У цэнтры ўвагі — дысцыпліна
Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у краіне разгорнута шырокамаштабная работа па навядзенні парадку і працоўнай дысцыпліны. У ходзе праверкі дзяржаўных органаў і арганізацый выяўлены шэраг недахопаў і ўпушчэнняў.
Так, у выніку маніторынгу міжведамаснай камісіі выяўлены недахопы ў дзейнасці РУП "Віцебскі завод трактарных запасных частак". Гэта пытанне разгледжана 20 мая на пашыраным пасяджэнні калегіі Міністэрства прамысловасці. Калегіяй прынята рашэнне вызваліць дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Федарэнку ад займаемай пасады.
Загадам Міністра прамысловасці Уладзімір Федарэнка звольнены з 31 мая 2011 г. за грубае парушэнне працоўных абавязкаў кіраўніка арганізацыі, якое выразілася ў незабеспячэнні выканання даведзеных прадпрыемству паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, нізкім узроўні працоўнай, вытворчай і выканальніцкай дысцыпліны, адсутнасці належных умоў працы для работнікаў прадпрыемства, бескантрольнасці за захоўваннем матэрыяльных каштоўнасцяў, упушчэннях у правядзенні выхаваўчай, ідэалагічнай і кадравай работы на прадпрыемстве.
Акрамя таго, пракуратурай Віцебскай вобласці ў дачыненні да Уладзіміра Федарэнкі заведзена крымінальная справа па прыкметах саставу злачынства, прадугледжанага ч. 2 ст. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Устаноўлена, што Федарэнка, займаючы пасаду дырэктара РУП "Віцебскі завод трактарных запасных частак", у перыяд з красавіка 2006 года па красавік 2011 года па папярэдняй змове з іншымі асобамі здзейсніў крадзеж грашовых сродкаў завода, што выплачваліся ў якасці камандзіровачных.
Загадам гендырэктара дзяржаўнага прадпрыемства "Мінсктранс" 31 мая вызвалены ад пасады начальнік КУП "Мінскі метрапалітэн" Мікалай Андрэеў за грубае парушэнне працоўных абавязкаў, што выразілася ў адсутнасці належнага кантролю за забеспячэннем грамадскай бяспекі ў Мінскім метрапалітэне, невыкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта №1 (п. 1, арт. 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Факт бесперашкоднага пранікнення групы маладых людзей ноччу на станцыю метро "Маскоўская" стаў дастаяннем грамадскасці і абмяркоўваўся ўчора на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб ходзе расследавання абставінаў выбуху ў мінскім метро.