Плошчы 8 Сакавіка ў Мінску прапаноўваецца вярнуць гістарычную назву — Нізкі рынак

Источник материала:  

Такое рашэнне прыняла Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складаных частак Мінска.

У ХІІ—ХІІІ стагоддзях тут была галоўная гандлёвая плошча горада, якая называлася Нізкім рынкам. Да гэтай плошчы сыходзіліся ўсе знешнія гандлёвыя шляхі. З захаду праходзіла дарога з Ракава і Койданава, з поўдня пралягаў тракт з Лошыцы, на ўсходзе ля моста праз Свіслач сыходзіліся дарогі з Вільні, Полацка, Лагойска, Барысава і Смаленска. У розныя гады плошча называлася Стары рынак і Ніжні базар. У 1928 годзе гандаль на ёй быў спынены і месца аддалі пад аўтастанцыю. У 1931 годзе ў гонар Міжнароднага жаночага дня Нізкі рынак перайменавалі ў плошчу 8 Сакавіка. Пасля пачатку будаўніцтва станцыі метро "Няміга" ў 1984 годзе яна была ліквідаваная, а назва засталася.

Цяпер плануецца аднаўленне на гэтым месцы Мінскага замчышча, у якім абазначыцца і плошча. Таму і прапанавана вярнуць ёй гістарычную назву — Нізкі рынак.

Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складаных частак Мінска таксама вырашыла даць імёны тэрыторыям на ўскраінах сталіцы. Так, мікрараён Паўночны-7 каля пасёлка Навінкі можа стаць Даўгінаўскім. Безыменным вуліцам у мікрараёнах Паўночны-1 і Паўночны-2, якія праектуюцца, прапаноўваецца прысвоіць імёны Івана Хруцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Пятра Сергіевіча, Яна Баршчэўскага, Генадзя Цітовіча, Івана Навуменкі.

Гараджане могуць даслаць ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама свае меркаванні наконт прапанаваных назваў для мікрараёна, плошчы, вуліц. Пісьмы чакаюць на адрас: 220006, г. Мінск, вуліца Маякоўскага, 22, корп. 2.

Андрэй ПЯТРОЎ, "Мінск—Навіны".

, "Мінск—Навіны".


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика