Галашэнне — "канал" духоўна-эмацыянальнай сувязі паміж жывымі і памерлымі
Асобна неабходна сказаць некалькі слоў пра псіхалагізм памінальнага рытуалу. Памінкі на могілках наскрозь былі прасякнуты галашэннямі. Галасілі звычайна пажылыя жанчыны, радзей — моладзь і мужчыны. У народным асяроддзі нават ганьбавалі тых жанчын, якія не ўмелі добра галасіць.
Тэматыка памінальных галашэнняў (рэчытатыўных прычытанняў па памерлых) была даволі шырокая, іх аснову складалі рытарычныя пытанні-звароты да памерлых бацькі і маці, бабулі і дзядулі, іншых сваякоў: На каго ты нас пакінуў? Чаму не забіраеце нас да сябе? Як вам жывецца на тым свеце?
Разам з тым прысутныя на могілках ведалі, што забаранялася галасіць над першым памерлым дзіцем, а таксама пасля захаду сонца.
Галашэнні — надзвычай своеасаблівы і непаўторны фальклорны жанр. Яго адметнасць перш за ўсё ў тым, што ён "ажывае", абуджаецца ў глыбінях чалавечай душы як псіхалагічная кампенсацыя страты, якая напаткала сям'ю. Смерць чалавека ўносіць у жыццё сям'і страшэнны надлом. Як не стала бацькі, лічы, гаспадарка хутка апынецца ў заняпадзе. Маці памрэ — бяда яшчэ большая. Народная мудрасць папярэджвае: "Бацька памёр — дзеткі напалову сіроткі, маці памрэ — дзеці поўнасцю асірацелі".
Смерць дзяцей у адно імгненне перакрэслівала бацькоўскія спадзяванні на працяг роду-племені. Жыццё сям'і быццам губляла свой адвечны, прыродай наканаваны змест.
Яблачка маё недаспелае,
Ягадка мая недазрэлая!
Дзетанька маё міленькае...
Новая збудаваная труна параўноўваецца з хатай, але яна не такая светлая і прыветная, утульная і гасцінная:
Зрубілі ж табе свяцёлачку цёмную,
Цёмную без вакошачка.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.