Конкурс пакуль нават не абвешчаны. Часовыя перавозчыкі — дзяржаўныя

Источник материала:  

"За невыкананне патрабаванняў прыпынена дзеянне ліцэнзіі. Плануецца правесці конкурс на вызначэнне новага перавозчыка". Пад такім загалоўкам у "Звяздзе" ад 9 красавіка была змешчана публікацыя пра ТАА "Інфаст" (на той момант перавозчыка па маршруце Мінск — Смілавічы), якое такім чынам было пакарана за невыкананне патрабаванняў Транспартнай інспекцыі Мінтранса (больш падрабязна пра тое — у газеце ад 15 лютага). Як патлумачылі ў міністэрстве, фактычна гэтае рашэнне азначае страту вышэйназванага маршруту, паколькі на ім вядуцца штодзённыя рэгулярныя перавозкі. Было абяцана, што пасажыры не пацерпяць: перавозкі да вызначэння па конкурсе новага перавозчыка ўсё роўна будуць весціся.

...Яшчэ ў самым пачатку красавіка, пры ранейшым перавозчыку, кошт праезду павялічыўся з 3,5 тысячы да 4 тысяч рублёў. Дарэчы, наконт цаны білета можна заўважыць, што і паліва даражэла. Але калі раней заплаціць за праезд можна было ў самім маршрутным таксі, дык зараз, па сведчанні пасажыраў, іх пачалі адпраўляць у касу аўтастанцыі...

Заказчыкам аўтамабільных перавозак пасажыраў па Мінскай вобласці з'яўляецца Мінскі абласны выканаўчы камітэт. Згодна з яго рашэннем, аператарам аўтамабільных перавозак пасажыраў прызначана ААТ "Мінаблаўтатранс". Туды мы і патэлефанавалі каб даведацца пра ўсе падрабязнасці.

Паводле слоў намесніка начальніка аддзела перавозак пасажыраў прадпрыемства Аляксандра САЛОДКАГА, конкурс на вызначэнне новага перавозчыка па маршруце Мінск — Смілавічы яшчэ ўвогуле не абвяшчаўся. Пакуль былі выдадзены часовыя дазволы тэрмінам на тры месяцы на аказанне паслуг па перавозцы пасажыраў. Часовае абслугоўванне маршруту спачатку планавалася арганізаваць за кошт рухомага саставу сталічнага тралейбуснага аўтапарка №4 (на балансе якога знаходзяцца маршрутныя таксі), аўтапарка №19 г.Мар'іна Горка і аўтапарка №20 г.Чэрвеня — ад кожнага перавозчыка па дзве машыны. Усяго, выходзіць, шэсць — столькі ж, колькі было ў вышэйназванага ТАА "Інфаст". Праўда, зазначыў Аляксандр Мікалаевіч, аўтапарк №19 г.Мар'іна Горка часова не можа абслугоўваць гэты маршрут, таму яго "ўнёсак" у агульную справу — дзве маршруткі — часова перададзены сталічнаму тралейбуснаму парку. Агулам колькасць машын на маршруце застаецца той жа — шэсць адзінак. Звяртае толькі ўвагу, што ўсе перавозчыкі — дзяржаўныя (пра такі магчымы ход развіцця падзей мы гаварылі яшчэ ў артыкуле 15 лютага і, як бачым, ён спраўдзіўся). Таму і абілечванне праз касы цалкам укладваецца ў гэты ланцужок? На гэта Аляксандр Салодкі заўважыў, што ўвесь аўтатранспарт, які абслугоўвае прыгарадныя маршруты, мае касавыя тэрміналы і аплата за праезд пасажырам магчымая як праз касу, так і праз вадзіцеля.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Уволенная учительница Тальковской школы получила 117 денежных переводов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика