Суд вынес прыгавор экс-кандыдатам у прэзiдэнты У. Някляеву i В. Рымашэўскаму
Суд вынес учора прыгавор па справе былых кандыдатаў на прэзiдэнцкую пасаду Уладзiмiра Някляева i Вiталя Рымашэўскага, перадае карэспандэнт БЕЛТА з залы суда Фрунзенскага раёна Мiнска.
Усе фiгуранты пакуль застануцца на волi. Уладзiмiра Някляева прыгаварылi да двух гадоў пазбаўлення волi з адтэрмiноўкай выканання пакарання на два гады, а Вiталя Рымашэўскага — да двух гадоў пазбаўлення волi ўмоўна з выпрабавальным тэрмiнам на два гады. Экс-кiраўнiку выбарчага штаба Някляева Андрэю Дзмiтрыеву назначана два гады пазбаўлення волi ўмоўна з выпрабавальным тэрмiнам на два гады.
Аляксандр Фядута i Сяргей Вазняк (давераныя асобы Някляева ў ходзе прэзiдэнцкай кампанii 2010 года) атрымалi па два гады пазбаўлення волi ўмоўна з выпрабавальным тэрмiнам на два гады.
Акрамя таго, Настасся Палажанка (у ходзе выбарчай кампанii — давераная асоба Рымашэўскага) прыгаворана да аднаго года пазбаўлення волi ўмоўна з выпрабавальным тэрмiнам на адзiн год.
Усе яны прызнаны вiнаватымi па ч. 1 арт. 342 "Арганiзацыя i падрыхтоўка дзеянняў, якiя груба парушаюць грамадскi парадак, або актыўны ўдзел у iх" КК Беларусi. Сяргей Вазняк быў таксама апраўданы па ч. 1 арт. 401 "Заведама лжывае паказанне" КК.
Нагадаем, гэты судовы працэс пачаўся 5 мая i праходзiў у адкрытым фармаце. Учора на аб'яўленнi прыгавора прысутнiчалi прадстаўнiкi дыпмiсiй, СМІ, а таксама наглядальнiкi БДIПЧ АБСЕ, запрошаныя беларускiм бокам.