Аўтамабільны ажыятаж "вымыў" з валютнага рынку Беларусі амаль $1 млрд
Сярод фактараў, якія прывялі да існуючай на валютным рынку сітуацыі, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі доктар тэхнічных навук прафесар Аляксандр Іваноўскі ў эфіры тэлеканала СТБ выдзеліў аўтамабільны ажыятаж і паніку сярод насельніцтва, паведамляе БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Іваноўскага, аўтамабільны ажыятаж "вымыў" з валютнага рынку амаль $1 млрд, столькі ж — паніка сярод насельніцтва. "З 1 студзеня краіна знаходзілася пад уздзеяннем адразу па трох напрамках: масіраваным уздзеяннем на грамадства, эканоміку і палітычную сістэму", — сказаў ён. Як адзначыў эксперт, Беларусь засталася фактычна адзінай рэспублікай, у якой не прыватызавана значная колькасць дзяржаўнай уласнасці, такіх "тлустых" кавалкаў у Еўропе больш нідзе не засталося. "Таму націск праводзіцца з мэтай выключыць з нашага абароту гэтыя рэсурсы", — лічыць ён. Закранаючы тэмы даступнасці бензіну, прафесар сказаў, што ажыятаж на беларускіх запраўках пачаўся з таго, што паліва знікла на расійскіх АЗС, якія працуюць у рэспубліцы. "У Беларусі доступ да бензіну ёсць і будзе", — падкрэсліў Аляксандр Іваноўскі.