Казачная краіна Легалэнд
У Даніі знаходзіцца вядомая на ўвесь свет краіна — парк забаўляльных атракцыёнаў Легалэнд. Гэту назву ён атрымаў у гонар славутага дзіцячага канструктара "Лега".
Легалэнд пабудаваны выключна з рознакаляровых пластмасавых дэталяў і пласцінак: і каралеўскі палац у Капенгагене, і пячоры піратаў, і самі піраты, і нават жудасныя драконы, якія дыхаюць агнём. Бр-рр... Тут усе наведнікі, нават дарослыя, нібы трапляюць у атмасферу бясклопатнага дзяцінства з яго мроямі і фантазіямі, верай у цуды і чараўнікоў. Дзяцей чакаюць не толькі конкурсы на лепшага канструктара, але і сапраўдныя прыгоды і вандроўкі. Напрыклад, падарожжа ў таямнічую пячору Роджэра, дзе давядзецца жорстка біцца з бязлітаснымі піратамі за скрадзеныя залатыя манеты і алмазы.
Парк Легалэнда падзелены на некалькі асноўных частак. У Міні-лэндзе дзеці адчуваюць сябе сапраўднымі волатамі — тут пад нагамі манеўруюць аўтамабілі, з порта адпраўляюцца ў плаванне марскія караблі, адчальваюць і швартуюцца паромы. Нядаўна з'явіўся атракцыён "Малочны шлях". Падарожжа па ім дазваляе маленькаму чалавеку ўбачыць ферму, на якой дояць кароў, потым апынуцца на малочным прадпрыемстве, дзе гатовая прадукцыя размяркоўваецца па кардонных упакоўках. Ёсць зона парку ў стылі Дзікага Захаду часоў герояў прыгодніцкіх кніжак Фенімора Купера, каўбояў і індзейцаў. У наступнай зоне знаходзіцца велізарны каралеўскі замак, у ім можна ўбачыць, як жылі сотні гадоў таму рыцары, як змагаліся яны на рыцарскіх турнірах у гонар прыгожых дам, як потым разам весела бавілі час на балі ў каміннай зале. Потым юны падарожнік трапляе ў пакой каралеўскіх скарбаў і праз пэўны час нарэшце выходзіць на свежае паветра. Пасля захапляльнай прыгоды нядрэнна папалуднаваць на рыцарскім барбекю.Легалэнд — парк вялікі. Каб дзеці часам не згубіліся, дарослыя карыстаюцца спецыяльнай электроннай сістэмай кантролю за знаходжаннем сваіх малых. На іх руку надзяваюць бранзалеты з убудаваным GРS-прымачом. Некалькі секунд — і бацькі заўсёды змогуць даведацца аб дакладных каардынатах і назве часткі парку, дзе вандруе іх хлопчык ці дзяўчынка.
Яшчэ Легалэнд — гэта адладжаны бізнэс з велізарным абаротам і значным прыбыткам. На яго тэрыторыі ёсць гатэль. Яго нумары прызначаныя для сем'яў з дзецьмі, якія вырашаць тут затрымацца на дзень-другі. У гандлёвым цэнтры Легалэнда можна набыць рознага калібру, на любы густ і ўзрост наборы канструктара "Лега", а таксама сугучныя па тэматыцы сувеніры і тавары. У Легалэндзе шмат кавярняў, рэстаранчыкаў, кіёскаў, дзе прадаецца вельмі смачнае марозіва для дзяцей.
Неяк не верыцца, што ўсе будынкі Легалэнда (гарады і вёскі, старадаўнія замкі, аэрадромы, парк сафары і г. д.) складзены з 42 мільёнаў пластыкавых элементаў дзіцячага канструктара "Лега", які 100 гадоў таму прыдумаў мясцовы дацкі сталяр. І ці мог бы тады падумаць кемлівы майстар, што яго цацкі паступова захопяць свет. Зараз паркі накшталт дацкага Легалэнда ёсць у ЗША, Германіі і Англіі. Такім чынам, "Лега" крочыць па планеце.
На здымку: за маёй спіной фрагмент Легалэнда.
Наталля Кірпічэнкава.
Фота аўтара.