Ордэр на кватэру і аўтобус пасля змены
На Брэсцкім панчошным камбінаце правёў прыём па асабістых пытаннях Дзяржсакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Леанід МАЛЬЦАЎ
Працаўніца камбіната Святлана Максімук прыйшла з самай для яе важнай праблемай. Святлана Аляксееўна жыве ў двухпавярховым доме, тэрмін службы якога даўно скончыўся. Аджыўшае свой век жыллё ўключана ў гарадскія праграмы па замене яго на новае. Але намеры, абяцанні цягнуліся доўгія гады, а людзі заставаліся ў сваіх старых кватэрах, якія, па сутнасці, непрыгодныя для пражывання. Святлана Максімук хадзіла на прыёмы да гарадскога, абласнога кіраўніцтва, атрымлівала адказы ад мясцовай улады на свае запыты. Сутнасць адказаў у асноўным зводзілася да таго, што будзе праведзены аўкцыён па продажы зямельнага ўчастка, на якім стаіць стары дом, і новы ўласнік перад тым, як узводзіць новы будынак, забяспечыць кватэрамі былых жыльцоў. Апошні ліст, які атрымала жанчына з гарвыканкама, змяшчаў паведамленне, што прызначаны на канкрэтны дзень аўкцыён не адбыўся, бо не знайшлося ахвотных у ім удзельнічаць. Як сказала сама заяўніца, у яе з'явіліся апасенні, што пытанне ніколі не будзе вырашана. Таму і запісалася на прыём.
Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў, які вывучаў праблемы загадзя запісаных, паведаміў Святлане Максімук, што рашэннем гарвыканкама яе сям'і выдзелена двухпакаёвая кватэра ў Паўночным мікрараёне, таксама назваў вуліцу, дом і нумар кватэры. Дом здаецца літаральна праз месяц-другі. Пакуль жанчына ўсведамляла пачутае (ад радасці яна ледзь спраўлялася з эмоцыямі), мэр дадаў вельмі важную інфармацыю. За метры, якія крыху перавышаюць плошчу былой кватэры, даплачваць гаспадыні не давядзецца, жыллё выдзяляецца ва ўласнасць без усялякіх трат на прыватызацыю. І ўжо праз некалькі дзён яна зможа забраць ордэр у адпаведным аддзеле гарвыканкама.
Было відаць, што для працаўніцы камбіната гэта навіна стала нечаканай. Яна выглядала шчаслівай і разгубленай, нібы героі перадачы "Чакай мяне", калі ім раптам прад'яўляюць даўно чаканага роднага ці блізкага чалавека. Быў задаволены такім паваротам у справе і Дзяржсакратар, што вёў прыём. Сапраўды, меў месца вельмі рэдкі выпадак на падобных мерапрыемствах.
Другая працаўніца камбіната ўзняла праблему, актуальную не толькі для сябе, але і многіх сваіх таварышаў па працы. Вера Мікалаеўна жыве ў мікрараёне Рэчыца. Гэты мікрараён аддалены і ад цэнтра, і ад вуліцы Янкі Купалы, на якой знаходзіцца панчошны камбінат. І калі ў 23.00 вячэрняя змена заканчваецца, то людзям вельмі складана дабрацца дадому. Мэр тым часам маляваў схемы руху гарадскіх аўтобусаў, паказваў як можна дабрацца з перасадкай: спачатку 4-м тралейбусам, потым 9-м аўтобусам. Але ж добра пра тое разважаць у кабінеце, калі за акном плюс 25. "А зімой, у мароз, — гаворыць жанчына, — на прыпынку МОПРа той дзявяты аўтобус даводзіцца чакаць па 45 мінут, у адпаведнасці з графікам, ён ідзе ў 23.55". У яе ёсць свае прапановы аб тым, як прадоўжыць маршруты аўтобусаў №37 і 19 і тым самым аблегчыць жыццё жыхароў мікрараёна Рэчыца. Старшыня гарвыканкама мае свой погляд на праблему. Хутка ў Брэсце мае распачацца ўзвядзенне заходняга абходу вакол абласнога цэнтра. Новыя дарога і мост здымуць шмат транспартных праблем, у тым ліку затораў. А пакуль трэба пацярпець. Пару гадоў.
І ўсё ж Леанід Мальцаў настаяў на тым, каб графікі руху аўтобусаў і іх маршруты былі ўдакладнены, толькі з адной мэтай — каб людзям лягчэй было дабірацца з працы. Бо, пакуль паявіцца той заходні абход, некаторыя з працаўнікоў пойдуць на пенсію, а ездзіць ім трэба цяпер, і кожны дзень.
На прыём да Дзяржсакратара Савета бяспекі прыйшло восем чалавек. І шасцёра з іх шукалі парады і падтрымкі па жыллёвых пытаннях. Некаторыя атрымалі адказы адразу, як самая першая наведніца. Астатнім дашлюць лісты пасля падрабязнага вывучэння ўзнятых праблем.
Святлана ЯСКЕВІЧ.