А што вашы дзеці робяць у вольны час?

Источник материала:  

Не менш за двух супрацоўнікаў міліцыі замацуюць за навучальнымі ўстановамі краіны падчас правядзення ў іх выпускных вечароў 10-11 чэрвеня.

  Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандра САРАКАВІКА, колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з удзелам няпоўнагадовых, у тым ліку здзейсненых у стане алкагольнага ці наркатычнага ап'янення, а таксама ў групах або тымі, хто ўжо мае судзімасць, павольна зніжаецца. І спрыяе гэтаму адпаведная прафілактычная работа. Скажам, толькі ў гэтым чэрвені на базе часцей падраздзяленняў непасрэдна МУС, а таксама МНС, Міністэрства абароны і дзяржпагранкамітэта ў 150 ваенна-патрыятычных і абаронча-спартыўных лагерах будзе аздараўлівацца звыш 5 тысяч падлеткаў.

Надзеленыя паўнамоцтвамі праводзіць маніторынг устаноў адукацыі, культуры і спорту органы ўнутраных спраў выявілі, што вольны час няпоўнагадовых, у тым ліку тых, што стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах няпоўнагадовых, наладжаны, мякка кажучы, ніяк. У сельскай мясцовасці дамы культуры ў прынцыпе адасобіліся ад падлеткаў, а спартзалы з басейнамі ў якасці сваіх пастаянных наведнікаў разглядаюць толькі дарослых.

Сёлета ўжо выяўлена амаль 5 тысяч фактаў уцягвання няпоўнагадовых у антыграмадскія паводзіны, набыццё для іх алкагольнай прадукцыі. А летась супрацоўнікі органаў унутраных спраў устанавілі 800 гандляроў, якія рэалізавалі алкагольную прадукцыю няпоўнагадовым.

— Фактычна кожны чацвёрты няпоўнагадовы на момант учынення злачынства знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, — кажа Аляксандр Саракавік. — У шэрагу выпадкаў падлеткі не становяцца на шлях выпраўлення ні пры якіх спосабах прафілактычнага ўздзеяння. Сяргей К., які стаяў на ўліку ў Слонімскім РУУС, са студзеня па верасень 2010 года 22 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў стане алкагольнага ап'янення. Яшчэ да наступлення паўналецця малады чалавек набыў алкагольную залежнасць. Неабходнасцю папярэджвання падобных негатыўных наступстваў абумоўлена наша прапанова аб унясенні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб асновах сістэмы прафілактыкі, безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых" накіравання ў лячэбна- або вучэбна-выхаваўчыя ўстановы асоб, якія пакутуюць ад хранічнага алкагалізму, наркаманіі або таксікаманіі і якія ўчынілі на працягу года тры і болей адміністрацыйныя правапарушэнні...

Каля 40 працэнтаў злачынстваў ўчыняюцца падлеткамі ў час з 22.00 да 6.00. Таму генпракуратура сумесна з МУС ініцыявала прыняцце закона аб устанаўленні забароны знаходжання няпоўнагадовых у грамадскіх месцах у начны час. Суправаджаць падлеткаў могуць толькі бацькі або іх законныя прадстаўнікі — апекуны ці папячыцелі, але не старэйшыя сябры і не іншыя старэйшыя сваякі. Пры гэтым да кожнага асобнага выпадку міліцыя будзе падыходзіць індывідуальна, паколькі размова не ідзе аб поўнай забароне наведвання падлеткамі культурна-масавых мерапрыемстваў ці спартыўных секцый у вячэрні час.

— Дзеці і падлеткі не павінны заставацца без нагляду дарослых у любую пару года, і мы пастаянна нагадваем пра гэта, — кажа намеснік начальніка аддзела ўпраўлення прафілактыкі МУС Валерый МЯЛЕШКА. — Дастаткова прыгадаць, як у красавіку ў Уздзенскім раёне бацька пайшоў з нямым 3-гадовым сынам збіраць сок, пасля чаго аб'явіў аб яго прапажы. Мы шукалі малое з верталётамі МНС і ўнутранымі войскамі паўтара сутак і, на шчасце, знайшлі жывым на ўскрайку балота. Аднак як можна было згубіць дзіця?.. Нашы дзеці з-за неахайных дарослых па-ранейшаму зімой гінуць у пажарах, летам — на вадзе, пакуль апошнія выпіваюць на беразе...

Паводле інфармацыі ДАІ, на дарогах сёлета ўжо загінула 14 дзяцей і 171 дзіця атрымала траўмы. Абсалютная большасць такіх здарэнняў мае месца цалкам па віне дарослых вадзіцеляў, астатнія — так ці інакш па віне тых жа бацькоў, якія або недагледзелі, або недавучылі сваё чада элементарным правілам бяспекі. Асабліва калі гэта дзіця — не проста пешаход, а вадзіцель мапеда ці скутара. ДАІ нагадвае, што да 1 жніўня дзейнічае спрошчаны парадак рэгістрацыі мапедаў. Дастаткова толькі звярнуцца ў аўтаінспекцыю з гэтай мэтай, і мапед будзе пастаўлены на ўлік. Кіраваць жа падобнымі сродкамі руху можна, як і атрымліваць правы — толькі з 16 гадоў.

Святлана БАРЫСЕНКА.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика