Зацверджаны пералікі сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца
Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 14 красавіка 2011 года № 495, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Пастановай зацверджаны чатыры пералікі тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам аховы здароўя, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.
У пералік сацыяльна значных тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, увайшлі 14 пазіцый. Гэта хлеб, мяса (ялавічына, свініна), малако, сухія малочныя сумесі і мясныя кансервы для дзіцячага харчавання, цукар-пясок, мука пшанічная, крупы (рыс белы шліфаваны, проса, крупы грэцкія, манныя), макаронныя вырабы, мяса птушкі, яйкі курыныя, масла сметанковае, алей сланечнікавы і рапсавы, агароднінныя, фруктова-ягадныя, плодаагароднінныя кансервы і сокі для дзіцячага харчавання. Таксама ў гэтым пераліку знаходзяцца паслугі дзіцячых аздараўленчых лагераў.
У пералік сацыяльна значных тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, увайшлі такія тавары, як бульба, капуста, буракі, морква, цыбуля. У гэтым пераліку знаходзяцца і цвёрдае паліва, паліўныя брыкеты, дровы для насельніцтва. Вызначаны восем відаў тавараў для дзяцей, цэны на якія рэгулююцца. У лік аказваемых насельніцтву паслуг увайшлі рытуальныя (у межах мінімуму пахавальнага рытуалу); агульных аддзяленняў лазняў (за выключэннем разрадаў першага, вышэйшага і "люкс") і душавых; сацыяльныя, прадастаўляемыя дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання сістэмы органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Пералік платных медыцынскіх паслуг, тарыфы на якія рэгулююцца Міністэрствам аховы здароўя (па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі), уключае пяць назваў. Гэта стаматалагічныя паслугі (артадантычныя, артапедычныя і зубатэхнічныя), дыягнастычныя паслугі (лабараторная, прамянёвая, ультрагукавая, функцыянальная і эндаскапічная дыягностыка), кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў (за выключэннем кансультацый замежных урачоў-спецыялістаў), прафілактычныя і абавязковыя медыцынскія агляды грамадзян. Таксама ў гэтым пераліку знаходзіцца медыцынскі агляд стану здароўя грамадзян для атрымання медыцынскай даведкі аб стане здароўя, якая пацвярджае адсутнасць проціпаказанняў да валодання зброяй, прыгоднасць да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі, самаходнымі машынамі, маламернымі суднамі, а таксама іншыя віды медыцынскіх аглядаў і экспертыз, што праводзяцца па жаданні грамадзян.
Зацверджаны пералік паслуг электрасувязі і паштовай сувязі грамадскага карыстання, тарыфы на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі. Тут размова ідзе аб прадастаўленні доступу да мясцовай тэлефоннай сеткі з выкарыстаннем канцавога абаненцкага ўстройства (тэлефона). Сюды адносіцца прадастаўленне мясцовых тэлефонных злучэнняў абанентам сеткі стацыянарнай электрасувязі з выкарыстаннем канцавога абаненцкага ўстройства (тэлефона). Плата ўключае абанементную і пачасовую плату для абанентаў мясцовых тэлефонных сетак, пераведзеных на пачасовую сістэмы аплаты размоў; абанементную плату для абанентаў мясцовых тэлефонных сетак, не пераведзеных на пачасовую сістэму аплаты размоў.
У гэтым пераліку паслуг — прадастаўленне мясцовых тэлефонных злучэнняў карыстальнікам сеткі стацыянарнай электрасувязі з выкарыстаннем таксафона, прадастаўленне міжгародніх тэлефонных злучэнняў абанентам сеткі стацыянарнай электрасувязі, прадастаўленне доступу да сеткі інтэрнэт у пунктах калектыўнага карыстання, карыстанне канцавым абаненцкім устройствам сеткі праваднога вяшчання. Таксама будуць рэгулявацца цэны на перасылку ўнутраных простых адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі (паштовых картак, пісем, бандэроляў), на выплату пенсій, дапамог, кампенсацый і ажыццяўленне іншых выплат, на пропуск трафіку паміж сеткамі аператараў сотавай рухомай электрасувязі за адну мінуту злучэння.