РОЗГАЛАС
У Гродна аператыўнікі фінансавай міліцыі затрымалі трох мясцовых жыхароў, якія праводзілі незаконныя валютныя аперацыі.
Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" загадчык сектара па працы са СМІ Камітэта дзяржкантролю Кірыл Данілаў, аператыўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гродзенскай вобласці злавілі валютчыкаў за руку падчас рэйду па спыненні незаконных валютных аперацый: тройца абменьвала грошы ў аўтамабілі аднаго з валютчыкаў якраз на стаянцы ля гасцініцы "Беларусь". У затрыманых канфіскавана каля 63 мільёнаў рублёў, у тым ліку амаль 29 тысяч расійскіх рублёў, 15 тысяч долараў ЗША, 2,5 тысячы еўра, 860 літаў і 160 злотых.
Ігар ГРЫШЫН.
Выгналі бацьку з кватэрыКаля 20 гадоў стаўбчанін вымушаны быў жыць у падвале таго дома, у якім меў ва ўласнасці кватэру.
Аб тым, што ў падвале жыве стары, праваахоўныя органы неаднаразова інфармавалі жыльцы шматкватэрнага дома, а таксама жыллёва-камунальная служба. Падчас праверкі было ўстаноўлена, што гэты грамадзянін, яму зараз 68-гадоў, схільны да злоўжывання спіртнымі напоямі. Менавіта з-за шкоднай звычкі ў яго пастаянна ўзнікалі непаразуменні з дарослымі сынамі. У выніку сыны (аднаму з іх 35, другому 37 гадоў) не знайшлі лепшага спосабу вырашэння канфліктнай сітуацыі, чым выгнаць бацьку з дома.
Разам з тым, згодна з Канстытуцыяй, грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё, яго недатыкальнасць, і ніхто не можа быць самавольна пазбаўлены жылля.
— У сувязі з неправамернымі дзеяннямі сыны пажылога чалавека неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за самаўпраўства, — паведаміла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна КАЛІНІНА. — Аднак гэта ніякага ўздзеяння на іх не аказала. Яны па-ранейшаму не пускалі бацьку ў кватэру. На гэты раз у адносінах сына, які пастаянна пражывае ў гэтай кватэры, пракуратура Стаўбцоўскага раёна распачала крымінальную справу. Мужчына абвінавачваецца ў самаўпраўстве па артыкуле 383 КК Беларусі. Максімальная мера пакарання па гэтым артыкуле — 6 месяцаў арышту.
Надзея ДРЫЛА.
Восьмая ахвяра аварыіУ рэанімацыйным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы памерла яшчэ адна пацярпелая ў аварыі пад Маларытай 23 красавіка. Газета паведамляла пра гэтую трагедыю ў нумары за 26 красавіка.
Нагадаю, што мікрааўтобус "Фольксваген" на скрыжаванні дарог Макраны-Брэст і Кобрын-Маларыта ўрэзаўся ва ўкраінскі рэйсавы аўтобус, які ішоў па маршруце Ковель-Брэст. Ад удару аўтобус вылецеў у кювет і перавярнуўся на дах. З пасажыраў аўтобуса тады загінула адна жанчына, з мікрааўтобуса — адразу шэсць чалавек, у тым ліку трое дзяцей.
Восьмая ахвяра аварыі — 32-гадовая мінчанка. У бальніцы яшчэ знаходзяцца сем пацярпелых. Стан большасці з іх медыкі ацэньваюць як цяжкі.
Яна СВЕТАВА.