Хлебная лапата

Источник материала:  

Хлебная лапата — абавязковы атрыбут сялянскага жыцця, пры непасрэдным удзеле якога выпякалі хлеб. У традыцыйнай культуры славян даволі часта выкарыстоўвалася ў розных абрадавых кантэкстах і мела адпаведныя абрадавыя функцыі. Так, самым актыўным чынам хлебную лапату ўключалі ў абрад выпякання вясельнага каравая.

 Перад тым, як пасадзіць каравай у печ, хросная маці злёгку ўдарала хлебнай лапатай усіх, хто прысутнічаў у хаце, "каб шчасце было". Пасля таго, як каравай дастануць з печы, яна ж тройчы стукала хлебнай лапатай па першай бэльцы, якая знаходзілася на столі ў непасрэднай блізкасці ад печы. Тая дзяўчына, якая ніяк не магла выйсці замуж, выхоплівала лапату з рук хроснай і выбягала на вуліцу. Лічылася, калі яна першым сустрэне мужчыну, то хутка выйдзе замуж, калі жанчыну — яе мары ў гэтым годзе не здзейсняцца.

 Лічылася, што прадуцыравальныя якасці — так званы спор, ці ўдачу — хлебная лапата магла перадаваць не толькі людзям, але і жывёле. Так, каб карова "прыйшла з цяляткам", яе, перш чым адправіць да быка, тройчы "перакрыжоўвалі" (злёгку білі па спіне) хлебнай лапатай.

 У паўсядзённым жыцці ў дачыненні да хлебнай лапаты існаваў шэраг правілаў і забарон. Так, пасля таго, як хлеб паставілі ў печ, хлебную лапату трэба было падняць як мага вышэй, дакрануцца да бэлькі або пячной трубы, каб хлеб добра падняўся. А потым выставіць лапату ў сенцы або паставіць у клець, "каб у хаце ніхто нікому не быў павінен". Прычым лапату трэба было ставіць ручкай дагары. Хлебную лапату забаранялася выкарыстоўваць не па прызначэнні. Лічылася: той, хто парушыць гэтае правіла, будзе хварэць, дзеці перастануць расці, хлеб перастане падымацца, і такой лапатай у далейшым карыстацца было нельга.

 Хлебную лапату выкарыстоўвалі і як магічны сродак падчас лячэння дзяцей ад сполаху. Для гэтага дзіця клалі на хлебную лапату і засоўвалі ненадоўга ў печ, з якой толькі што дасталі хлеб. На Палессі рабілі яшчэ і так: хворае дзіця садзілі на лапату, падносілі да моцна натопленай печы, у якой палаў агонь і "пужалі" хваробу.

 Лічылі: калі кроплі дажджу — вады Нябёсаў — упадуць на хлебную лапату, то абавязкова "апякуцца" і папросяць Бога спыніць дождж. Таму, як толькі пачыналася навальніца, гаспадыня павінна была выкінуць хлебную лапату на двор.

 Хлебнай лапатай "закрыжоўвалі" навальнічную хмару. Для гэтага бралі велікодны абрус (той, які быў на стале ў дзень святкавання Вялікадня), прымацоўвалі да лапаты і размахвалі, як харугвамі, з боку ў бок, быццам разганяючы хмары.

 Дзяжа і хлебная лапата заўсёды ўяўляліся як неразлучная пара, якая толькі разам будзе спрыяць дабрабыту і шчасцю ў сям'і. Таму, калі трэба было выкінуць старыя дзяжу і лапату, іх палілі разам — на масленічным або купальскім вогнішчы. Калі трэба было купіць або зрабіць новыя — набывалі разам, толькі парай.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Похороны жертв теракта в минском метро пройдут на двух кладбищах Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика