Дзеці дзяцей Чарнобыля

Источник материала:  

"Вось гэта сустрэча! Хто б мог падумаць! Як бяжыць час!" — казалі мне жыхары адной з вуліц Узды, разглядваючы стары фотаздымак, з якога глядзелі маленькія хлапчукі з веласіпедамі. Але і я сам гэтак думаў і здзіўляўся: як імгненна праляцела жыццё, і радаваўся, што ўсё ж знайшоў тых, каго фатаграфаваў амаль дваццаць гадоў таму. Хай сабе не ўсіх, а толькі трох з іх.

Мінула толькі шэсць гадоў пасля Чарнобыля. Калі быць дакладным, улетку 1992 года я прыехаў на ўскрай Узды — вуліцу Палескую, якую толькі што абжывалі перасяленцы. Яны прыехалі сюды дзеля сваіх дзяцей, дзеля будучыні. А гэтая будучыня якраз бесклапотна гойсала на сваіх "веліках" па новых вуліцах. У адрозненне ад дарослых, дзеці хутчэй ішлі на кантакт і не супраць былі пазіраваць перад аб'ектывам. І ў архіве захаваліся кадры таго фотарэпартажу. Адзін з іх я вывеў на прынтэры і прыхапіў з сабою. Мне хацелася даведацца, як склаўся лёс гэтых хлапчукоў.

На здымку іх пазнавалі не адразу. Вядома, за дваццаць гадоў дзеці моцна змяніліся, з маленькіх падшыванцаў пераўтварыліся ў статных, сапраўдных мужчын.

"Няўжо гэта Сяргей Шчамянок з Глінішча? А гэта Кастусь і Аляксей Пінчукі з Дворышча? А як змяніліся Максім Літвінаў з Навасёлак і Андрэй Казлоў з Бабчына! Аляксандр Шахніцкі жыве на суседняй вуліцы, за крамай, ён перасяліўся з бацькамі з саміх Хойнікаў", — уключаліся ў пошукі жыхары. Набіралі нумары на мабільніках і запрашалі хлопцаў прыехаць на сустрэчу з карэспандэнтам. Званілі іх бацькам. Не прайшло і паўгадзіны, як трое з іх сядзелі побач і з непрыхаванай цікавасцю разглядалі колішняе фота. Больш таго, яны прыехалі не адны — з сем'ямі, якімі паспелі ўжо абзавесціся. На руках кожны трымаў дзіця. Менавіта такім і напрошваўся новы фотаздымак — з маленькімі дзецьмі і колішнім фота.

Цяпер самы час расказаць пра іх. Злева з дачушкай Соф’яй — Кастусь Пінчук, 1983  года нараджэння. Вельмі добра скончыў сярэднюю школу, затым вучыўся ў Акадэміі МУС, цяпер узначальвае следчы аддзел Уздзенскага РАУС. Побач з сынам Захарам старэйшы 30-гадовы брат Аляксей Пінчук. Ён скончыў мінскі "наргас", майстар спорту па футболе, прадпрымальнік. Справа — з сынам Максімам — Сяргей Шчамянок. Ён скончыў чыгуначны каледж у Мінску і цяпер працуе брыгадзірам чыгункі на станцыі Негарэлае.

Па-за кадрам засталіся Андрэй Казлоў, Максім Літвінаў і Аляксандр Шахніцкі. Знайсці іх у той дзень не ўдалося.

Бацька Косці і Аляксея Уладзімір Пінчук прыгадаў гісторыю пасёлка. Яму было 33 гады. У Хойніках утварылася ПМК-235, якая вахтавым метадам узводзіла для сваіх будаўнікоў зборна-шчытавыя дамы і падворкі. Былы школьны кіраўнік ваеннай падрыхтоўкі і аўтасправы змяніў прафесію і стаў плотнікам-бетоншчыкам. Гэтак рабілі і іншыя чарнобыльцы-вахтавікі — узводзілі для сябе пасёлак. На ўскраіне Узды, акрамя Палескай, з'явіліся яшчэ вуліцы Будаўнічая і Якімовіча. А ўсяго разам маладымі рукамі саміх перасяленцаў узведзена было больш за 120 дамоў. У 1991-м пачаліся пераезды і наваселлі. Хоць і не дужа хацелася весяліцца.

— Ніколькі не шкадуем, што пераехалі сюды, што зрабілі тады гэты выбар, — кажуць Уладзімір Пінчук і ягоная жонка Ніна — настаўнік-філолаг. — Мы вельмі хваляваліся за здароўе сваіх сыноў, не хацелі браць грэх на душу. Ніна Аляксееўна прызналася, што і дагэтуль чарнобыльская катастрофа не дае ёй супакоіцца і не думаць пра сваіх дзяцей. І ўнукаў таксама.

— Безумоўна, на радзіме засталіся людзі, жыццё працягваецца і там, але ўсё роўна не шкадуем. Толькі шчымліва бывае, калі на Радаўніцу наведваем родных і родныя мясціны.

Зусім хутка да нас прыйдзе Радаўніца. У гэты дзень перасяленскі пасёлак апусцее, бо большасць паедзе на сваю хойніцкую зямлю. Паедуць з імі і маладыя бацькі, тыя, што чвэрць стагоддзя таму пыталіся ў сваіх яшчэ маладых: "а што такое Чарнобыль?"

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

г.  Узда.

←Элитный бизнес-клуб оказался закрытым борделем?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика