Пра дасягненні і пра парушэнні...

Источник материала:  

Дзяржкантроль Мінскай вобласці падвёў вынікі комплекснай праверкі Пухавіцкага раёна. Кантралёры сведчаць пра істотныя парушэнні, кіраўніцтва нагадвае пра значныя дасягненні...

Яшчэ да пачатку выязной калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці, якая з удзелам службовых асоб Мінскага аблвыканкама і Пухавіцкага райвыканкама адбылася ў Мар'інай Горцы, старшыня Пухавіцкага райвыканкама Фёдар КАРАЛЕНЯ заўважыў журналістам, што разам з недахопамі, якія цалкам справядліва вызначылі кантралёры, раён мае станоўчую дынаміку развіцця.

— За 5 апошніх гадоў мы амаль у восем разоў павялічылі аб'ём інвестыцый, асвоена 1,6 трл рублёў, — удакладніў кіраўнік раёна. — Стварылі ў тры разы больш малых прадпрыемстваў. Усяго за 2008—2010 гады створана каля 350 малых прадпрыемстваў, больш за 2 тысячы новых працоўных месцаў. Аб'ём экспарту павялічаны больш чым у тры разы. А павелічэнне аб'ёму імпарту абумоўленае будаўніцтвам новых заводаў, гэта значыць, што дадзены імпарт з'яўляецца інвестыцыйным. Даходная частка бюджэту раёна за кошт суб'ектаў малога прадпрымальніцтва забяспечана летась на ўзроўні 35 працэнтаў. Бюджэт у 2006 годзе быў 54 млрд рублёў, сёння — 146 млрд — паднялі амаль у тры разы. Беспрацоўе было 1,68 працэнта, сёння — 0,8 працэнта... Гэта сведчыць, што раён развіваецца. У 2010 годзе Мар'іна Горка заняла прызавое месца на рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні. Разам з тым, ёсць адмоўныя моманты і ёсць асобныя кіраўнікі, якія не спраўляюцца са сваімі задачамі. Будзем працаваць і наводзіць парадак.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Уладзіслаў ЦЫДЗІК пагадзіўся, што ў прамысловасці раёна ёсць істотныя зрухі да лепшага. Разам з тым, праблемы ў аграрным сектары відавочныя. За мінулы год шэраг сацыяльных прагнозных паказчыкаў па сельскай гаспадарцы не быў выкананы, а гэта — недалічаныя краінай грошы. У сённяшняй эканамічнай сітуацыі цэны на харчаванне маюць галоўнае значэнне, падкрэсліў кіраўнік кантрольнага ведамства вобласці. Апошнія гады на Пухаўшчыне скарачаюцца аб'ёмы вытворчасці малака, працэнт яго таварнасці ўвесь час невысокі, у мясной вытворчасці — недаравальна малыя прывагі і падзеж. Не рэгулюецца закуп малака і маладняка КРЖ у насельніцтва. Недахопы ў раслінаводстве таксама навідавоку: не вытрымліваецца севазварот, многія палі дрэнна апрацаваны, маюцца выпадкі зарастання прысядзібных участкаў хмызняком.

— Усё гэта сведчыць пра тое, што некаторыя адказныя асобы нядобрасумленна выконваюць свае абавязкі, — заўважыў Уладзіслаў Цыдзік. — І гэта тычыцца не толькі сельскай гаспадаркі. У будаўніцтве завышаюцца выдаткі, рамонт бальніцы праведзены няякасна, па некаторых дарогах немагчыма праехаць, у сельскіх крамах прадаюцца пратэрмінаваныя прадукты. У фінансавай сферы беспадстаўна дараваліся пазыкі, долі дзяржавы ва ўласнасці нядобрасумленных пазычальнікаў пры гэтым павялічваліся не адразу. З 44 тысяч працаздольнага насельніцтва ў эканоміцы раёна ўдзельнічаюць толькі 27 тысяч — гэта значыць, што аптымальныя ўмовы для працаўладкавання, адкрыцця ўласнага бізнэсу створаны далёка не ўсюды.

У раёне недастатковая ўвага надаецца пытанням экспарту. За 2009 год імпарт перавысіў экспарт на 19 млн долараў, а летась ужо на 35 млн.

Асаблівую крытыку выклікала сацыяльная сфера. Напрыклад, у пасёлку Праўдзінскі ўзровень беспрацоўя перавышае сярэдні па вобласці. За 13 гадоў у раёне было створана толькі 14 жыллёва-будаўнічых кааператываў, пры гэтым летась — ніводнага.

Пры гэтым і ва ўліку тых, хто мае патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і ў выдачы зямельных участкаў пад будаўніцтва жылля кантралёры знайшлі парушэнні.

У Пухавіцкім раёне не хапае ўрачоў, месцаў у лякарнях, а дзіцячымі садкамі забяспечаны не ўсе дашкольнікі.

— Не наладжаны кантроль за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем сродкаў выканкама і пас-, сельвыканкамаў, — рэзюмаваў вынікі праверкі начальнік упраўлення кантролю органаў выканаўчай улады і каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Віктар ТРУШЫН. — У парушэнне заканадаўства ў даходы бюджэтаў не налічвалася ў поўным памеры арэндная плата ад здачы дзяржмаёмасці, добраахвотныя ўзносы, дабрачынная дапамога, даходы ад здачы металалому і іншага. Выкарыстанне пазабюджэтных рахункаў органамі ўлады Пухавіцкага раёна мела сістэмны характар. Усяго за 2008—2010 гады і студзень 2011 года на пазабюджэтныя рахункі мясцовых органаў улады (г.зн міма асноўнага бюджэту) паступіла каля 650 млн рублёў, якія не адлюстроўваліся ў даходнай частцы бюджэту раёна. Напрыклад, пазабюджэтныя даходы ад аказання платных паслуг насельніцтву аддзелам ЗАГС на суму больш за 13 млн не залічваліся ў бюджэт раёна і не планаваліся. Аналагічныя парушэнні ўстаноўлены ва ўсіх сельвыканкамах.

На калегіі разглядаліся іншыя факты парушэння выкарыстання бюджэтных сродкаў, парушэння зямельнага, прыродаахоўнага, падатковага, фінансавага заканадаўства, тэхнікі бяспекі на працы, а таксама невыкананне шэрагу дырэктыў кіраўніцтва краіны. Па выніках комплекснай праверкі прыцягнута да адказнасці каля 100 чалавек і 3 суб'екты гаспадарання. У бюджэт дадаткова налічана падаткаў і іншых плацяжоў больш за 750 млн рублёў. Аднак галоўным вынікам праверкі, як падкрэсліў Уладзіслаў Цыдзік, павінна стаць праграма па ліквідацыі ўсіх парушэнняў і стварэнні ўмоў, пры якіх такія парушэнні будуць немагчымыя.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Зачем белорусы скупают курятину?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика