Зброя і інавацыі
Амаль 150 арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і Арменіі прымаюць удзел у працы 6-й Міжнароднай выстаўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі "MІLЕХ-2011". Адна з найбольш цікавых экспазіцый — калектыўная экспазіцыя дзяржаў-членаў АДКБ.
— "MІLЕХ" сёння — адна з самых значных выстаў Беларусі, — зазначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Сяргей Румас. — За кароткі 10-гадовы тэрмін выстаўка набыла статус сур'ёзнага міжнароднага форуму. "MІLЕХ" — таксама і важны маркетынгавы інструмент, які спрыяе станаўленню і развіццю дзелавых адносін. Выстаўка прызначаная наглядна прадэманстраваць інтэлектуальны і прамысловы патэнцыял эканомікі Беларусі, яна стала пляцоўкай, на якой праходзяць апрабацыю самыя смелыя і перспектыўныя праекты.
— Развіццё абаронна-прамысловага комплексу — гэта гарантыя бяспекі дзяржаў, якія ўпэўнена стаяць на пазіцыі кансалідацыі намаганняў па стварэнні сістэмы агульнай бяспекі, — дадаў генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа.
Летась выстаўку наведала больш за 29 тысяч чалавек, і згодна з сёлетнімі прагнозамі, паказчыкі будуць не горшымі.
— Выстава цікавая, узровень вельмі высокі і сучасны, — прызнаўся "Звяздзе" аташэ па пытаннях абароны Пасольства ФРГ падпалкоўнік Нільс Янэке. — Цяжка параўноўваць нашы арміі і ваенную сілу, бо ў нас выкарыстоўваецца іншая вайсковая сістэма. Але асабліва цікава было ацаніць узоры беларускай паветранай абароны, з якімі я азнаёміўся.
Сярод ганаровых экспанентаў на выстаўцы прадстаўлена і прадпрыемства "Казспецэкспарт" міністэрства абароны Рэспублікі Казахстан.
— Мы з'яўляемся асноўным пастаўшчыком ўзбраення і ваеннай тэхнікі для патрэбаў узброеных сіл Казахстана, — распавяла "Звяздзе" начальнік аддзела дакументальнага забеспячэння Шалпан Рысмендзіева. — Мы вельмі рады запрашэнню Беларусі і лічым, што "MІLЕХ" — цудоўная
рэкламная пляцоўка для нас.
— На сёння ў Беларусі ў нас зарэгістравана сумеснае беларуска-расійскае прадпрыемства "РТС", якое спецыялізуецца на сістэме перадачы маўлення на пэўных частотах, — расказала "Звяздзе" намеснік начальніка аддзела маркетынгу Расійскага інстытута знешняга радыёбудаўніцтва Ганна Анкудзінкава. — У нас створана новае абсталяванне радыёсувязі і вяшчання на пэўных частотах і хвалях — расійскія распрацоўкі сумеснай зборкі, якія выкарыстоўваюцца сёння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Сваю працу ў Беларусі мы пачыналі пяць гадоў таму. Водгукі ад супрацоўніцтва з Беларуссю толькі станоўчыя. — Мы прадстаўляем беларускае оптыка-механічнае аб'яднанне (БелОМА), — дадае намеснік начальніка аддзела збыту БелОМА Сяргей Верлуп. — Наша аб'яднанне — лідар у вытворчасці баявой оптыкі, якая прымяняецца ў многіх сферах (бранятанкавая тэхніка, стралковае ўзбраенне і інш.). У асноўным робім прадукцыю на экспарт. Тут мы прэзентуем новыя ўзоры сваёй прадукцыі — прыцэлы, прыборы назірання.Сваімі распрацоўкамі парадаваў на выстаўцы і Інстытут машынабудавання НАНБ. Сярод прадстаўленых навінак — праграмна-кіруемыя прывадныя сістэмы, новыя звышцвёрдыя матэрыялы...
Адным з ноу-хау інстытута стаў распрацаваны сумесна з ААТ "МАЗ" шматзвеннявы магістральны аўтацягнік павялічанай даўжыні і грузапад'ёмнасці. Аўтацягнік прызначаны для хуткасных перавозак вялікіх аб'ёмаў грузаў на далёкія і звышдалёкія адлегласці па міжгародных, міжнародных і транскантынентальных трасах. Адным з асноўных транскантынентальных маршрутаў такога цягніка, паводле слоў спецыялістаў Інстытута, можна лічыць напрамак Брэст—Масква—Уладзівасток—Пекін.
— Выстаўка шостая па ліку, але, нягледзячы на гэта, яна зарэкамендавала сябе як перспектыўная, — заявіў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Сяргей Гурулёў. — Найперш пра гэта гаворыць колькасць удзельнікаў — сёлета іх значна больш. Усё сведчыць аб тым, што ваенна-прамыслова комплекс Беларусі мае перспектывы на будучыню. Найперш — гэта пляцоўка зносін, пляцоўка новых поглядаў на сістэму ўзбраення.
Выстаўка "MІLЕХ-2011" размешчана ў выставачным павільёне НВК "Белэкспа" па адрасе: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 14. Сваю працу выстаўка працягне да 27 мая ўключна.
Ілья ЛАПАТО. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.