Адзінокім прадстаўляецца інтэрнат
У свой час пры паступленні на працу мяне пасялілі ў інтэрнат. Цяпер я ажаніўся, але жонку да мяне не прапісваюць. Сродкаў на будаўніцтва жылля мы не маем. Дзе тады жыць?
М.Т., г. Брэст.
Прапіска (рэгістрацыя) у гэтым выпадку магчыма пры наяўнасці права на ўсяленне і карыстанне жылым памяшканнем у інтэрнаце. Так, у адпаведнасці з пунктам 34 Палажэння аб інтэрнатах (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня 1999 г. № 1437, у рэдакцыі пастановы ад 14 лютага 2005 г. № 1441), грамадзяне, якія займаюць ізаляваныя жылыя памяшканні, прызначаныя для пражывання сем'яў, маюць права ўсяляць у іх сваіх няпоўнагадовых дзяцей і мужа (жонку), якія не забяспечаны жыллём у гэтым населеным пункце па норме.
У інтэрнатах, прызначаных для пражывання адзінокіх грамадзян, пры неабходнасці з дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць быць выдзелены жылыя памяшканні для пражывання сем'яў. Гэтыя памяшканні павінны размяшчацца на асобных паверхах або ў асобных секцыях.
Калі інтэрнат прызначаны і выкарыстоўваецца толькі для пражывання адзінокіх грамадзян (жылыя памяшканні знаходзяцца ў сумесным карыстанні некалькіх асоб, якія не знаходзяцца ў сямейных адносінах), то ўсяленне мужа (жонкі) асобы, якая пражывае ў такім жылым памяшканні, недапушчальнае. У гэтым выпадку неабходна шукаць іншы шлях вырашэння жыллёвай праблемы. Гэта, у прыватнасці, можа быць перасяленне ў вызначаным парадку ў іншы інтэрнат для пражывання сем'яў. Пры наяўнасці ў інтэрнаце свабодных месцаў і адсутнасці ў арганізацыі, у распараджэнні якой ён знаходзіцца, асоб з патрэбай у жылым памяшканні ў інтэрнаце, такія памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду па сумесным рашэнні адміністрацыі арганізацыі і прафсаюзнага камітэта (пры яго наяўнасці) гэтай арганізацыі могуць выдзяляцца работнікам іншай арганізацыі па яе хадайніцтве на падставе дагавора найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнаце, які заключаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Віктар САВІЦКІ.