Сімвал мужчынскага пачатку
Шлюбная ці сямейная сімволіка барон была перадвызначана іх сельскагаспадарчым прызначэннем — павялічваць урадлівасць зямлі. Барану як сімвал мужчынскага пачатку супрацьпастаўлялі зямлі (жаночаму пачатку). Таму іх часам выкарыстоўвалі і ў вясельным абрадзе. Напрыклад, у выпадку адмовы сватам у калёсы клалі барану. На баронах вазілі свата, які не здолеў сасватаць дзяўчыну.
Калі нявеста была "нячэснай", барану закідвалі на дах хаты бацькоў ці па вёсцы на баране вазілі яе маці. У Віцебскай вобласці па гэтай жа прычыне свякроўка пры народзе прымушала нявестку пераступіць цераз барану.
На Масленку ў пакаранне за тое, што не знайшлі сабе нявесту, на баронах па вёсцы вазілі хлопцаў.
Лічылася, калі хтосьці з аднавяскоўцаў забудзецца на полі барану, на працягу года вёску абыдуць усе сваты і ніводная дзяўчына не возьме шлюб, а вёска вымра. Каб "перакрыць" такія дзеянні, незамужнія дзяўчаты цягалі па вёсцы старую барану, потым ламалі яе і кідалі па ўскрайках дарогі.
Часам дзяўчаты выкарыстоўвалі барану ў магічных рытуальных дзеяннях, каб паўплываць на свой шлюб. Напрыклад, у Пятроў дзень барану насілі на галаве з адной вёскі ў другую. Лічылася: дзе барана застанецца — там і замуж выйдзеш.
Каб прыехалі доўгачаканыя сваты, у ноч пад Ражство дзяўчаты ламалі і секлі старыя бароны і раскідвалі па полі, імітуючы тым самым веснавы сеў.
На Масленку старыя бароны спальвалі на скрыжаванні шляхоў і прасілі даслаць сватоў: "Барана, дагарай, нашых дзевак разбірай".
У той жа час зуб ад бараны мог стаць і сямейнай трагедыяй, калі хтосьці з нядобразычліўцаў у пэўны дзень года забіваў яго ў кут хаты. Тады дзяўчына назаўсёды застанецца жыць з бацькамі і не народзіць дзіця.
Лічылася, што асаблівай магічнай сілай валодае барана, вырабленая з асіны, ці барана з жалезнымі зуб'ямі.
Бароны, якія прыйшлі ў заняпад, нельга было выкідаць: гэта лічылася грахом. Іх не выкарыстоўвалі ў рытуальных дзеяннях, часам замацоўвалі на слупах ці старых дрэвах, каб буслы маглі скарыстаць іх для будаўніцтва сваіх гнёздаў. Такое гняздо прадказвала гаспадарцы асаблівую ахову і дабрабыт.
"Зубам" ад барон народныя лекары замаўлялі зубны боль.
Для таго, каб "выклікаць" доўгачаканы дождж у час летняй засухі, барану неслі да ракі, возера, дзе ўдовы "баранавалі" ваду.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.