Кансультацыі — праз Skype

Источник материала:  

Прадпрымальнікам з раёнаў Гродзеншчыны неабавязкова прыязджаць па кансультацыі ў абласны цэнтр. Неўзабаве можна будзе скарыстацца інтэрнэт-праграмай Skype, паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр ПАНАМАРОЎ.

Як ужо паведамляла "Звязда", па ініцыятыве мясцовай улады з бюджэту Гродзенскай вобласці нядаўна дадаткова выдзелена 20 мільярдаў рублёў (замест раней прадугледжаных 440 мільёнаў рублёў) на фінансаванне інвестыцыйных праектаў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. Гэтыя грошы размяшчаюцца ва ўклады (дэпазіты) банка з наступным прадастаўленнем ільготных крэдытаў прадпрымальнікам. Вызначана, што стаўка за карыстанне бюджэтнымі сродкамі складзе 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі плюс банкаўскі працэнт.

Паводле інфармацыі Аляксандра Панамарова, ахвотнікаў скарыстацца падтрымкай бюджэту для наладжвання сваёй справы шмат, за кароткі час ужо паступіла прапаноў больш чым на 6 мільярдаў рублёў. Праўда, каб праект атрымаў фінансаванне, трэба даказаць яго тэхніка-эканамічную абгрунтаванасць спецыяльна створанай пры аблвыканкаме камісіі. Прыярытэт будзе аддавацца інвестыцыйным праектам, якія прадугледжваюць стварэнне новых канкурэнтаздольных вытворчасцяў, паслуг, новых рабочых месцаў, укараненне прагрэсіўных, інавацыйных тэхналогій, задзейнічанне ў гаспадарчым абароце вытворчых магутнасцяў, якія пакуль не выкарыстоўваюцца, і аб'ектаў незавершанага будаўніцтва.

Гродзенская абласная ўстанова фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў (тэл. 8 (0152) 77 23 79, тэл/факс 74 22 27, http://fіncentr.by) акажа суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва садзейнічанне ў атрыманні фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, неабходную метадалагічную і інфармацыйную падтрымку. Можна, у прыватнасці, скарыстацца падрыхтаванымі гэтай установай дапаможнікамі па адкрыцці аўтасэрвіса альбо цырульні.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Генпрокуратура считает эффективными наказания в виде общественных работ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика