Ад адміністратыўнага кіравання адплылі, але да рынкавых адносін яшчэ не даплылі?
Больш за 110 дзён прайшло з моманту падпісання кіраўніком дзяржавы Дырэктывы № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". З гэтай нагоды Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў правёў прэс-канферэнцыю, дзе прадстаўнікі беларускай бізнэс-супольнасці канстатавалі: пакуль айчынныя прадпрымальнікі не задаволены тым, як палажэнні дырэктывы рэалізуюцца на практыцы.
Чыноўнікі навучыліся жангляваць тэрміналогіяй дырэктывы?— Апошнія тыдні дзелавая супольнасць была вельмі занепакоеная, на наш погляд, нейкім тармажэннем пытанняў па рэалізацыі Дырэктывы № 4, — лічыць Уладзімір КАРАГІН, старшыня ГА "МССПіП" і Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. — Мы лічым, што нам трэба не проста пасіўна назіраць за падзеямі, а іграць актыўную ролю ў маніторынгу рэалізацыі Дырэктывы № 4 і Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі-2011. Мы будзем шчыра, непрадузята, не гледзячы ні на якія службовыя асобы, тытулы і званні казаць пра недахопы і прабуксоўкі пытанняў дырэктывы. Нас на сёння не задавольвае ўзяты павольны тэмп: прайшло 110 дзён з часу падпісання Дырэктывы № 4, і таму мы зараз маем маральнае права на больш жорсткія ацэнкі. А мы бачым, што сёння ў розных міністэрствах і ведамствах дырэктыву і сваю ролю ў ёй ацэньваюць па-рознаму: вельмі шмат фальшу і дэмагогіі, нашы высокапастаўленыя кіраўнікі авалодалі і добра жанглююць тэрміналогіяй дырэктывы. Але калі пачынаеш прыглядацца і пытаць у прадпрымальнікаў, ці лягчэй стала жыць, ці бачыце вы святло ў акенцы, то, на жаль, станоўчых адказаў не чуем, — сказаў Уладзімір Карагін і падкрэсліў, што бізнэс-супольнасць актыўна даносіла інфармацыю пра свае праблемы да чыноўнікаў — і пісьмова, і праз удзел у сумесных пасяджэннях.
Першы віцэ-старшыня МССПіП і сустаршыня РКП Віктар МАРГЕЛАЎ выказаў думку, што сёння краіна актыўна адмаўляецца ад адміністрацыйных метадаў кіравання эканомікай, але пры гэтым рынкавай эканомікі болей не становіцца:
— Яшчэ калі пачыналася лібералізацыя, мы казалі, што яе трэба праводзіць дакладна і паслядоўна: выходзіць на новую, комплексную і эфектыўную сістэму ўзаемаадносін людзей у эканоміцы. Памятаеце песню Алы Пугачовай: "Ты покинул берег свой родной, а к другому так и не пристал"? Вось, на жаль, сёння ў нас у краіне ў нашых эканамічных адносінах, і не толькі, якраз такая сітуацыя і назіраецца: мы ідзём даволі хуткімі крокамі ад адміністрацыйных метадаў кіравання, але не прыходзім да канструктыўнага рынку супрацоўніцтва, узаемадзеяння і партнёрства. Сёння мы так і стаім на раздарожжы, як пацвярджэнне — тыя дзеянні па Дырэктыве № 4, якія сёння адбываюцца.
Віктар Ягоравіч зачытаў спіс з 14 палажэнняў, якія былі запісаны ў дырэктыве і якія, згодна з планам мерапрыемстваў, ужо на гэты час павінны быць амаль вырашаны: гэта і стварэнне добрасумленнай канкурэнцыі, і стварэнне эфектыўнага антыманапольнага органа, і стварэнне льгот для прыдарожнага сэрвісу, і магчымасць выкупу бізнэсам памяшканняў і гэтак далей. Па словах Віктара Маргелава, не ўсе гэтыя пункты рэалізуюцца ў жыццё, а па тых, што ўсё-такі ажыццяўляюцца, у дзелавой супольнасці ёсць вялікія пытанні...
Чаму няма грамадскага абмеркавання праектаў нарматыўных актаў?
Асобна Віктар Ягоравіч спыніўся на тым, што дзяржаўныя органы, за рэдкім выключэннем, па-ранейшаму не хочуць даваць праекты нарматыўна-прававых актаў бізнэсу на экспертызу, хоць гэта і запісана ў дырэктыве:
— Сёння мы 110 дзён адпрацавалі ў рэжыме, калі нам цудам, у прынцыпе, незаконна, даюць на экспертызу нарматыўна-прававыя акты. І хоць ні ў якім рэгламенце такой працэдуры няма, мы праводзім экспертызу, але ні на адзін наш ліст (а мы маглі цэлы стос іх прынесці — вялікая і цяжкая праца — паверце, не дурні пісалі) мы матываваных адказаў ад зацікаўленых міністэрстваў пра тое, чаму нашы прапановы не прымаюцца, у прынцыпе, не атрымалі. Адпаведна, чым далей мы так робім, тым менш узнікае жадання нешта пісаць, бо рэакцыя нулявая. Нават наадварот, як было па бытавым абслугоўванні: мы ў міністэрства адпраўляем свой ліст, а яны нам кажуць: "А што вы нам адпраўляеце? Ваш Савет па развіцці прадпрымальніцтва ўжо дзве гадзіны таму як завізіраваў, нам вашы прапановы па барабане!" Вось і ўсё, і гэта мы чуем ад чалавека, які адказвае за тое, каб новы ўказ атрымаўся добрым дакументам... Мы думалі, што калектыўны розум прадпрымальніцтва будзе інтэграваны ў дзяржаўную мадэль і што ад гэтага з'явіцца карысць. На жаль, гэтага не адбываецца.
— Вось рыхтаваўся ўказ па адходах, нас запрасіў прэм'ер-міністр на пасяджэнне, дзе гэты дакумент у выніку быў адхілены. Але да гэтага ўсе міністэрствы і ў абласцях гэты праект завізіравалі. Не завізіравалі толькі КДК, Мінэканомікі і яшчэ пару органаў. А ўсе астатнія візы былі за гэты дакумент. Пра што гэта гаворыць? Вельмі шмат пра што: пра абыякавы падыход да вырашэння важных эканамічных дзяржаўных пытанняў, — лічыць Уладзімір Карагін. — Мы ідзём ад жыцця, ад патрэб развіцця нашага сектара эканомікі. Мы лічым, што павінен быць створаны масавы пласт адказных прадпрымальнікаў-уласнікаў. І гэта будзе адказам на ўсе пытанні, у тым ліку і валютнага дэфіцыту. Калі няма пласта ўласнікаў, няма малога і сярэдняга бізнэсу, то не будзе і буйнога. А сёння большасць прадпрымальнікаў знаходзіцца ў арэндных адносінах: пытанне перадачы ва ўласнасць крам, гандлёвых пунктаў і г.д. вісіць па-ранейшаму. Нам здаецца, што гэта трэба хутка вырашаць, а прыватызацыя ідзе па чайнай лыжцы ў дзень. У краіне 320 тысяч суб'ектаў малога прадпрымальніцтва, і 90% з іх толькі ў арэндных адносінах — не маюць ні ўласных вытворчых пляцовак, ні офісных памяшканняў. Хіба ў такой сітуацыі нехта выйдзе на знешнія рынкі, створыць канкурэнтаздольны інавацыйны прадукт, заваюе гэтыя рынкі і прывязе ў краіну валюту? Ды не, вядома, цудаў не бывае. Таму толькі абапіраючыся на масавы пласт адказных уласнікаў можна вырашаць і нашы праблемы.
Дэфіцыт валюты ўдарыць і па экспарцёрах?
Расказалі журналістам прадстаўнікі бізнэсу і пра тое, як сёння жывуць прадпрыемствы і фірмы ў сітуацыі валютнага дэфіцыту. У прыватнасці, Андрэй КАРПУНІН, віцэ-старшыня МССПіП і старшыня савета дырэктароў ІПА "Рэгістр", падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі і верагоднымі прагнозамі на будучыню:
— Без нейкіх таварных пазіцый мы зможам пражыць — і спажыўцы, і нашы прадпрыемствы. Але ёсць пазіцыі, без якіх вельмі складана працаваць і жыць. Таму будзе развівацца рынак нерэзідэнтаў. І я мяркую, менавіта ён будзе аналізавацца МВФ, расійскімі эканамістамі, франкфурцкай фондавай біржай, дзе каціруюцца нашы еўрааблігацыі, бо ён будзе больш адпавядаць паняццям рынкавай эканомікі — там з хаосу з часам усталюецца сярэднеўзважаны курс, як гэта было ў 1996, 1998, 2002 гадах. Арыенцір для замежных інвестараў будзе ісці менавіта на тыя пляцоўкі — гэта маскоўскі міжбанкаўскі рынак, гэта рыжскі валютна-фондавы рынак. Да таго ж бяздзеянне Нацбанка прывяло да скарачэння працаўнікоў на прадпрыемствах, і не толькі імпарцёраў, але і на прамысловых прадпрыемствах, якія спажываюць імпартныя камплектуючыя. Немагчымасць за апошнія 1,5 месяца цывілізавана ажыццяўляць імпарт і разлікі за гэты імпарт ужо цяпер стварылі схаванае беспрацоўе ў нашай эканоміцы. Як бы нас ні спрабавалі супакоіць частковай занятасцю, адпачынкамі за свой кошт, жаданнем працаўнікоў першую палову мая прысвяціць сельскагаспадарчым працам на дачах і вёсках, мы павінны ўсё-такі казаць пра схаванае беспрацоўе. А яно тоіць у сабе падзенне даходаў насельніцтва, пакупніцкай здольнасці, здольнасці пагасіць крэдыты, узятыя ў банкаўскім сектары (не сакрэт, што ўсе зараз фактычна закрэдытаваныя — у каго машыны, у каго кватэры, у каго спажывецкія тавары, у каго адукацыя дзяцей). Наступны ўдар прыйдзецца на банкаўскі сектар, які вымушаны будзе адрэагаваць на непагашаныя крэдыты — як вынік, павялічыцца стаўка крэдытавання для тых, хто яшчэ можа вытрымаць, — сказаў Андрэй Карпунін.
У сувязі з гэтым ён параіў прадпрымальнікам пры складанні бізнэс-планаў і бюджэтаў прадпрыемстваў на астатнія 7 месяцаў закладваць стаўку крэдытавання ад 20% да 35% (для юрыдычных асоб). Не вельмі радасную карціну бачыць Андрэй Карпунін і для экспарцёраў, калі сённяшняя сітуацыя будзе захоўвацца:
— Наступная бяда можа чакаць тую залатую антылопу, на якой трымаецца зараз наша эканоміка — экспарцёраў. Мы зрабілі эканамічны аналіз простых лічбаў і атрымалася, што ўзровень абавязковага продажу 30% валютнай выручкі па курсе Нацбанка прынясе прадпрыемствам-экспарцёрам 15-працэнтны "валютны падатак" на ўсю выручку. І яны гэта адчуюць: экспарцёры, у якіх не такая вялікая залежнасць ад імпартных камплектуючых (да 50%), метадам замарожвання зарплаты і іншых выдаткаў вытрымаюць удар і змогуць працягнуць сваю працу ў кароткатэрміновай і ў доўгатэрміновай перспектыве. А тыя прадпрыемствы, у якіх залежнасць ад імпарту больш за 50%, не змогуць пакрыць увесь свой імпарт камплектуючых рэштай валютнай выручкі. Гэта адкладзеная праблема, зараз рэдкія экспарцёры задумваюцца пра гэта.
Андрэй Карпунін параіў беларускім бізнэсменам падумаць пра тое, як разлічыцца за ўжо атрыманы імпарт, а таксама выказаў думку, што дзяржава павінна зняць шэраг абмежаванняў па экспарце:
— Зараз банкі ратуюць самі сябе, страхавыя арганізацыі — самі сябе, экспарцёры — самі сябе, чыноўнікі — самі сябе. І нікому няма справы ні да іміджу беларускага бізнэсу, ні да таго, што расійскі крымінал можа прыехаць сюды і пачаць выбіваць грошы з беларускіх бізнэсменаў, якія ў пачатку года атрымлівалі сыравіну і камплектуючыя, а зараз не могуць за гэта разлічыцца. Таму я прашу прадпрымальнікаў не рабіць хаатычных рухаў, а максімальна сканцэнтравацца і паспрабаваць вырашыць праблему разлікаў за атрыманы імпарт праз экспарт чаго-небудзь з Беларусі. На жаль, і да сёння бізнэсмены не могуць набыць вельмі шмат таварных пазіцый машынабудавання, станкабудавання, прадуктаў харчавання для таго, каб вывезці іх для рэалізацыі за межы Рэспублікі Беларусь. Таму хацелася б папрасіць дзяржаву ў самыя кароткія тэрміны зняць гэтыя абмежаванні.
Без адзінага валютнага курсу перспектыў для бізнэсу няма?
— Мы не спрабуем падліць масла ў агонь, мы проста не маем права, як страусы, хаваць галаву ў пясок: мы абавязаны шчыра казаць і даваць адэкватныя ацэнкі, падмацаваныя нашымі падлікамі і высновамі, — падкрэсліў Уладзімір Карагін. — У краіне ёсць людзі, адказныя за рэгуляванне гэтага пытання і за грашова-крэдытную палітыку — яны павінны за гэта паўнавартасна адказваць. Ну а па-другое, знешні перыметр мытнай тэрыторыі ўжо стаў па перыметры Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. А гэта значыць, што ў нас адна тэрыторыя, на якой працуюць людзі ў няроўных умовах: сёння ў расійскіх прадпрыемстваў такіх праблем няма — ні з валютай, ні з разлікамі, ні з плацяжамі, ні з інвестыцыямі. Тое самае і ў Казахстана. Таму пытанне нацыянальнай канкурэнтаздольнасці айчыннага прадпрымальніцтва ніколі так востра не стаяла за апошнія 15 гадоў, як сёння — бо мы не агароджаны ўжо сваёй уласнай тэрыторыяй. Наш урад павінен больш актыўна працаваць з урадамі Расіі і Казахстана, каб у рамках адзінай эканамічнай прасторы выраўноўваць умовы працы. Ёсць некалькі дзясяткаў інструментаў, якія можна прымяняць у гэтай сітуацыі, але ні ў якім разе нельга хаваць галаву ў пясок і апраўдвацца аднымі толькі аўтамабілямі: людзі свае сумленна заробленыя грошы ўкладваюць у аўтамабілі, дый там лічбы нават не такія істотныя — 200-300 мільёнаў, а ніяк не мільярды...
Пра тое, як яго ўласнае прадпрыемства спрабуе выжыць у сённяшні дзень, расказаў Аляксей ПІЛІНКА, дырэктар ААТ "Рэалпак":
— Наша кампанія займаецца імпартам і вытворчасцю ўпаковачных матэрыялаў і абсталявання для харчовых прадпрыемстваў. Магу сказаць наступнае: шмат якія кампаніі закрыліся, а людзей адпусцілі ў адпачынкі. І чым больш пройдзе часу ў той вакханаліі на валютным рынку, тым меней шанцаў у гэтых кампаній аднавіць сваю працу на рынку. Мы бачым на прыкладзе транспартных кампаній: яны робяць больш таннымі свае тарыфы на грузаперавозкі, бо людзі проста бяруцца за любую працу, каб захаваць персанал і тэхніку. З Расіі тавар у Беларусь ужо не ўвозіцца: калі ты хочаш нешта вывезці, то ты плаціш за дарогу туды і назад, бо машыны адтуль вяртаюцца паражняком. Шмат з якімі прадпрыемствамі, у якіх ёсць валютная выручка, мы спрабуем дамовіцца: вы нам прадайце па Нацбанку расійскія рублі, а мы вам не будзем мяняць кошт упаковачных матэрыялаў — вы іх купіце па студзеньскіх і лютаўскіх цэнах. Але, на жаль, усе бухгалтары, кіраўнікі прадпрыемстваў баяцца санкцый і праверак: ім трэба будзе абгрунтаваць, чаму, калі ёсць магчымасць прадаць расійскія рублі па 160 рублёў, яны іх прадалі па 110 нейкай камерцыйнай фірме... Таксама падарваны імідж нашай дзяржавы як эканамічна стабільнай: год, які мы працавалі без перадаплат, дазволіў нам пераканаць нашых пастаўшчыкоў (і ў Еўропе, і ў Ізраілі, і ў Расіі) адпускаць нам прадукцыю і абсталяванне без перадаплаты, а зараз мы за іх разлічыцца не можам. Нядаўна мы зрабілі тэлемост з нямецкай кампаніяй, якая пастаўляе абсталяванне, і яе прадстаўнік сказаў: "Мы цалкам вам давяраем як партнёрам, але мы не давяраем вашаму банку". Таму пра ніякую аплату па факце або частковую перадаплату гаворкі ўжо не ідзе — толькі пасля 100% аплаты кантрактаў будзе запушчаны працэс вытворчасці. А такім чынам беларускія прадпрыемствы пры набыцці абсталявання будуць замарожваць свае сродкі на тры і болей месяцы, бо абсталяванне вырабляецца доўга... Калі падводзіць вынік, то я скажу так: калі ў бліжэйшы час не адбудуцца кардынальныя змены на валютным рынку, а пад гэтым я маю на ўвазе адзіны валютны курс (хай і высокі), то таго, чаго мы баяліся ўвесь гэты час, мы зараз будзем чакаць, як манну нябесную: раней дэвальвацыя ў 20% нас пужала, а зараз мы купляем валюту з дысконтам 80-90%. Перспектыў працы ў такіх умовах я не бачу, калі не будзе змен, — завяршыў Аляксей Пілінка.
Павел БЕРАСНЕЎ.