Ландышы як тэст на сумленне
Ёсць народная прыкмета: як толькі на сталічных вуліцах з'яўляюцца гандляры з букецікамі ландышаў — праз дзень-другі ў школах апошні званок. Сапраўды, учора па дарозе на працу зрабіў гэты фотаздымак, а сёння школы развітваюцца з 11-класнікамі...
Эх, ландышы, пахкія кветкі вясны! Незайдросны ваш лёс. Толькі за тое, што квітнееце ў гэты час, наканавана вам быць сімвалам развітання! Значыць — быць сарванымі і прададзенымі. Ці проста падараванымі. Хто ведае, каб не гэты збег абставінаў, каб не чароўная прыгажосць вашых бялюткіх званочкаў і непаўторны водар, ці трапілі б вы ў Чырвоную кнігу, ці атрымалі б статус ахоўнага віду?! Але ці ахоўваецца лес у гэтыя дні ад нашэсця паляўнічых за цудам прыроды? Наўрад ці. Пад кожны куст вартавога не пасадзіш. І міліцыянера на кожны рог не паставіш. Ці караюць гандляроў забароненым таварам? Ніколі не бачыў.
Бабулька на скрыжаванні з букецікам пахкіх ландышаў напэўна ведае, што гэтую кветку нельга чапаць. І тыя, што купляюць, таксама дасведчаныя. Бо пра гэта шмат і пішацца, і гаворыцца. Беднасць і малая пенсія тут ні прычым. Што зробіш з намі, калі хочацца, каб нешта нагадвала нам шчаслівыя дні развітання з дзяцінствам. А яно, гэтае нешта, якраз у руках бабулькі-гандляркі, і зусім нядорага.
З ментальнасцю змагацца бессэнсоўна. А яна ў нас яшчэ пакуль на ўзроўні простых спажыўцоў: а бы мне добра было, астатняе не хвалюе.
Неяк чуў, што ў англічан бытуе няпісаны закон: калі ты прыйшоў у лес, то ён павінен стаць чысцей і прыгажэй. Кветкі ў руках бабулькі нагадалі мне паляну майскага лесу, па якой нельга было хадзіць — раптам ступіш на пяшчотныя кветкі з белымі званочкамі. Імі, нібы дываном, выслана паляна. Напаткаўшы сапраўдную казку і прыхмялеўшы ад убачанага, тым не менш падумаў: як добра, што людзі сюды яшчэ не дайшлі.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.