ІНФАРМАЦЫЙНЫ ТЭРОР АПАЗІЦЫІ
— Алег Вітольдавіч, з чым звязана вынесенае Мінінфармам папярэджанне?
— На жаль, пусціць плёткі пасля 11 красавіка захацелі не толькі асобныя грамадзяне, але і сродкі масавай інфармацыі.
Газета "Наша ніва" распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што пацярпелую ў час выбуху дзяўчыну Марыну Шубіч нібыта адвезлі ў бальніцу з месца тэракту толькі каля 23 гадзін 11 красавіка. Аўтары байкі, напэўна, з гордасцю лічылі, што яны "падлавілі" беларускае кіраўніцтва: маўляў, пакуль Прэзідэнт ускладаў кветкі на месцы тэракту ў метро, там яшчэ былі параненыя людзі.
Потым, вядома, аказалася, што ўрачы 3-й гарадской клінічнай бальніцы Марыну пачалі аперыраваць ужо ў 18.45. І гэта аператыўнасць нашых медыкаў дапамагла выратаваць жыццё дзяўчыны, хоць яе стан усё яшчэ застаецца цяжкім.
Але нічога — галоўнае, што публікацыя аб "бесчалавечным" Прэзідэнце і "нікчэмных" дзяржаўных медыках і ратавальніках выйшла. "Сенсацыя" арганізавана. "Апазіцыйная" палітычная місія выканана.
— Як вы ў цэлым ацэньваеце рэакцыю СМІ і ўсяго беларускага грамадства на тое, што адбылося?
— На мой погляд, трагедыя не толькі з'яднала, але і ў некаторым сэнсе падзяліла беларускае грамадства. Частка нашых людзей раскрылася па-новаму: у новых для сябе абставінах пагрозы жыццю людзі не разгубіліся, не ўзнялі паніку, аказвалі дапамогу пацярпелым, бясплатна падвозілі сваіх суайчыннікаў, працавалі дзень і ноч для выратавання жыццяў, для расследавання гэтага злачынства, збіралі ахвяраванні, проста перажывалі за людзей і за краіну. І такіх людзей была, вядома, пераважная большасць.
Другая, значна меншая частка грамадства, паводзіла сябе інакш: людзі пляткарылі, складалі небыліцы, сеялі паніку, у тым ліку свядома, абвінавачвалі ўладу ў арганізацыі тэракту ў мінскім метро і іншымі спосабамі спрабавалі зарабіць ачкі на трагедыі. Карацей, скакалі на касцях. На жаль, было і такое.
Па вялікім рахунку, пасля тэракту падзяліліся і сродкі масавай інфармацыі. Аднак гэты падзел быў зусім не па лініі "прыватныя — дзяржаўныя". А па іншай, больш простай лініі: "прыстойныя — непрыстойныя".
Адны выданні працавалі на стабілізацыю сітуацыі, на дапамогу пацярпелым, на аднаўленне спакою ў грамадстве. Іншыя множылі самыя неверагодныя здагадкі і хворыя фантазіі, падкідвалі людзям адкрытую дэзынфармацыю.
— Што вы думаеце пра сітуацыю, якая склалася ў сетцы інтэрнэт? Да гэтага часу па блогах, форумах і сацыяльных сетках ходзіць нямала, мякка кажучы, экзатычных чутак і "версій".
— Наконт ацэнкі — як гаварыў Уладзімір Высоцкі, "я ненавіджу плёткі ў выглядзе версій". Мяркуйце самі: што было з так званым другім выбухам? Усялякія "блогеры" і "фарумчане", не разабраўшыся, узнялі шум, праз інтэрнэт распаўсюдзілі гэту чутку (нават некаторыя расійскія СМІ паспелі падхапіць). У выніку на звычайную паломку аўтобуса адцягвалася ўвага міліцыі, МНС, спецслужбаў. А галоўнае — сапраўды былі напалоханы і запанікавалі некаторыя людзі. Добра яшчэ, што ўсе спрацавалі аператыўна і далі адначасова абвяржэнні і з МНС, і з МУС.
Усё тая ж апазіцыйная газета нядаўна ў загалоўку аднаго са сваіх матэрыялаў напісала пра тэракт 11 красавіка "тэрор супраць уласнага народа". Вось якраз такія дзеянні безадказных пляткароў ад інтэрнэту і СМІ — гэта самы сапраўдны тэрор супраць уласнага народа, адкрыты і нахабны. Дарэчы, самым сапраўдным тэрорам супраць уласнага народа з'яўляюцца і дзеянні вядомых палітыкаў, якія на наступны дзень пасля тэракту чарговы раз запатрабавалі ўвядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі.
— Але ж у сетцы інтэрнэт няма каму выносіць папярэджанне? Ці існуюць якія-небудзь шляхі рэагавання на такія сітуацыі? Генпракуратура гэтымі днямі папярэджвала аб адказнасці за распаўсюджванне паклёпу.
— Сродкі і магчымасці для прыцягнення пляткароў (калі плёткі могуць нанесці рэальную шкоду грамадству) і паклёпнікаў у нас ёсць у поўным аб'ёме. Уласна, яны ў нас і раней былі, але мы імі не карысталіся або карысталіся абмежавана.
Як паказалі падзеі, напэўна, трэба гэту практыку заканчваць і наводзіць хаця б мінімальны парадак у інтэрнэце. А то некаторыя таварышы, якія прыкрываюцца ананімнасцю, чамусьці адчулі сябе здольнымі і ўпаўнаважанымі меркаваць аб тым, што праўда, а што хлусня, у тым ліку — абвяргаючы афіцыйныя крыніцы. Калі ў іх ёсць свае меркаванні, няхай выкладуць сваё бачанне і довады непасрэдна праваахоўным органам. А ўжо тыя прымуць неабходныя рашэнні.
З безадказнасцю ў блогах, сацыяльных сетках і на іншых інтэрнэт-пляцоўках пара заканчваць.
Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ, БЕЛТА.