Камбікармы "Радзімы"
У СВК "Калгас "Радзіма" Бялыніцкага раёна, адной з вядомых сельскіх гаспадарак Магілёўскай вобласці, запрацаваў новы камбікормавы завод. Яго магутнасць — 90 тон у суткі. Прадукцыя вельмі патрэбна калгасу, дзе апошнім часам актыўна заняліся развіццём свінагадоўлі на аснове новых тэхналогій і пагалоўе мяркуецца павялічыць утрая ўжо сёлета. Рэнтабельнасць галіны, паводле разлікаў спецыялістаў, на сваім камбікорме дасягне 30%.
У "Радзіме" аддаюць перавагу інавацыйнаму развіццю, але пры гэтым і эканоміі. Таму пад завод занялі гатовае памяшканне, якое некалькі гадоў не выкарыстоўвалася. Новае абсталяванне паспелі яшчэ пры старых цэнах набыць у Барысаўскім раёне. У выніку на ўвесь завод калгас выдаткаваў каля 900 мільёнаў рублёў. Лінія камп'ютарызавана, усю вытворчасць абслугоўваюць толькі два чалавекі. Прадукцыя атрымліваецца якасная, з рознымі карыснымі дадаткамі.
Дарэчы, днямі старшыні праўлення "Калгаса "Радзіма" Аляксандр Лапацентаў стаў ганаровым грамадзянінам Бялыніцкага раёна. Менавіта гэтаму кіраўніку належаць укаранёныя ў "Радзіме" ідэі па матэрыяльным заахвочванні работнікаў, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, дысцыплінавана працуюць і выхоўваюць дзяцей.
Ілона Іванова.