Псіхалагічных ахвяр тэракту нашмат больш, чым тых, хто пацярпеў фізічна...

Источник материала:  

Як доўга будзе адчувацца ў грамадстве рэха выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая"? Сёння, напэўна, ніхто не ведае адказу на гэта пытанне, аднак абсалютна відавочна, што жыццё ва ўсіх нас пасля 11 красавіка павінна змяніцца. Гэтую думку вельмі асцярожна і далікатна спрабавалі давесці ізраільскія ваенныя медыкі, якія прыбылі ў Беларусь пасля здзейсненага тэракту, на дапамогу беларускім калегам, і беларускія ваенныя медыкі на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры "КП".

— Не толькі сумкі, а ўсе безнаглядныя прадметы павінны выклікаць у людзей падазрэнне, — падкрэсліў камандзір медыцынскага аддзела Паўднёвай дывізіі ізраільскай арміі, маёр Морыс Батумскі. — Да таго ж у нас у Ізраілі сумкі ў наведвальнікаў магазінаў правяраюцца на ўваходзе ў магазін, а не на выхадзе з яго... Увогуле людзі павінны ведаць, як паводзіць сябе ў экстраннай сітуацыі: не толькі калі яны сталі ахвярамі ці сведкамі тэракту, але і пры тэхнагенных аварыях, прыродных катаклізмах...

— Паверце, што колькасць людзей, выратаваных у выніку правільнага аказання першай дапамогі на месцы здарэння, намнога большая, чым колькасць людзей, выратаваных на аперацыйным стале, — дапаўняе калегу кіраўнік аддзела траўмы Ізраільскай арміі, падпалкоўнік Элан ГЛАСБЕРГ. — Менавіта таму так важна валодаць навыкамі аказання экстраннай медыцынскай дапамогі. Увогуле наш досвед сведчыць, што даволі часта за першым выбухам можа адбыцца другі, прычым у той момант, калі пацярпелым на месцы здарэння аказваецца першая дапамога, каб дадаткова павялічыць колькасць ахвяр.

Траўмы і раненні, якія людзі атрымліваюць падчас тэрактаў, адрозніваюцца ад тых, з якімі медыкам даводзіцца сутыкацца штодня.

— Усе пацярпелыя, якія знаходзяцца ў нас, маюць скразныя асколачныя раненні, якія сведчаць, што выбух быў магутнейшай сілы, — паведаміў намеснік начальніка Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Вітольд ЖАРЫН. — Увогуле характар атрыманых раненняў залежаў ад таго, наколькі блізка да эпіцэнтра выбуху знаходзіліся пацярпелыя.

Па словах начальніка аддзела арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Івана РЫЖКО, восем чалавек перанеслі ампутацыю канечнасцяў і ім патрабуецца пратэзаванне. У адной жанчыны ампутаваная кісць рукі, ва ўсіх іншых ахвяр выбуху пацярпелі ногі. А самы цяжкі стан сёння ў хворых, якія атрымалі цяжкія апёкі. Іван Рыжко падкрэсліў, што калі б такая масавая трагедыя здарылася яшчэ 5—7 гадоў таму, то, магчыма, нашы медыкі і не змаглі так якасна аказаць дапамогу ўсім пацярпелым. Высокі ўзровень аказання медыцынскай дапамогі стаў магчымым дзякуючы набыццю высакакласнага абсталявання, а таксама перааснашчэнню рэанімацыйных аддзяленняў беларускіх клінік, якое адбылося апошнім часам.

— Максімальна ранняе падключэнне псіхолагаў для аказання дапамогі пацярпелым і іх сваякам — гэта сусветная практыка, — падкрэсліў Морыс Батумскі. — У нас псіхолагі пачынаюць працаваць з пацярпелымі яшчэ ў прыёмным пакоі і працягваюць суправаджаць іх далей. Да таго ж мы даўно пераканаліся, што, акрамя пацярпелых і іх сваякоў, псіхалагічная дапамога патрабуецца таксама і медыкам, якія займаліся лячэннем пацярпелых, асабліва тым, хто аказваў дапамогу ў першыя хвіліны пасля трагедыі.

— Пацярпелых, якім патрабуецца псіхалагічная дапамога, — дадаў Элан Гласберг, — як правіла, у 3-4 разы больш, чым тых, хто пацярпеў ад тэракту фізічна.

— Існуе ўнікальны аспект падобнага псіхалагічнага стрэсу, — тлумачыць старшыня ізраільскай асацыяцыі траўмы, маёр у запасе Ёрам КЛЯЙН, — паколькі ахвярай становіцца не толькі чалавек, які знаходзіўся на месцы тэракту, але і члены яго сям'і. І калі здараецца нацыянальная трагедыя, спачатку ўвага ўсіх сканцэнтраваная на пацярпелых, але жыццё працягваецца, і праз тыдзень—два пра ахвяр паступова забываюць. Аднак для гэтых людзей наступствы будуць адчувацца яшчэ на працягу многіх месяцаў. Таму ў іх з'яўляецца пачуццё, што пра іх забыліся. Гэтага нельга дапускаць. Вельмі важна, каб спецыяльныя службы, родныя, сябры, суседзі, калегі падтрымлівалі пацярпелых да таго часу, пакуль іх стрэс цалкам не пройдзе.

Пасля здзяйснення тэракту ў вялікай колькасці людзей (прычым не толькі ў тых, што былі непасрэднымі сведкамі трагічных падзей) можа назірацца вострая псіхалагічная рэакцыя. Прыкладна праз два—тры тыдні многія з атрыманым стрэсам самастойна спраўляюцца. Аднак калі посттраўматычнае стрэсавае расстройства не пераадолець, яно будзе разбураць арганізм чалавека гадамі. Таму перад спецыялістамі стаяць дзве задачы: па-першае, выявіць усіх людзей, у якіх можа развіцца посттраўматычны сіндром, па-другое — не даць яму развіцца.

Па словах спецыяліста, людзям трэба ведаць, што адчуваць пэўны час страх пасля тэракту — гэта нармальна, гэта яшчэ не з'яўляецца сведчаннем хваробы. Па спецыяльную псіхалагічную дапамогу трэба звяртацца, калі перажытае пазбавіла чалавека нармальнага жыцця. І калі праз тыдзень той баіцца выйсці з дома, ісці на работу, ездзіць у метро, значыць, яму сапраўды патрабуецца дапамога спецыяліста. Пры гэтым не менш важная для яго падтрымка родных людзей. Трэба як мага больш размаўляць — гэта дапамагае людзям вызваліцца ад трывогі. Але, безумоўна, агульнага "рэцэпту" для ўсіх няма.

Вітольд Жарын дадаў, што атрымаць экстранную псіхалагічную дапамогу можна нават па тэлефоне.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Даведка "Звязды":

Псіхолагі МНС Беларусі кансультуюць па тэлефонах у Мінску:

(017) 209 27 36 и 209 27 58

Тэлефоны экстраннай псіхалагічнай дапамогі ў Мінску:

для дарослых     (017) 290 44 44, 290 43 70 (кругласутачна)

для дзяцей і падлеткаў    (017) 315 00 00 (кругласутачна)

←В больницах остаются 148 пострадавших от взрыва в минском метро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика