Вось такія... кавуны
"Звязда" не раз пісала пра тых, хто вырасціў іх — дзесяцікілаграмовыя, а то і больш — на сваіх прысядзібных ці садовых участках. Малайцы людзі: змаглі! Іншым, дарэчы, таксама хацелася б! Хоць паспрабаваць. Можа, нехта на старонках газеты падзяліўся б досведам?
<І>Просьбу пастаянных падпісчыц газеты А.Л. Мацвіенкі з Мінска, А. Трухан з г.п. Старобін і іншых рэдакцыя адрасавала вядомай агародніцы Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. І, вядома ж, атрымала адказ.
Найперш выбіраем месца для пасеву. З улікам нашых шырот пажаданы хоць невялікі паўднёвы асветлены ўхіл. Найлепшыя папярэднікі і суседзі — буракі, капуста, найгоршыя — бульба і агуркі. Глеба лёгкая, урадлівая, нейтральнай кіслотнасці (прасцей — без хвашчу і макрыцы).
На ёй з поўначы на поўдзень (так лепш будзе прагравацца створаны "грэбень") на адлегласці не менш чым 1,8 метра адна ад адной робім траншэі і закладваем у іх не зусім перапрэлы гной (ідэальна — конскі) ці кампост з раслінных кампанентаў. У іх большая колькасць азоту. Да таго ж, "даходзячы" ў глебе, яны будуць даваць раслінкам цяпло.
Гэтую "запраўку" праліваем крутым растворам марганцоўкі, закрываем зямлёй (можна плугам, "у склад") і "ўцяпляем". Плёначныя ангарчыкі (з дужак або дошак шырынёй 15 см на адлегласці 25 см адна ад адной) вядома ж, лепш, чым засціланне ўчастка спанбондам, але гэта ўжо справа густу і матэрыяльных магчымасцяў кожнага.
Ёсць метад для лянівых. На грэбні, над будучымі раслінкамі (на адлегласці 60 см адна ад адной) можна, адрэзаўшы дно, умацаваць 5-літровыя пластыкавыя бутэлькі з-пад вады. Праграванне лакальнае. Аднак трэба ведаць, што на 9—10-ы дзень пасля пасадкі пры дастаткова цёплым надвор'і з'явяцца ўсходы, якія нават пры адкрытым корку ў спёку будуць пакутаваць, а то і падгараць. Так што ў пагодныя дні бутэлькі давядзецца здымаць.
Насенне перад пасевам трэба апрацаваць ад вірусных захворванняў, гэта значыць, на пару гадзін змясціць іх у цёмны (не ружовы і не чырвоны) раствор марганцоўкі, потым прамыць і цягам сутак вытрымаць у цёплым месцы, загарнуўшы ў чыстую вільготную анучку.
Дні праз тры пасля падрыхтоўкі і прагравання "грабянёў" робім невялічкія ямкі з улікам таго, каб паміж насеннем і кампостам заставалася 10 см зямлі. Тады пажыўныя рэчывы малады карэньчык будзе браць паступова.
У ямку заліваем вады, кладзём насенне, можна па 2—3 шт... Слабейшыя парасткі потым можна адшчыкнуць (але не вырываць, бо кавуны не любяць нават нязначнага ўмяшання ў сваю каранёвую сістэму, не кажучы ўжо пра перасадку!) прысыпаем 3 см сухой зямлі (на ёй не ўтворыцца шчыльная корка) і зноў накрываем.
Калі сёлета пасеяць кавуны 7—8 мая, то ўсходы з'явяцца недзе 18-га, а ў пачатку чэрвеня расліны ўжо "папаўзуць".
Пасля з'яўлення трох сапраўдных лістоў іх можна падкарміць растворам каравяку. Больш ніякіх падкормак я не раблю. А ўжо азот для нарошчвання масы — крый Божа. Гэта нітраты, нясмачнасць, загніванне.
У пачатку і ў сярэдзіне цвіцення можна апрацаваць раслінкі борнай кіслатой: 10 г на вядро вады.
Укрыццё я здымаю ў сярэдзіне чэрвеня, з надыходам устойлівага цяпла. Калі ўсё добра склалася, завязі на ранніх сартах пойдуць да 20 чэрвеня, на позніх — пасля.
Масу раннія плады набяруць да сярэдзіны ліпеня, познія — да пачатку жніўня. Каб мець гэтую радасць, трэба ведаць, што кавун, як культура цеплалюбівая, засуху пераносіць лёгка, не любіць перападаў тэмператур, лішняй вільгаці. Пасля таго, як на раслінах пачалі завязвацца плады, я іх увогуле не паліваю (так званы "парніковы эфект" можа справакаваць захворванні). А вось рыхлю часта, асабліва пакуль расліна не распаўзлася і ёсць магчымасць не турбаваць яе.
Можна яшчэ ў грэбні рабіць адтуліны агароднымі віламі. Гэта дасць доступ кіслароду да каранёў. Галоўнае, каб расліна не захварэла на пачатку росту, калі яшчэ не ўсталявалася цяпло і здараюцца перапады тэмператур. Стан здароўя можна праверыць, паварушыўшы яе. Калі яна спружыніць — значыць, усё нармальна, калі ж хістаецца, не трымаецца, значыць, карані ўжо пашкоджаны гнілямі. Дапамагчы тады можа раствор марганцоўкі.
У далейшым расліна не застрахавана ад вірусных і бактэрыяльных хвароб. Асабліва шкодны фузарыёз, энтракноз (бурыя плямы на сцяблінах), у выніку чаго расліна страчвае здольнасць сілкавацца і сілкаваць плады.
Для прафілактыкі можна скарыстаць прэпараты, якія змяшчаюць медзь. Не пашкодзяць і стымулятары росту (кшталту экасілу).
Калі кавуны ўжо распаўзліся і пачалі завязвацца, плеці лепш не чапаць (яны гэтага вельмі не любяць, да таго ж на іх утвараюцца карані, якія забяспечваюць дадатковае сілкаванне)...
Час вызначацца з ураджаем. Вялікую колькасць пладоў расліна не зможа забяспечыць усім неабходным. Таму на кожнай лепей пакінуць не больш як тры ягады. На іх тады і самім будзе прыемна паглядзець, і другім паказаць. Лічыцца, што найбольш якасныя плады завязваюцца на асноўным сцябле. Але гэта, як той казаў, не факт. Значыць, варта проста назіраць, хто выходзіць у лідары, і проста пакідаць мацнейшыя. Праўда, з гэтай працэдурай не трэба спяшацца — "лідары" павінны быць кілаграмы па два.
І нарэшце — пра вынікі. Не можа кавун, сартавыя якасці якога прадугледжваюць масу 4 кг, вырасці да 10 кг (нават калі яго "закарміць" нітратным азотам). Таму, выбіраючы насенне, трэба азнаёміцца з характарыстыкамі, вызначыцца з патрэбнымі памерамі і тэрмінамі выспявання. Нават ранні дзесяцікілаграмовы сорт, пакуль набярэ вагу, саспее пазней, чым той, які павінен быць 4 кілаграмы...
З не вельмі буйных (да 4 кг) добра сябе паказваюць "Сахарный", "Огонёк" (летась асобныя былі па 5—6 кг, хоць нічым не карміла). Сама тое — "Астраханскі": стабільна 6—8 кг, лічы, адна мякаць, прычым вельмі салодкая. Садзіла я і "Мядовы гігант". Сорт ранні, расліна моцная, лісты больш буйныя, плод падоўжаны, скура салатнага колеру. Магчыма, з-за прадугледжанай сортам масы — да 15 кг — дэманструе пэўную самарэгуляцыю: першы плод, які завязаўся, пачынае вельмі хутка набіраць масу, не пакідаючы шанцаў іншым. Прыстойных — па 7—9 кг — на расліне вырастае два. Самы вялікі вырас адзін — 12 кг. Ён быў разрэзаны 18 жніўня — яму спатрэбілася больш часу на рост і выспяванне. Апошні — 6 кг, знятым ляжаў амаль да сярэдзіны кастрычніка. Мяркую, мог бы захавацца да лістапада. Збіраюся паспрабаваць вырошчваць сарты галандскай селекцыі. Хваляць гібрыд "Раманза"...
Мой досвед, вядома ж, не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі. Я назіраю, эксперыментую, раблю высновы: усё ж культура нехарактэрная для нашых шырот. Таму многа нюансаў. Усё мае значэнне: глеба, мясцовасць, год, характар раслінавода і г.д. Таму ўсім цярпення і назіральнасці (лепш пасадзіць некалькі сартоў). І галоўнае — захаваць расліну здаровай на ранніх стадыях росту. Тады абавязкова нешта вырасце! Смачна з'есці!