"Звязда" — інфармацыйны партнёр міжнароднай канферэнцыі "Цывільнае насельніцтва ў вайне"
Міжнародная практычная канферэнцыя на тэму нацысцкіх рэпрэсій у гады Другой сусветнай вайны пройдзе ў Мінску 15—17 мая 2012 года. Пра гэта журналістам паведаміў дырэктар музея гісторыі ВАВ Сяргей АЗАРОНАК. Такія канферэнцыі праводзяцца кожныя два гады ў розных краінах Еўропы: першая была ў 2006 годзе ў нямецкім горадзе Бон, у 2008 — у Чэхіі, у 2010 годзе — у Славакіі.
— Летась дэлегацыя нашага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выступала на аналагічнай міжнароднай канферэнцыі ў славацкім горадзе Банска Быстрыца: мы расказвалі там пра тое, што беларусы вытрывалі ў гады Другой сусветнай вайны. На жаль, не ўсе ведалі, што да сёння 286 вёсак не адноўлены пасля вайны, пра тое, што ў некаторых раёнах Віцебшчыны загінуў падчас нямецкай акупацыі кожны другі жыхар... Гэтыя страшныя лічбы былі падставай для таго, каб у 2012 годзе такая ж канферэнцыя была праведзена ў нас у Беларусі, — сказаў Сяргей Азаронак і дадаў, што зараз у Мінск прыбыла працоўная група, якая займаецца тэхнічным і арганізацыйным бокам будучай канферэнцыі. — Гэтую ініцыятыву поўнасцю падтрымлівае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а газета "Звязда" з'яўляецца інфармацыйным спонсарам гэтага найважнейшага праекта. Я мяркую, што мы зробім усё, каб у Беларусі канферэнцыя была арганізавана і прайшла на высокім узроўні.
— У нашай канферэнцыі ў 2010 годзе ўдзельнічала 14 краін Еўропы, і мы вельмі рады, што ўпершыню сярод удзельнікаў былі і краіны былога Савецкага Саюза — Беларусь, Украіна і Расія, — сказаў Станіслаў МІЧЭЎ, дырэктар Музея Славацкага народнага паўстання (горад Банска Быстрыца, Славакія). — Там мы вялі гаворку пра тое, каб у 2012 годзе канферэнцыя была на тэрыторыі Беларусі, бо мы летась пабачылі Хатынь, пабачылі музей Вялікай Айчыннай вайны — беларускі народ панёс вельмі вялікія страты ў гады Другой сусветнай вайны. Тэмы такіх канферэнцый — не толькі вайна, але і сучаснасць: размовы пра тое, як нам трэба ў Еўропе разам жыць — не ў вайне, а ў міры. Што тычыцца тэмы канферэнцыі ў Мінску, то мы хочам паказаць, як цяжка было насельніцтву ў вайну, як цяжка было жыць моладзі і дзецям.
Такім чынам, тэмай канферэнцыі наступнага года ў Мінску была выбрана "Цывільнае насельніцтва ў вайне". Паралельна будзе праводзіцца і моладзевая секцыя з назвай "Моладзь і дзеці ў гады Другой сусветнай вайны".
— Мы будзем актыўна ўцягваць моладзь у гэты даследчы адукацыйны праект, бо мы рэальна пабачылі на канферэнцыі ў Славакіі, наколькі існуе жывая зацікаўленасць у моладзі, наколькі там былі складаныя дыспуты, — расказвае Сяргей Азаронак. — Я прама скажу: не ўсе там актыўна выступалі ў падтрымку Чырвонай Арміі, быў і другі бок, які даказваў свой пункт гледжання. Але самае галоўнае, што моладзь не з акопаў, а з дапамогай аргументаў і фактаў даказвала свае перакананні. Гэта было проста цудоўна, я такога актыўнага супрацьстаяння думак яшчэ не бачыў, прычым, падкрэслю, менавіта дружалюбнага супрацьстаяння.
Па словах Сяргей Азаронка, на міжнародную канферэнцыю ў Мінску чакаюцца прадстаўнікі як мінімум 12 краін: агульны лік удзельнікаў плануецца да 300 у дарослай секцыі і да 150 у моладзевай. Праводзіцца мерапрыемства будзе пераважна на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (будуць выдзелены дзве залы, разлічаныя на 500 і на 150 чалавек), таксама разглядаецца магчымасць удзелу ў канферэнцыі ў рэжыме анлайн праз інтэрнэт для тых, хто не зможа па нейкіх прычынах прыехаць у Мінск.
Павел БЕРАСНЕЎ.