Дзяржава прапануе, жанчына вырашае

Источник материала:  

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пры падтрымцы праваслаўнай і каталіцкай канфесій распрацоўвае пілотны праект па правядзенні даабортнага кансультавання ў шасці жаночых кансультацыях сталіцы. Падобныя праекты прынеслі свой плён у Польшчы і ва Украіне. Наколькі пазітыўнай будзе такая практыка ў нашай краіне, высветліцца літаральна праз паўгода пасля яе ўкаранення, калі будуць падведзены першыя вынікі. Удалы вопыт, верагодна, будзе распаўсюджаны за межы Мінска.

 

Паводле закона, права вырашаць, ці павінна цяжарнасць завяршыцца родамі, прадастаўлена жанчыне. І жанчыны вырашаюць. Праўда, у апошнія гады колькасць абортаў у нас, у прынцыпе, зніжаецца. Але не таму, што нехта ўдала "адгаворвае" жанчыну пайсці на такі крок. Можна меркаваць, што насельніцтва ў цэлым стала больш адукаваным у сэнсе планавання сям'і і захавання рэпрадуктыўнага здароўя. Даабортнае кансультаванне таксама трэба аднесці да апошніх паняццяў, а не да прымітыўнага "адгаворвання" ці, не дай Бог, прымусу.

— Ніякіх гвалтоўных метадаў працы тут быць не павінна, — кажа галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр БАРСУКОЎ. — Размова ідзе пра тое, каб 3-4 разы на тыдні на базе шасці жаночых кансультацый, статыстычныя звесткі якіх указваюць на найбольшы ў горадзе працэнт перарыванняў цяжарнасці, праводзіць спецыяльныя размовы падрыхтаванага персаналу з жанчынамі, якія жадаюць пазбавіцца цяжарнасці. Размова з псіхолагам ні ў якім разе не будзе націскам або запалохваннем...

Пытанне дэмаграфічнай бяспекі застаецца актуальным для Беларусі. З 2007 года немалыя фінансавыя ўкладанні спрыялі развіццю медустаноў, звязаных з мацярынствам і дзяцінствам. Беларусі ўдалося дабіцца самых нізкіх сярод краін СНД паказчыкаў мацярынскай і дзіцячай смяротнасці. І гэта пры тым, што, у адрозненне ад шэрагу суседніх краін, больш за дзесяць гадоў таму мы перайшлі на ўлік дзіцячых страт паводле крытэрыяў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя — улічваем жывыя нараджэнні пачынаючы з 22 тыдняў цяжарнасці, калі маса цела плода дасягае 500 грамаў.

Нягледзячы на актыўнае развіццё айчыннай медыцыны ў апошнія гады і ранейшую даступнасць медыцынскіх паслуг, працэс вымірання нацыі мае месца, і спадзявацца на значны рост нараджальнасці ў наступныя гады не выпадае. У першую чаргу таму, што на дэмаграфічную арэну будуць выходзіць малаколькасныя новыя пакаленні. Падлічана, што дэмаграфічнага абвалу можа пазбегнуць тая нацыя, у якой на адну жанчыну прыпадае 2,1 дзіцяці. У Беларусі — толькі 1,4.

Выбуху не прадбачыцца

Намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марына АРЦЁМЕНКА:

— Згодна са звесткамі апошняга перапісу, у нашай краіне пражывае 2,7 млн сем'яў, 45 працэнтаў з якіх маюць няпоўнагадовых дзяцей. Паводле перапісу 1999 года, няпоўнагадовыя дзеці былі ў 56 працэнтаў сем'яў.

У цэлым у нас захоўваюцца традыцыйныя нормы шлюбна-сямейных паводзін насельніцтва: больш за палову мужчын і жанчын жывуць у шлюбе. Разам з тым, прыкладна кожны другі зарэгістраваны шлюб распадаецца. Адначасова падрасла і колькасць шлюбаў незарэгістраваных: калі ў 1999 годзе такіх было 5 працэнтаў, то цяпер — 8. Дарэчы, у некаторых еўрапейскіх краінах доля незарэгістраваных шлюбаў дасягае больш як 50 працэнтаў, а ў Японіі не перавышае 2-х.

Для беларускай сям'і стала характэрным павелічэнне сярэдняга ўзросту ўступлення ў шлюб і, адпаведна, павелічэнне сярэдняга ўзросту нараджэння першага дзіцяці. Калі ў 2000-м жанчыны ўпершыню бралі шлюб ва ўзросце 23 гадоў, мужчыны — 25-і, то ў 2010 годзе гэта ўжо 25 і 26,5 адпаведна. Сярэдні ўзрост маці першынца вырас з 23,3 да 24,9.

Адабраць, каб вярнуць

Галоўны інспектар упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Тамара ШАРАМЕТ:

— За час дзеяння Дэкрэта №18, з 2007 па 2010 год, становішча больш як 75 тысяч дзяцей было прызнана сацыяльна небяспечным. У большасці выпадкаў неўладкаваным сем'ям аказвалася адпаведная дапамога і бацькі не былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Аднак 16 тысяч дзяцей былі размешчаны ў сацыяльныя прытулкі і дамы-інтэрнаты. Каля 9 тысяч з іх ліку вярнуліся ў родную сям'ю. Такім чынам, дзесьці 65 працэнтаў дзяцей вяртаюцца ў бацькоўскія сем'і і яшчэ 25 размяшчаюцца ў замяшчальныя.

У апошнія гады назіраецца станоўчая тэндэнцыя аднаўлення ў бацькоўскіх правах. Бацькі сталі больш матываванымі на вяртанне дзіцяці ў сям'ю. А магчымым гэта стала дзякуючы велізарнай працы, у першую чаргу сацыяльна-педагагічнай. Зараз каля 23 тысяч дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і ўзяты на спецыяльны ўлік. Гэта азначае, што сацыяльна-педагагічныя цэнтры і службы, а таксама арганізацыі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, унутраных спраў праводзяць належную работу з 13 тысячамі сем'яў. На дзяржаўным забеспячэнні застаюцца сёння 2,5 тысячы дзяцей.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 

 

←Уволенная учительница Тальковской школы получила 117 денежных переводов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика