Парламентарыі сустрэліся з ліквідатарамі катастрофы на ЧАЭС
Кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сустрэлася з ўдзельнікамі ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА і старшыня Савета Рэспублікі Анатоль РУБІНАЎ уручылі ліквідатарам гэтай страшнай катастрофы ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— Нягледзячы на тое, што з моманту катастрофы прайшло чвэрць стагоддзя, нашае грамадства яшчэ доўга будзе дзяліць гісторыю Беларусі на перыяды да і пасля выбуху рэактара на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. І, напэўна, ніхто больш востра, чым беларусы, не можа ўсвядоміць увесь трагізм сітуацыі, якую зараз перажывае Японія, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён падкрэсліў, што чарнобыльская трагедыя сур'ёзна паўплывала на сацыяльна-эканамічную і дэмаграфічную сітуацыю — больш за 137 тысяч чалавек былі пераселеныя, яшчэ 200 тысяч сталі вымушанымі перасяленцамі і пакінулі небяспечныя раёны.
— У найбольшай ступені пацярпелі сельская і лясная гаспадаркі, у сувязі з адсяленнем жыхароў была спынена дзейнасць шэрагу прамысловых прадпрыемстваў. Агульная шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай, у разліку на 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў ацэньваецца ў 235 мільярдаў долараў, — паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў і дадаў, што, тым не менш, за мінулыя гады былі рэалізаваныя чатыры дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС і што на іх выкананне было выдаткавана больш за 19 мільярдаў долараў — гэта прыкладна два гадавыя бюджэты рэспублікі.
Расказаў Уладзімір Андрэйчанка і пра бягучыя планы кіраўніцтва краіны наконт далейшай падтрымкі рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС:
— Адраджэнне пацярпелых тэрыторый прадугледжваецца пятай дзяржаўнай чарнобыльскай праграмай, разлічанай на 2011—2015 гады і на перыяд да 2020 года. Навізной гэтай праграмы з'яўляюцца спецыяльныя інавацыйныя праекты, накіраваныя на сацыяльна-эканамічнае развіццё. З чаго складаецца гэтае развіццё пацярпелых рэгіёнаў? Не толькі ў захаванні, але і ў прымнажэнні патэнцыялу "чарнобыльскіх" тэрыторый. Будуць створаны новыя і мадэрнізаваны тыя вытворчасці, якія ўжо існуюць, будуць укаранёны самыя сучасныя тэхналогіі. Усяго плануецца рэалізаваць 76 рознабаковых спецпраектаў. Безумоўна, новыя падыходы не адменяць традыцыйных напрамкаў працы па ажыццяўленні комплекснай радыяцыйнай і сацыяльнай абароны насельніцтва. Такія маштабныя планы патрабуюць і каласальных фінансавых выдаткаў. Але дзяржава не будзе эканоміць на бяспецы і здароўі сваіх грамадзян — агульны аб'ём фінансавання на бягучую пяцігодку складзе каля 7 трыльёнаў рублёў.
Анатоль Рубінаў у сваю чаргу падкрэсліў, што чарнобыльская катастрофа не павінна стаць перашкодай для будаўніцтва АЭС у Беларусі:
— Нашая краіна набыла неацэнны вопыт працы ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання вельмі значных па плошчы тэрыторый: на сёння ў рэспубліцы створаны навуковыя школы ў галіне радыялогіі і радыяцыйнай медыцыны, перадавая вытворчасць радыеметрычнага абсталявання, сістэм медыцынскай сацыяльнай абароны, радыяцыйнага кантролю, кіравання сельскай і лясной гаспадаркамі ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання. Набыты вопыт бясцэнны, ён важны не толькі для нас саміх, але і мае выключна вялікае значэнне ў цэлым для ўсяго чалавецтва. Разам з тым Чарнобыль не павінен стаць чорнай меткай на шляху развіцца сучасных энергетычных тэхналогій. Мы павінны атрымаць урокі з таго, што адбылося, але не тармазіць развіццё энергетыкі і, вядома, АЭС у нас павінна быць пабудавана — адмаўляцца ад гэтага мы не можам, бо гэта азначала б спыніць прагрэс і асудзіць нашу краіну на адставанне.
Цікава, што на гэтай сустрэчы з вуснаў былога першага сакратара Брагінскага райкама КПБ Георгія ПАНЬКОВА прагучала меркаванне, што ліквідатарам нядрэнна было б вярнуць льготы, скасаваныя некалькімі гадамі раней:
— Закон Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый" практычна пазбавіў ліквідатараў і насельніцтва, што пражывае ў зоне забруджання, элементарных ільготаў, якімі яны карысталіся. Было заяўлена, што мы гэтыя грошы акумулюем і накіруем на ліквідацыю наступстваў аварыі ў Гомельскай і Магілёўскай вобласці. Аднак праз год была заява, што гэтыя грошы растварыліся ў бюджэце і ніхто не ведае, куды яны падзеліся. Паважаныя дэпутаты Пастаяннай камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні! У парадку заканадаўчай ініцыятывы вывучым гэтую праблему і распрацуем праект Закона, каб вярнуць хоць бы элементарныя льготы па 19 артыкуле ліквідатарам — можа быць, аздараўленне бясплатнае, бясплатны праезд у транспарце, лекі і іншыя. Трэба правесці паўторную перарэгістрацыю ліквідатараў — іх засталося мо 50 тысяч, а мо і меней у рэспубліцы. Пазбаўлялі школьнікаў праезду ў грамадскім транспарце, а пачалі разбірацца — дзецям далі бясплатны праезд. Гэтыя людзі рызыкавалі сваім здароўем, і мы ім абяцалі, што мы вас не забудзем. Але мы пайшлі на пенсію, мы не вечныя, прыйшло новае пакаленне — дык давайце ўздымем гэтыя пытанні, каб хаця б гэтыя капейкі ліквідатары атрымлівалі, — лічыць Георгій Панькоў.
З такой пазіцыяй не пагадзіўся Уладзімір ЧЭРНІКАЎ, начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях:
— У новай дзяржаўнай праграме прадугледжваецца фінансаванне мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне, медыцынскім забеспячэнні, санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні пацярпелага насельніцтва, радыяцыйнай абароне і адрасным прымяненні абарончых мер, навуковым забеспячэнні, удасканаленні інфармацыйнай працы. На рэалізацыю дзяржава выдзеліла ў два разы болей сродкаў, чым у папярэднім пяцігоддзі — фінансаванне павялічана практычна з 3,6 трлн да 6,7 трлн беларускіх рублёў. Для параўнання: у Расіі толькі 1% насельніцтва пацярпеў ад катастрофы на ЧАЭС, а ў нас — каля 20%. Эканамічна гэта ціск на бюджэт вельмі вялікі. Зараз дзяржавай 6,7 трлн закладзена — гэта кратна болей, чым было ў папярэднія гады. Так што грошы ўсё-такі акумулююцца і ідуць у раёны Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей.
Выказаў сваю думку на гэты конт і Уладзімір Андрэйчанка:
— Я думаю, камісія наша паглядзіць прапановы Георгія Мікалаевіча, але я скажу, што без нарады з рэгіёнамі, з кіраўнікамі рэгіёнаў гэтае рашэнне не прымалася. Менавіта тады, наколькі я памятаю, кіраўнікі і абласнога ўзроўню падтрымалі ідэю, што не трэба раствараць сумы, якія выдаткоўваюцца, а трэба сканцэнтраваць на газіфікацыю населеных пунктаў, на чыстую ваду, на будаўніцтва дарог — такім чынам вырашыць нейкія комплексна вялікія праграмы. У прынцыпе, мяркую, што тады напрамак выкарыстання гэтых сродкаў быў вызначаны правільна.
Павел БЕРАСНЕЎ.