Занатоўкі мастака

Источник материала:  
Саламянае сонца

Народныя выразы кшталту "залатое сонца" і "срэбная раса", "рубінавае віно" ды "ізумрудная елка" заўжды насцярожвалі мяне як мастака. Людзі шчодра выкарыстоўвалі самыя каштоўныя матэрыялы для надавання важкасці і значнасці самым паўсядзённым з'явам і рэчам. Кажучы пра залатое сонца і залатое ці мядовае неба, чалавек падкрэслівае важнасць гэтага неба для сябе ды іншых. Нават на салому селянін можа сказаць "залатая". Іншая справа, калі той жа селянін выкарыстоўвае азначэнне "саламяны". Згадайма саламяную ўдаву — жанчыну, якая знаходзіцца ў часовай разлуцы з мужам. Тут з дапамогаю азначэння "саламяны" жанчыну зрабілі легкадумнай і легкаважнай. З яе нібыта выграблі сапраўднасць. Засталася лёгкадаступная танная лялька. Для мяне яна малюецца як аголеная плацінавая бландынка пад саламяным сонцам. Зрэшты, большасць маіх знаёмых жыве і памірае не пад залатым, а якраз пад саламяным сонцам.

Цао Чжы і кніга

Старажытны кітайскі паэт Цао Чжы ў вершы "Белы скакун" прамовіў:

"У кнізе Герояў

Імёны тых,

Хто Радзіме аддаў

Сэрца сваё..."

Паэт прамовіў, а мы паўтараем. Такія радкі самі паўтараюцца праз нас, як рэха.

Удзячнасць і цемрадзь

У сваіх творах я шмат калі і шмат каму выказваў падзяку. Збольшага, у спіс людзей, якім я публічна дзячыў, трапілі настаўнікі і выкладчыкі, усе, як адзін, старэйшыя і значна старэйшыя за мяне. Яшчэ я пісаў добрыя словы пра сваякоў ды сяброў, любімых ды каханых, што прадказальна і зразумела. Часам я выказваў сваю прыхільнасць да бацькаўшчыны, радзімы і яе прыроды. Толькі станоўчага ў маіх тэкстах значна меней, чым адмоўнага, бо святла навокал значна менш, чым цемрадзі. Маленькія зоркі ззяюць у бясконцай чорнай пустэльні.

Ван Гог і дзьмухаўцы

Вяртаючыся са студыі, я пабачыў пад плотам вінзавода круглыя залаціста-жоўтыя кветкі дзьмухаўцоў. Было сонечна, так сонечна і ясна, як бывае толькі напрыканцы красавіка. На дрэвах толькі-толькі пачала з'яўляцца пяшчотная лістота, а ў траве ўжо зазалаціліся дзьмухаўцы. Я назбіраў невялічкі букет, дома паставіў яго ў маленькі гліняны збанок і напісаў такі нацюрморт акварэллю на аркушы са школьнага сшытка ў клетку. Свой малазграбны жывапіс я падараваў маці. Яна сказала, што мае залатыя дзьмухаўцы нагадваюць ёй сланечнікі Ван Гога. Я радаваўся, мне было дзевяць.

Радаўніца і пахілены крыж

Сонечная Радаўніца. Пайшоў я на Кальварыю, адведаў магілы сваякоў і знаёмых, пачуў гісторыю пра жаночую надзвычайную прыгажосць. Старая над пахіленым крыжам распавядала сваёй унучцы: "У нашай сям'і яна самая прыгожая была. Такой прыгожай жанчыны ў нашым родзе раней ніколі не было. Усе звычайныя, а яна нарадзілася прыгажуняй. Ёй зайздросцілі. Замуж яна выйшла за такога ж, як і сама, прыгажуна. Ён пажыў з ёй можа з год і кінуў. Яна не вытрывала гэткіх здрады з абразаю і павесілася. Знікла з нашай сям'і прыгажосць, як і не было". Муж старой апавядальніцы разліў гарэлку ў два кілішкі, і яны — дзед і баба — выпілі за спакой душы абражанай прыгажуні.

Ала і Валянцін

Валянцін палюбліваў Алу. Яна сплочвала яму таемнай узаемнасцю. Так яны пралюбіліся ды пракахаліся гадоў трыццаць, калі не болей. За гэты час Ала паспела пахаваць двух мужоў. "Можаш не верыць, але я не змог запомніць твары мужоў. Яна ўвесь час распавядала пра сваіх мужчын. Казала пра першага, які доўга і цяжка хварэў; казала пра другога, які памёр раптоўна. Я іх шмат разоў бачыў з Алаю, а твары не запомніў. Чаму?" — Валянцін задаў пытанне, на якое не адразу знайшоўся адказ. Тады я нічога не сказаў яму, а цяпер думаю: Валянцін, калі глядзеў на Алу з мужам, бачыў побач з ёю толькі сябе.

Гаварухін і стыль

Расійскі рэжысёр Гаварухін напрыканцы існавання савецкай імперыі зняў фільм пра яе бытаванне. Кінастужка мела красамоўны назоў — "Так жыць нельга". Імперыя разбурылася, бо частка яе насельніцтва і напраўду лічыла, што так, як жылося ў СССР, жыць бесперспектыўна, небяспечна і шкодна. Больш як дваццаць гадоў прамінула з часоў прэм'еры гаварухінскага фільма. На добры лад пра яго ўсе мусілі забыцца, а ён усё не забываецца ды не забываецца, бо ледзь не кожная другая навіна з Расіі можа ісці пад кідкім загалоўкам "Так жыць нельга". Таму мне і падумалася: "Так жыць нельга" — гэта не толькі назва кінастужкі часоў перабудовы, гэта назва стыля жыцця, які пануе ў Расіі апошнія сто гадоў, як мінімум.

Бёль, кава і цыгарэты

Замест "Генрых Бёль" карціць сказаць — Генрых Боль, так больш правільна прагучыць па-беларуску пісьменніцкае прозвішча, як і замест "паэт Брэхт" часам чуецца — паэт Брэх. Экспрэсіянізм жыве ў кожным літаратары Германіі. Наканаванне. "...Я памятаю голас, які прамовіў: "Натуральная кава і дармовыя цыгарэты — гэта дакладныя прыкметы вайны", — піша ў сваім раннім апавяданні "Калі пачалася вайна" нямецкі салдат Боль. Я ж ніколі не спадзяваўся, што падчас вайны атрымаю каву натуральную, але надзея на дармовыя цыгарэты заўжды жыла. Часцяком мне ўяўлялася вайна, сыры акоп і сіні тытунёвы дым таннай цыгарэты. Цяпер, перачытаўшы "Калі пачалася вайна", я зноў апынуўся ва ўяўным глыбокім акопе, але без кавы і без цыгарэты.

Радзіма і барахло

Пераважная большасць мясцовых гісторыкаў спрабуе зляпіць вобраз Радзімы з трухлявага барахла. Большасць тутэйшых палітыкаў абапіраецца на панацяганае гісторыкамі рыззё і барахло. У выніку такіх нягеглых маніпуляцый замест Радзімы мы бачым нешта накшталт зомбі ў тэатральных дэкарацыях з пазалеташняга сезона. Для мяне Радзіма — подых свежага ветра ў беларускім краявідзе. Без натуральнага глытка свежага беларускага паветра лічу ўсе вобразы нашай Радзімы лжывымі.

Адам ГЛОБУС.

←Уволенная учительница Тальковской школы получила 117 денежных переводов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика