Аўтамабіль не раскоша...
Абслугоўванне аўтамашыны становіцца ўсё больш дарагім, і перад пэўнай часткай аўтааматараў нават паўстае пытанне: "А ці не за лепшае адмовіцца ад легкавушкі?" Найперш гэта датычыцца пенсіянераў.
Калі ў маім аўтамабілі "заспяваў" выціскны падшыпнік, то пайшоў па крамах, у якіх прадаюцца аўтазапчасткі, шукаць той падшыпнік. Знайшоў хутка, а вось кошт запчасткі здзівіў, бо падшыпнік той — дробязь, "шайба з дзіркай".
На ўпакоўцы напісана, што зроблены ў Францыі, а на наклейцы сцвярджаецца, што ў Швецыі. Адсюль можна быць упэўненым, што падшыпнік зроблены ў нейкай трэцяй краіне — напрыклад, Кітаі.
— Чаму такая высокая цана? — пытаюся ў прадаўца.
— Пастаўшчыкі паднялі. Ніхто не хоча ў пралёце быць. Долар вунь як падскочыў...
— А па якім курсе разлік ідзе?
— Цяжка сказаць, адзін разлічваецца па курсе 4 тысячы за долар, а нехта па пяць...
Аўтазапчасткі — тавар імпартны і набываецца за валюту, а калі з ёю неакрэсленасць, то ў кожнага свой курс.
Але мала купіць падшыпнік, неабходна было яшчэ знайсці майстра, які яго ўстанавіў бы. Пайшоў па знаёмых, якія працуюць у сваіх гаражах, — усе забяспечаны работай на тыдзень наперад. Патэлефанаваў у некалькі СТА, але і там трэба станавіцца на чаргу. Калі б была неабходнасць нешта замяніць у падвесцы ці зрабіць касметычны рамонт, то знайсці майстра было б прасцей, а лезці ў счапленне не кожны здольны.
Вось ужо тыдзень не магу замяніць той падшыпнік, а пра кошт рамонту яшчэ размовы не было.
Пераважная большасць нашых аўтамашын мае вялікі прабег, і ў такіх аўто пастаянна трэба нешта мяняць, латаць, фарбаваць. Менавіта па гэтай прычыне апошняе слова за выканаўцамі. Можаш мець у кішэні грошы і чакаць. Безумоўна, вялікія грошы вырашаць праблему, але хто іх мае, ездзяць на новых "тачках", і абслугоўванне ў іх сэрвіснае. Калі пошліны на імпартныя аўтамабілі вырастуць у разы, то цана на аўтазапчасткі зноў рэзка падскочыць.
Ужо сёння ўтрыманне і абслугоўванне аўтамашыны хоць і не дасягнула крытычнай мяжы, але б'е па сямейным бюджэце. Аўтамабіль не раскоша — калі грошы ёсць.
Калі не браць да ўвагі затраты (страхоўку, рамонт, тэхагляд...), то ездзіць на дачу выгадней на аўтамашыне, чым на цягніку. У гэтым выпадку я прыводжу толькі свае выкладкі, магчыма, у кагосьці яны будуць іншыя.
На дзесяці літрах саляркі я магу праехаць 200 км, а гэта 7 паездак на дачу. За такое задавальненне неабходна заплаціць 31500 рублёў (ці 4500 за адну паездку). Калі ж ехаць электрычкай, то для дваіх (куды без жонкі!) кошт праезду будзе іншы.
Праезд да вакзала на гарадскім аўтобусе на дваіх — 2800 рублёў, і на электрычцы столькі ж, а ў суме атрымліваецца 5600 рублёў. І гэта пры тым, што на аўтамашыне даедзеш да самай дачы і пры гэтым не цягнеш груз. А калі ў машыне 3-4 чалавекі, то выгада істотная. Аднак падлічыўшы ўсе затраты на аўтамабіль, бачыш, што ад яго адна радасць: ён у цябе ёсць. І з сумам адзначаеш, што за выгоду неабходна плаціць.
Што датычыцца недалёкай будучыні, то аўтааматары выказваюць дзве думкі.
Паставіўшы бар'ер імпартным аўтамашынам, наша краіна тым самым унясе свой уклад у пад'ём расійскага аўтапрама. У аўтааматараў не будзе ўжо цяперашняга выбару, але ў тых, хто займаецца рамонтам, работы прыбавіцца. Расіянін пасля 3-5 гадоў эксплуатацыі аўтамашыны не будзе яе прадаваць, а выцісне з яе ўсё.
А мы развітаемся з "Фордамі", "Сітраенамі", "Аўдзі", "Таётамі" — нямецкімі, японскімі, амерыканскімі, французскімі аўтамашынамі...
Сымон Свістуновіч.
Фота аўтара.