Палі ў чаканні цёплых дажджоў

Источник материала:  

У сельскагаспадарчым прадпрыемстве "Саўгас "Дабраволец" Клічаўскага раёна гэтымі днямі завяршаюць сяўбу ранніх яравых культур. Механізатары радуюцца адсутнасці дажджоў — у іх справа ідзе спраўна, а аграномы ўсё ж заклапочаны тым, як адаб'ецца сухая вясна на будучым ураджаі.

На полі "Дабравольца" сеюць ячмень: на гарызонце працуе трактар з сеялкай "Джон Дзір". Праз дзясятак хвілін Аляксандр Папоў неахвотна, як і любыя яго калегі-механізатары, пакідае кабіну трактара і на ўсе пытанні адказвае "Так" альбо "Ну..." З іх можна скласці наступны вольны расповед: работы на полі пачынаюцца ад 7-й гадзіны раніцы і да цямна, праца нялёгкая і хочацца хутчэй завяршыць сяўбу, пакуль стаіць сухое надвор'е.

Якраз апошняя дэталь выклікае некаторае хваляванне ў дырэктара па вытворчасці саўгаса Васіля Валодзькі:

Намеснік дырэктара па вытворчасці "Саўгас "Дабраволец" Васіль Валодзька пераконвае: у камяках глебы закладзены будучыя высокія ўраджаі.   Палі ў чаканні цёплых дажджоў   — На здзіўленне, вельмі суха. Тэхніка ідзе лёгка. Не памятаю за апошнюю пяцігодку, каб можна было так рана пачаць працаваць. Сеяць добра, але цяпер азімым вельмі патрэбна вільгаць. Няхай будзе такая, як ёсць, тэмпература надвор'я, але цёплыя веснавыя дажджы нам былі б цяпер вельмі дарэчы.

"Дабраволец" — вядомае сваімі поспехамі сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Магілёўскай вобласці. У цэнтральнай сядзібе, аграгарадку Арэхаўка, першае, што пакажуць гасцям, — сад камянёў. Менавіта з уласных палёў вывезлі гэтыя велізарныя валуны.

Цяпер спецыялісты называюць палі "Дабравольца" прыгожымі, і не толькі з-за адсутнасці камянёў. Гэтая гаспадарка першай у рэгіёне перайшла на мінімальную апрацоўку глебы і адмовілася ад машын, якія разбураюць яе натуральную структуру.

— Паглядзіце, гэта ўнікальная глеба, яе структура камякаватая, — паказвае Васіль Валодзька. — Гэта поле не бачыла плуга гады тры.

— Такая структура глебы — умова для атрымання высокага ўраджаю, — тлумачыць першы намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Віктар Рабкавец.— Калі зямля рассыпістая, нібыта цэмент, — там нічога не атрымаць, а ў камяках не прарастае пустазелле і трымаецца вільгаць. Гэта добра.

Спецыялісты корпаюцца ў зямлі і знаходзяць насенне ў глебе на глыбіні 2-3 сантыметры — ідэальны варыянт для ранняй пасяўной. Яна пачалася ў "Дабравольцы" 9 красавіка, і з раннімі яравымі культурамі заканчваюць літаральна сёння. Ячмень — вельмі важная культура для гаспадаркі, дзе працуе буйны жывёлагадоўчы комплекс, для якога патрабуюцца вялікія аб'ёмы кармоў.

Але ўсё ж асноўная стаўка і для канкрэтнага прадпрыемства, і для жывёлагадоўчай галіны Клічаўскага раёна ўвогуле — гэта кукуруза.

Палі ў чаканні цёплых дажджоў

— Аптымальныя тэрміны для пасеву кукурузы наступяць прыкладна 22 красавіка, калі прагрэецца глеба, — каментуе Віктар Рабкавец. — І да 8 мая мы разлічваем поўнасцю завяршыць сяўбу.

Усё зроблена для таго, каб атрымаць добры ўраджай, запэўніваюць спецыялісты гаспадаркі, дзе сёлета запланавана сярэдняя ўраджайнасць у 65 цэнтнераў з гектара, і гэта больш, чым летась. Аднак, нягледзячы на развіццё прагрэсіўных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, усё ж залежнасць ад надвор'я застаецца. Што і выявіла леташняя анамальная спякота і засуха.

— Хто каго: сельская гаспадарка пераможа ўмовы надвор'я альбо наадварот? Гэта адкрытае пытанне, — прызнае Васіль Валодзька. — У гэтым сезоне ў нас дрэнна перазімаваў азімы рапс. Ранняя адліга, снег сышоў з палёў, а потым на адкрытую глебу абрынуліся маразы. Вось мы і не перамаглі: трэба ў будучым улічыць, што трэба ўкараняць толькі тыя культуры і іх гатункі, якія ў нашых умовах могуць добра перазімаваць. А так будзем працаваць і спадзявацца на лепшае.

Увогуле ў Магілёўскай вобласці на раніцу 14 красавіка пасеяны амаль 24 тысячы гектараў альбо 17% запланаванай плошчы. Глускі раён, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы рэгіёна, ужо завяршыў сяўбу, а самыя паўночныя раёны, Горацкі і Мсціслаўскі, толькі будуць прыступаць да веснавых палявых работ.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Клічаўскі раён.

←В больницах остаются 148 пострадавших от взрыва в минском метро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика