Адпраўляць у войска цяпер будуць у іншы час

Источник материала:  

Міністэрства абароны расказала пра асаблівасці прызыву сёлетняга года

Пачынаючы з мая 2011 года, змяняюцца тэрміны прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл, палкоўнік Сяргей Купрык.

Прызываць юнакоў у войска цяпер будуць не ў кастрычніку-студзені, а ў лютым-маі. А замест прызыву ў красавіку-ліпені будзе прызыў у жніўні-лістападзе. Навучальны год ва Узброеных Сілах цяпер будзе пачынацца 1 снежня і заканчвацца 31 кастрычніка (раней з 1 лютага па 20 лістапада).

— Я ўпэўнены, што новаўвядзенні прынясуць карысць як Узброеным Сілам, так і маладым людзям, якіх чакае служба ў арміі, — падкрэсліў палкоўнік Сяргей Купрык. —  Змяненне тэрмінаў навучальнага года і прызыву дазволіць павысіць эфектыўнасць баявой падрыхтоўкі і больш эфектыўна выкарыстаць вучэбна-матэрыяльную базу, у тым ліку і для навучання войскаў у вядзенні баявых дзеянняў ва ўмовах зімы. Зіма ў нас дастаткова сур'ёзная, таму рыхтавацца да выкананняў задач у зімовы перыяд варта з асаблівай увагай. Раней, калі прызыў пачынаўся ў студзені, зрабіць гэта было вельмі няпроста.

Гэтым летам у войска плануюць забраць толькі тры тысячы юнакоў — летні прызыў будзе прызначаны для камплектавання ўнутраных войскаў МУС, органаў памежнай службы, дзяржаўнай бяспекі і асобных падраздзяленняў Узброеных Сіл.

Як патлумачылі ў Міністэрстве абароны, такая прамежкавая адпраўка (май-ліпень) будзе толькі сёлета, на час, пакуль не завершыцца пераход на новыя тэрміны. Чарговы ж маштабны прызыў юнакоў пройдзе ў лістападзе 2011 года — у гэты перыяд ў злучэнні і часці беларускай арміі плануюць прызваць каля 10 тысяч чалавек.

Што дадуць змяненні ў тэрмінах прызыву?

1. Прызыў у войска больш не будзе супадаць з тэрмінамі паступлення ў ВНУ і ССНУ. Гэта дасць магчымасць ваеннаабавязаным больш часу прысвяціць здачы выпускных экзаменаў і падрыхтоўцы да паступлення ва ўстановы адукацыі.

2. Выпускнікі ВНУ і ССНУ (чэрвень-ліпень) перад прызывам у армію змогуць працаўладкавацца і атрымаць вопыт працы, што забяспечыць ім гарантаваную працу пасля звальнення з шэрагаў Узброеных Сіл. Прызыў больш не будзе адцягваць выпускнікоў ад здачы дзяржіспытаў і абароны дыпломных работ.

3. Пасля звальнення з ваеннай службы юнакі будуць паспяваць паступіць ва ўстановы адукацыі непасрэдна пасля звальнення (май), а таксама ў лістападзе — ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Служыць менш беларускія салдаты не стануць

Павелічэнне тэрмінаў ваеннай службы, паводле Міністэрства абароны, не планавалася і не плануецца. Тое ж — і з памяншэннем тэрміна службы.

— Што датычыць скарачэння тэрмінаў службы на адзін год, то сёння такое пытанне не разглядаецца, — заявіў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў, — Сапраўды, пытанне разглядалася, гэтаксама як і мэтазгоднасць службы беларусаў у войсках блізкага і дальняга замежжа. Але ў выніку мы прыйшлі да высновы, што найбольш аптымальны тэрмін службы — гэта 1,5 года. За гэты час, як паказала практыка, ваеннаслужачы здольны не толькі чамусьці навучыцца, але і мае магчымасць удасканаліць свае навыкі падчас баявой падрыхтоўкі.

Ілья ЛАПАТО.

←Зачем белорусы скупают курятину?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика