Вяроўка

Источник материала:  

Вяроўка — рэч, якая вельмі часта выкарыстоўваецца для таго, каб штосьці прывязаць і г.д. У той жа час пазней, з развіццём тэхнікі яе вырабу — віцця і пляцення, вяроўка набыла рытуальныя функцыі.

l Вяроўку ніколі не перадавалі з рук у рукі і не бралі "голымі" рукамі. Неабходна было сказаць, дзе ляжыць ці вісіць вяроўка, або пакласці яе на зямлю, каб той, каму яна была патрэбна, узяў яе сам.

l Каб жывёла, якую куплялі, прыжылася ў гаспадарцы, а таксама, каб "прывесці" ў сваю гаспадарку поспех і дабрабыт, пакупнік імкнуўся атрымаць тую вяроўку, на якой прывялі жывёлу на продаж.

l Сярод усходніх славян было прынята плаціць пакупніку за вяроўку ці купляць новую, але сваю вяроўку абавязкова забіраць дадому.

l Каб вырашыць гэтую бясконцую спрэчку, паўднёвыя славяне тую вяроўку, на якой вялі жывёлу, рэзалі на дзве часткі: адну пакідалі сабе, другую аддавалі пакупніку.

l Вяроўка заўсёды сімвалізавала сувязь, сямейны саюз. Калі юнак жадаў ажаніцца, яму неабходна было ўзяць у руку вяроўку і пайсці з ёй 6 студзеня ў храм. У час набажэнства ён павінен быў вымаўляць імя той дзяўчыны, з якой жадаў ажаніцца. Лічылася, што тады яго жаданне абавязкова спраўдзіцца.

l Лічылася, што менавіта вяроўкай ведзьмакі адбіраюць у кароў малако, вяроўкай збіралі расу, каб прынесці шкоду чалавеку і хатняй жывёле.

l У той жа час менавіта вяроўкай перавязвалі жаніха і нявесту перад вянчаннем, абвязвалі ложак парадзіхі і г.д. Часцей за ўсё вяроўка (нітка, пояс) былі чырвонага колеру.

l На Раство вяроўкай звязвалі ножкі стала, каб летам хатняя жывёла вярталася дадому і не згубілася ў лесе.

l У крузе, складзеным з вяроўкі, кармілі кур у Сачэльнік і ў дзень святога Ігнація, каб куры не хадзілі па чужых падворках.

l На Масленіцу вяроўкай перавязвалі пладовыя дрэвы.

l Вяроўку часта выкарыстоўвалі ў народнай магіі, часцей за ўсё на ёй завязвалі вузельчыкі і "адсылалі" на іх чужыя хваробы. "Замоўленую" вяроўку неслі ў лясны гушчар ці спальвалі на скрыжаванні дарог.

l Асабліва гаючай лічылася вяроўка ад званоў. Яе часта выкарыстоўвалі як лекавы сродак.

l На Беларусі тых, хто парушаў Боскія запаветы, білі вяроўкай ад званоў.

l На працэс вырабу вяровак накладвалася шмат забарон. Напрыклад, нельга віць вяроўкі ў святочныя дні (асабліва на Каляды), а таксама цяжарнай жанчыне — каб дзіця пры родах не было апавіта пупавінай.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Рубинов снова стал председателем комиссии по контролю за вступительной кампанией

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика