Віктар Супрунчук - Гарадское каханне
А ўсё ж прыемна мець справу з прафесіяналам. Некалі ў журы конкурсу была негалосная ўмова: не друкаваць паўторна аўтараў, якія ўжо ўдзельнічалі ў нашым конкурсе і, да таго ж, былі ў ліку пераможцаў.
Але ўсе ўмовы, пэўна, дзеля таго і існуюць, каб іх парушаць. Тым больш калі бачыш перад сабой штосьці вартае парушэння. Гэта якраз пра Віктара Супрунчука і яго новае апавяданне.
Віктар КАЗЬКО.
Ён званіў, званіў, званіў у кватэру, але дзверы не адчынялі. Не падыходзілі да замка і ключы. Замок быў заменены...Павел доўга не жаніўся. Жанчыны яго не цікавілі. У яго была адна любоў і захапленне — аўтамабілі. Яшчэ вучнем мог разабраць і сабраць любы рухавік. А калі скончыў інстытут, дык яму роўні не было як спецыялісту па аўтамабілях у невялікім гарадку, дзе ён тады жыў. Хутка сабраў грошай і прыдбаў аднапакаёўку ў Мінску, якую ператварыў у майстэрню. Машыну на пяты паверх не зацягнеш, і ён заняўся толькі рамонтам аўтаматычных каробак перадач. Заказчыкаў хапала, і пацяклі грошы.
Аднойчы пазнаёміўся з дачкой суседкі. Тая запрасіла на дзень нараджэння. Не заўважыў, як застаўся на ноч, а жанчын у яго раней ніколі не было. Раніцай ашалелы і перапалоханы суседкай, што дачка непаўналетняя, згадзіўся стаць яе мужам. Рамантуючы з ранку да ночы свае аўтаматычныя каробкі, праз шэсць месяцаў нечакана стаў бацькам: нарадзіўся сын. Ад радасці ці з перапуду напіўся, а калі ачуўся і ўспомніў, колькі часу яны знаёмы з жонкай, зноў пайшоў у краму па гарэлку.
На трэці дзень свайго святкавання Павел апынуўся ў кавярні. Бяздумна сядзеў, паныла гледзячы ў талерку і сёрбаючы нясмачны рыбны суп. Хацелася кінуць усё і з'ехаць куды вочы глядзяць. У рэшце рэшт рукі ў яго ёсць, галава на месцы, хоць і абдураная. Злосці на цешчу і жонку ў яго не было. Яны думалі пра сябе і рабілі, як лепш для іх. Трэба было толькі змікіціць, як жыць далей.
— Здароў, Пашка! — да яго за столік сеў з кубачкам кавы высокі чарнявы мужчына, якога не пазнаць Павел не мог. З Кастусём Захаранкам яны вучыліся на адным курсе, толькі ў розных групах. Выглядаў ён шыкоўна: дарагі касцюм, на левай і на правай руцэ па залатым пярсцёнку. Модная прычоска, акуратна падстрыжаная чарнявая бародка з ледзь прыкметнымі сіваватымі валаскамі. Гладкі, загарэлы твар, нібы толькі што з поўдня, хоць зіма на дварэ. Але ж зараз усё магчыма, абы грошы : зіма ці лета — усё роўна. — Нешта ў цябе кепскі выгляд? Даўно я цябе не бачыў, Пашка.
І Павел, хоць ніколі з Кастусём сябрамі не былі, дапіўшы рэшткі гарэлкі, расказаў яму сваю няўдалую жыццёвую гісторыю. Яны сядзелі ў кавярні гадзіны дзве-тры, гаварылі, гаварылі...
— Не трэба табе нікуды ехаць, — сказаў Захаранка. — У мяне свая справа, хачу яе пашыраць. Якраз па аўтамабільнай частцы. Я даўно хацеў цябе знайсці. Таму што патрэбен такі спецыяліст па аўтаматычных каробках. Не перажывай, жыллё і ўсё астатняе ў цябе будзе.
Іх сустрэча скончылася тым, што яны паехалі да Кастуся. Захаранка жыў у шыкоўнай пяціпакаёвай кватэры ў цэнтры Мінска з вокнамі на Свіслач. Павел ад багацця і прыгажосці мэблі, дываноў, карцін, якія ўбачыў тут, адчуў сябе ніякавата, не ведаў, як сябе паводзіць.
Дзверы ім адчыніла высокая хударлявая жанчына, тварам нечым падобная на Кастуся. Ззаду яе радасна ўсміхалася бялявая дзяўчынка гадоў пяці—сямі. Яна адразу кінулася да Захаранкі і пачала скакаць ля яго, нібы шчаня:
— Дзядзька прыехаў, дзядзька прыехаў. А што ты мне прывёз?..
Кастусь пазнаёміў Паўла з жанчынай. Гэта была яго родная сястра Зоя, а дзяўчынка — пляменніца. Яны жылі пакуль з ім, таму што пакінула мужа, які ледзь яе не абязвечыў, пастаянна здзекаваўся. А дзе яго жонка? Ён пакуль у разводзе. Шмат работы, увесь час у камандзіроўках. Але хутка, відаць, ажэніцца.
— Не хачу, каб раслі бязбацькавічы, — засмяяўся Кастусь.
Зоя накрыла стол у вялікай гасцёўні пад прыгожай крыштальнай жырандоляй. Павел падумаў, што для яго ніводнага разу такі стол не накрылі ні жонка, ні цешча. А тут у першы ж дзень такая павага, гонар, чалавечае стаўленне. Стала неяк і радасна, і вельмі сумна. Сумна да такой ступені, што, здаецца, каб быў сам-насам, заплакаў бы.
Яны сядзелі за сталом і зноў успаміналі студэнцкія часы, агульных знаёмых, хто дзе ўладкаваўся, дзе працуе, як жыве. Зоя ў большасці маўчала, слухала іх размову. Яна перад вячэрай пераапранулася ў светла-ружовую сукню з кароткім рукавом і з даволі вялікім, але ў межах прыстойнага, выразам. У яе была тонкая доўгая шыя, невялікія вушы, не прыкрытыя валасамі. Рот таксама быў невялікі, а губы, пульхныя, ледзь-ледзь падфарбаваныя светлай памадай. Вочы блакітныя і чыстыя, у іх, здавалася, адлюстравалася святло жырандолі.
Гадзін пад адзінаццаць Кастусь пачаў некуды збірацца. Падняўся з-за стала і Павел.
— У кватэры пакояў многа, — сказаў Кастусь. — Начуй тут. Думаю, няма чаго вяртацца табе да цешчы... А заўтра з усім разбяромся.
І Павел, трошкі паўпарціўшыся, але адчуваючы, як моцна цягне на сон, застаўся... І, аказваецца, надоўга... Усё атрымалася банальна проста. Яго перажыванні і сумненні імгненна зніклі пасля сустрэчы з Захаранкам. Праз тыдзень ён атрымаў паперу аб разводзе з жонкай, дзе было напісана, што аліментаў яна патрабаваць не будзе. Кастусь патлумачыў: ён выплаціў суму грошай, якая задаволіла яе. Улічваючы, што бацькам дзіцяці Павел быць не мог.
І вось ужо дванаццаць гадоў, як яны з Зояй муж і жонка. У іх адзінаццацігадовы сын Алесік і дачка Васіліна. Яны — быццам шчаслівыя. Здаецца, ён кахае Зою. А мо прывык? У іх усё ёсць. Тая пяціпакаёвая кватэра, двухпавярховая дача. Ён — адзін з заснавальнікаў кампаніі, гаспадаром якой з'яўляецца Кастусь. Але яны, акрамя ўсяго, цяпер і бліжэйшыя сваякі. Кастусь яму ва ўсіх справах цалкам давярае. Ён даўно ўжо не рамантуе аўтаматычныя каробкі — займаецца толькі тым, што цікава. Яму нават прыдумалі спецыяльную пасаду галоўнага кансультанта. Усе супрацоўнікі кампаніі яго баяцца і паважаюць. Як-ніяк, а швагер гаспадара. Па-другое, ён — спецыяліст высокага класа. Гэтага не адымеш. Дый наогул ён ні з кім не сварыцца, спакойны, вытрыманы, прыгожы мужчына — бізнэсмен.
Аднак часам яму хочацца вярнуцца ў сваю маленькую аднапакаёўку на пяты паверх у доме без ліфта. Разбіраць аўтамабільныя каробкі, круціць гайкі. Днямі хадзіць у старых зашмальцаваных джынсах. І ні аб чым не думаць. Толькі ў працэсе работы пазіраць праз акно на высокую бярозу, на якой збіраюцца ў чародкі вераб'і альбо вароны.
...Перад абедам Кастусь папрасіў яго з'ездзіць з юрыстам да натарыуса. Узніклі нейкія пытанні па афармленні машын, якія кампанія прадавала прадпрыемствам. Калі Павел сабраўся выходзіць з кабінета, у дзверы пастукалі. Увайшла, павітаўшыся, маладая жанчына, апранутая ў зялёны скураны касцюм. У руках сумачка і папка. У яе былі вельмі светлыя, амаль да пояса доўгія валасы. Мусіць, фарбаваныя, бо карані іх намнога цямнейшыя, чым пасмы. У яе таксама блакітныя вочы, як у Зоі, але намнога ярчэйшыя. Нібы паглыналі таго, хто быў перад імі. Менавіта так адразу сябе адчуў Павел і нават у нейкай ступені разгубіўся. Жанчына ўсміхнулася і сказала:
— Мяне зваць Вольга. Я — новы юрыст. Мы едзем з вамі да натарыуса.
Была ўжо зіма, але мароз стаяў слабы. На зямлі — толькі дзе-нідзе лапінкі снегу. Цямнела хутка. На вуліцы было не холадна, але няўтульна, сумна.
Яны выйшлі ад натарыуса стомленыя, галодныя, хоць і задаволеныя. Вольга аказалася юрыстам "зубастым", а калі яшчэ Павел акуратна перадаў натарыусу ў канверце сто пяцьдзясят долараў, дык усё пайшло бы па масле — усе праблемы па афармленні аўтамабіляў вырашыліся.
— Так хачу есці, што сіл няма, — выдыхнула Вольга, калі яны перабеглі вуліцу, кіруючыся да машыны.
— Я — не супраць...
Заехалі яны ў кавярню ў заводскім мікрараёне, недалёка ад вуліцы, дзе жыла Вольга. Так яна папрасіла, каб было прасцей дабрацца дадому. Пакуль падымаліся ў залу на другі паверх, Павел паспеў яшчэ раз добра агледзець сваю новую калегу. У яе была фігура спартсменкі, якая займаецца ці займалася мастацкай гімнастыкай. Вузкія плечы, тонкая талія і шыракаватыя, але ў меру, стёгны, якія падкрэслівала скураная спадніца. Пакуль ішлі па зале, Павел убачыў не адзін мужчынскі позірк, накіраваны на іх. А дакладней, на Вольгу. З аднаго боку, гэта яго раздражняла, а з другога — забаўляла, цешыла яго самалюбства. "Калі б ішоў з Зояй, наўрад ці хто глянуў", — раптам падумаў ён.
Планавалі толькі перакусіць — і дамоў, але выйшла інакш. Неўзабаве зайграла музыка. І ён, забыўшыся, што за рулём, выпіў келіх шампанскага, а потым яшчэ, і яшчэ.
Шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго, яны танцавалі ў паўцёмнай зале, калыхаючыся ў такт музыкі. Павел удыхаў пах яе валасоў, парфумы. Перад ягонымі вачыма быў пяшчотны твар, шырока расплюшчаныя вочы, у якіх свяціўся агеньчык, нібы клікаючы да сябе. Быццам вакол нікога не было, акрамя іх. Толькі ён і яна.
Паўла ахапіла незвычайнае пачуццё, якога ён не адчуваў яшчэ ніколі ў жыцці. Яму здалося, што ва ўсім свеце няма для яго нікога даражэй за гэтую жанчыну. Першая жонка была проста выпадковай сустрэчай. Зоя — яна добрая, клапатлівая. Над ім трасецца, нібы курыца над кураняткам. Толькі яна не выклікае ў душы той радасці, неверагоднага шчасця, якое раптам абрынулася на яго ад Вольгі. Колькі разоў чуў пра імгненнае каханне, пра страсць да жанчыны, калі дзеля яе гатоў аддаць жыццё. І не верыў. Была прывычка, неабходнасць у імя сяброўства з Кастусём жыць з яго сястрой. Сын, якога нарадзіла яму Зоя... Так, ён яго любіць і не забудзе... Аднак гэта ўсё не тое, не тое... Хоць яму сорамна перад Зояй, але яе тут няма, яна іх не бачыць...
Гучала музыка, а ён паціху датыкнуўся вуснамі да шчакі Вольгі, правёў імі па вуху, валасах. Яна павярнула твар, і Павел адчуў смак яе салодкіх вуснаў, ад якіх ап'янеў больш, чым ад шампанскага. Седзячы за сталом, ён не выпускаў са сваіх рук яе руку, перабіраў тонкія пальцы, ласкава гладзіў іх.
— Што мы з табой робім? — прашаптала, прыціснуўшыся да яго, Вольга. — Што мы робім?.. Зоя ж мая сяброўка... Што я раблю?..
Паўночы Павел правёў у Вольгі. Як у ліхаманцы, яны не маглі адарвацца адно ад аднаго, шэпчучы ласкавыя словы. Ён бясконца гаварыў ёй, што моцна яе кахае. Яна, смеючыся, прасіла яго паўтараць гэта зноў і зноў...
Павел сеў у машыну, адчуваючы, што зусім няма сіл. Адчуванне, нібы суткі разгружаў, як у студэнцкія гады, таварныя вагоны.
Толькі ўвайшоў у кватэру, як адчыніліся дзверы ў спальні. Зоя ціха спытала:
— Дзе так доўга быў?
— На мытню ездзіў... Машыны прыйшлі... — у апошні момант прыдумаў ён. І сам здзівіўся, як лёгка схлусіў. Прыняў душ, для блізіру з'еў халодную сасіску і выпіў кавы. Заснуў адразу і прачнуўся позна. На стале на кухні ляжала запіска "Не забудзь паснедаць. Цалую, Зоя". Колькі хвілін ён сядзеў, успамінаў ноч і пакутаваў, што здрадзіў. Увесь быў у сумненнях, на душы было цяжка. Але як уявіў Вольгу, неяк палягчэла. Усё было так цудоўна, проста неверагодна. Як ён жыў дагэтуль у такім панылым прэсным свеце? Як жыць далей? Няўжо ён, толькі ўбачыўшы яе, адразу пакахаў? Нарэшце з'явілася жанчына, якую выбраў сам, а яна не адхіліла яго. Няўжо?..
Кожны дзень ён бачыў Вольгу на працы, гаварыў, жартаваў з ёй пры людзях і ледзь стрымліваў сябе, каб не выдаць паводзінамі свае пачуцці. Неяк бачыў, як, сустрэўшыся, радасна цалавалася з ёю жонка. Аб нечым яны ўзбуджана шчабяталі. Ён праходзіў міма, і Зоя сказала:
— Дарэчы, Павел, Волечка мая даўняя сяброўка...
Павел нешта прамармытаў і праскочыў міма, каб толькі пазбегнуць размовы. І хоць яны сустракаліся з Вольгай ужо больш месяца, ніяк не мог звыкнуцца з той сітуацыяй, у якой апынуўся. Яму ўжо было страшна спаць у адным ложку з Зояй. Баяўся ў сне назваць яе Вольгай. Ад работы не было ніякага задавальнення. Можа, кінуць яе? Але ён разумеў, што такіх грошай, якія яму плаціць Захаранка, нідзе не заробіць. А кожнае спатканне з Вольгай патрабавала грошай. Ікру яна любіла чорную, з шампанскім. Ёй падабаліся дыяменты ў белым золаце. Але пад настрой яна магла з Паўлам паесці бульбы з кіслай капустай. І спакойна рэагавала, калі ён казаў, што грошай пакуль няма.
Як бы там ні было, аднак выдаткі ў яго значна ўзраслі. Ён не мог зменшыць суму, што кожны месяц аддаваў жонцы. Не мог нават уявіць, што яна даведаецца пра іх сустрэчы, каханне... Яго каханне... Божа, што яму рабіць?..
Кастусь неаднойчы даваў яму немалыя грошы на рашэнне далікатных пытанняў, таму што давяраў, як сабе. Накшталт хабару натарыусу ці супрацоўнікам ДАІ пры афармленні аўтамабіляў, якія набывала кампанія за мяжой. Адзін раз, другі, і Павел пачаў з гэтых сум адкладваць сабе ў кішэню, гаворачы Кастусю, быццам давялося аддаць больш грошай, чым было дамоўлена.
Пад восень Захаранка надумаў стварыць аўтамабільную спартыўную каманду. Грошы былі. Толькі не хапала адпаведнай машыны класа "Формула-3" і аксесуараў. Іх ён даручыў прыдбаць Паўлу. Аксесуары, а гэта значыць, розная дробязь: палатка, адзенне для вадзіцеляў. Карацей, дробязь.
Ён дамовіўся па палатцы на пяць тысяч даляраў, а Захаранку сказаў, што яна каштуе дзесяць тысяч. Кастусь моўчкі аддаў грошы, і ў той жа дзень Павел купіў Вользе завушніцы. Потым яна цалавала яго ад пазногцяў да валасоў, шаптала, як кахае свайго Паўлюсіка. Ён ненавідзеў гэтае слова "Паўлюсік"... Аднак маўчаў, бы загіпнатызаваны, слухаў яе голас, як найлепшую музыку на свеце.
Яны ляжалі з Вольгай у прасторным ложку ў атэлі, дзе сустракаліся апошнія тыдні. Ні пра што не хацелася думаць. Побач было свята, багіня, якая ўзняла яго з цёмнага поля, з пушчы, удыхнула святло будучыні, вечнасці, дала штуршок для жыцця...
І раптам ягоныя мазгі заварушыліся. Аднак ненадоўга... Ён бы здурнеў... Нават не ў стане гэтага асэнсаваць...
Нехта паляпаў у дзверы. Якую навалач сюды нясе?.. Ён падняўся з ложка і, па звычцы ўключыўшы святло, адчыніў. На парозе стаяў Кастусь Захаранка. На далоні ён трымаў завушніцы, што Павел падарыў Вользе.
— Ну, як табе мая былая каханка?..