РОЗГАЛАС

Источник материала:  
З 1 чэрвеня стаўка рэфінансавання — 16 працэнтаў гадавых

— Адпаведная пастанова прынятая ўчора, 30 мая, Праўленнем Нацыянальнага банка з улікам росту спажывецкіх цэн і высокіх інфляцыйных чаканняў, якія працягваюцца, — паведаміў нам намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі НБ Беларусі Міхаіл Журавовіч.

Стаўка рэфінансавання павышаецца адразу на 2 пункты, і чарговае яе змяненне (адпаведна — і павышэнне працэнтнай стаўкі па дэпазітах) накіравана на павелічэнне даходнасці па ўкладах і ўзмацненне абароны рублёвых зберажэнняў у банках ад інфляцыі. Нацыянальны банк будзе і надалей удзяляць пільную ўвагу захаванасці і прывабнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацый у банках.

Кар. "Звязды".

Гандлёвыя надбаўкi знiзiлiся ў Мiнску на 43 групы тавараў

Гандлёвыя надбаўкi за выхадныя днi знiзiлiся ў Мiнску на 43 групы тавараў у сярэднiм на 5-20 працэнтаў. Аб гэтым паведамiў БЕЛТА намеснiк старшынi Мiнгарвыканкама Уладзiмiр Калтовiч.

"28 мая ў сталiцы праведзена маштабная работа з прадпрыемствамi гандлю па знiжэнні гандлёвых надбавак на тавары iмпартнай i айчыннай вытворчасцi, з найбольш высокiм узроўнем росту адпускных цэн пастаўшчыкамi. За два днi гандлёвыя надбаўкi знiжаны на 43 групы тавараў у сярэднiм на 5-20 працэнтаў", — сказаў Уладзiмiр Калтовiч. Так, на крупы ў асартыменце знiжэнне гандлёвых надбавак склала да 10 працэнтаў, селядзец — да 12 працэнтаў, каву, чай, iмпартныя фрукты — да 15 працэнтаў.

Ваўчыца ледзь не сарвала апошні званок

І, напэўна, усё ж зрабіла яго незабыўным для выпускнікоў школы ў вёсцы Сакалоўка Чэрыкаўскага раёна. Яны яшчэ доўгія гады будуць узгадваць выпадак, які пазбавіў іх урачыстай лінейкі на свежым паветры.

Раніцай у панядзелак 30 мая ў вёску забегла ваўчыца, як меркавалася — хворая на шаленства. Таму школьнікаў у клопаце пра іх здароўе і бяспеку эвакуявалі са школьнага двара ў спартыўную залу, дзе і прайшоў паспяхова апошні званок. Між тым сяляне выклікалі з лясной гаспадаркі егераў, якія забілі хворую жывёлу.

Алена Казлова.

Град нарабіў бяды

У другой палове дня ў нядзелю прайшла навальніца з градам у Ганцавіцкім раёне. Памер градзін дасягаў некалькіх сантыметраў. Ад стыхіі асабліва пацярпелі вёскі Агарэвічы, Кукава, Хатынічы. Град знішчыў пасевы, дзе-нідзе пашкодзіў дамы і гаспадарчыя пабудовы. Паводле інфармацыі Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, спецыяльная камісія прыступіла да ацэнкі ўрону, нанесенага стыхіяй.

Яна СВЕТАВА.

Студэнты будуць варыць піва

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання будзе супрацоўнічаць з кампаніяй Heіneken у Беларусі для падрыхтоўкі півавараў.

Універсітэт у Магілёве — адзіная ВНУ ў краіне, дзе рыхтуюць спецыялістаў у справе вытворчасці піва. Сумесны праект з Heіneken дазволіць студэнтам праходзіць практыку на заводах, а кампаніі ў будучыні выгадна прыняць на працу добра адукаваных маладых спецыялістаў. Ва ўніверсітэце спадзяюцца, што студэнты таксама здолеюць рабіць і навукова-даследчыя працы, ствараць новыя рэцэпты піва.

Алена Казлова.

Не размінуліся

У нядзелю надвячоркам на трасе Кобрын—Гомель у выніку сутыкнення дзвюх машын загінулі два чалавекі, двое атрымалі траўмы. Недалёка ад вёскі Залессе, што пад Кобрынам, лоб у лоб сутыкнуліся БМВ і "Аўдзі-80". За рулём БМВ быў 25-гадовы хлопец з Драгічынскага раёна. Паводле папярэдняй версіі, ён выехаў на сустрэчную паласу, каб абагнаць машыну, але не разлічыў манеўр і ўрэзаўся ў сустрэчны аўтамабіль. Вадзіцель БМВ і яго пасажыр-равеснік загінулі. Вадзіцель "Аўдзі" і яго пасажыр дастаўленыя ў бальніцу.

Без сораму і сумлення

У Баранавічах асуджаны вандал, які абакраў магілы лётчыкаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча.

Варта нагадаць, што лётчыкі 61-й знішчальнай авіябазы разбіліся на авіяшоу ў польскім горадзе Радаме. Фактычна цаной жыцця яны адвялі палаючы самалёт ад населенага пункта і гледачоў свята.

Яшчэ ў студзені з іх магіл, а таксама іншых пахаванняў на русіноўскіх могілках зніклі дэкаратыўныя элементы помнікаў. Урон быў ацэнены ў 5 мільёнаў рублёў.

Праз некалькі дзён міліцыя выйшла на след выкрадальніка, а потым затрымалі 22-гадовага жыхара горада, які краў на могілках элементы каляровых металаў і нёс у скупку. Злачынцу прызначылі тры гады абмежавання волі, акрамя таго, ён павінен кампенсаваць урон.

Яна СВЕТАВА.

Стала цёпла — і...

З надыходам цяпла вада пачынае забіраць ахвяр.

У Кобрынскім раёне ўтапіўся работнік ДЮСШ в. Верхалессе. Мужчына вырашыў пакупацца ў вадаёме. А ў Жабінкаўскім, каля в. Чыжэўшчына, пайшоў на дно меліярацыйнага канала 30-гадовы мясцовы жыхар. 10-гадовая вучаніца з в. Любачын (Лунінецкі раён) надумала перайсці р. Смердзь і ўтапілася.

Схапілі за руку

Дваіх жыхароў Кобрына міліцыя схапіла за руку на месцы злачынства. Іх затрымалі ноччу каля в. Рагозіна. У аўтамашыне, на якой прыехалі зладзеі, быў знойдзены кабель, пальчаткі ды кусачкі. Як было ўстаноўлена, затрыманыя зразалі кабель з вышак сотавай сувязі. З трох вышак "манцёры" знялі 130 м кабелю. Заведзена крымінальная справа.

Сымон Свістуновіч.

Ад гульні да шоку

Работнікі МНС аказалі дапамогу васьмігадоваму хлопчыку, які разам з сябрам забраўся на дах жылога дома па вуліцы Кабяка ў Гродне.

Архітэктурная адметнасць гэтага будынка ў тым, што ён шматузроўневы. Паглядзеўшы з вышыні птушынага палёту, а дакладней, з даху дванаццатага паверха на горад, дзеці перабраліся па знадворнай лесвіцы на дах дзявятага паверха. Прахожыя ўбачылі іх і забілі трывогу. Адзін з "верхалазаў" спусціўся ўніз, а другі спужаўся, і на зямлю яго даставіў супрацоўнік МНС. Хлопчыка, які быў у шокавым стане, перадалі ў рукі медыкам і, зразумела, на месца здарэння выклікалі маму, паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←В Гомеле презентовали книгу «Бывшие узники и волонтеры: диалог во имя Памяти»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика