — Яскрава бачны дысбаланс попыту і прапановы. Вакансій рабочых прафесій шмат, а беспрацоўных мала.
Як зазначыў Сяргей Іконнікаў, служба занятасці Мінска выступіла з прапановай павялічыць памеры стыпендыі беспрацоўным, якія праходзяць навучанне новай спецыяльнасці, да васьмі базавых велічынь (сёння такая стыпендыя складае ад адной да трох базавых велічынь).
— Ды і перыяд навучання пэўным прафесіям пажадана было б скараціць. Ёсць прафесіі, у якіх навучанне па прафарыентацыі займае да 11 месяцаў, — зазначыў Сяргей Іконнікаў. — Сярэдні ж перыяд навучання — 4-5 месяцаў. І як правіла, навучанне магчыма толькі ў выпадку, калі чалавек ужо стаіць на уліку па беспрацоўі. Наша прапанова — пачаць пераарыентацыю і тых спецыялістаў, хто знаходзіцца пад пагрозай звальнення.
Каля 26 працэнтаў сённяшніх беспрацоўных маюць вышэйшую адукацыю, каля 40 працэнтаў — сярэднюю і базавую адукацыю, да 19 працэнтаў беспрацоўных абмяжоўваюцца прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, да 14 працэнтаў — сярэдняй спецыяльнай.
Між іншым, самі беспрацоўныя, на думку Іконнікава, не павінны абмяжоўвацца пошукам працы толькі па тэлефоне. У гэтай сітуацыі, як перакананы чыноўнік, варта размясціць сваё рэзюме ў банку рэзюме, а таксама зрабіць вочны абход патэнцыйных працадаўцаў, каб такім чынам больш паспяхова прэзентаваць сябе.
— На жаль, большасць людзей не валодае тэхналогіяй пошуку працы, — зазначае намеснік старшыні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. — Калі вы юрыст па адукацыі, то неабавязкова быць юрысконсультам, можна працаваць памочнікам, сакратаром-рэферэнтам, лагістам — і пашырыць такім чынам межы свайго рэзюме.
Расце ў сталіцы і прыток замежнай рабочай сілы. У Мінск прыязджаюць працоўныя мігранты з Украіны, Літвы, Латвіі, Турцыі, Узбекістана і Кітая. Толькі за чатыры месяцы гэтага года заключэнняў аб прыцягненні замежнай працоўнай сілы было разгледжана і выдадзена 1,5 тысячы, што амаль ў два разы больш, чым летась. На працу бяруць галоўным чынам запатрабаваных на рынку працы будаўнікоў: мантажнікаў, муляраў, сталяроў, бетоншчыкаў, страхароў, тынкоўшчыкаў і г.д.
Ілья ЛАПАТО.