Жывы гук. Абаронена Мінкультам
Рашэннем калегіі Міністэрства культуры "Аб мерах па паляпшэнні развіцця музычна-эстраднага мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь" прыняты загад па абмежаванні выкарыстання фанаграм і заахвочванні практыкі выкарыстання "жывога" гуку ў канцэртных мерапрыемствах.
Такое рашэнне звязана з тым, што ў краіне вельмі часта адбываюцца парушэнні правоў спажыўцоў, калі замест "жывога гуку" на канцэрце выкарыстоўваецца гук "тэхнічны" — фанаграма. А глядач або слухач, ні пра што не падазраючы, плаціць грошы за жывое выкананне... У адпаведнасці з Законам "Аб абароне правоў спажыўцоў" інфармацыя аб аказанні забаўляльных паслуг выканаўцамі музычных твораў у абавязковым парадку павінна змяшчаць указанне на выкарыстанне фанаграмы. Значыць, калі на канцэртнай афішы няма такой пазнакі, то гук мусіць быць "жывым" — інакш вашыя правы парушаныя і вы маеце права патрабаваць сатысфакцыі.
Рэкамендацыі па абмежаванні выкарыстання фанаграм і пашырэнні практыкі выкарыстання "жывога" гуку ў канцэртных мерапрыемствах Міністэрства культуры накіравала ва ўсе ўпраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама ў падпарадкаваныя рэспубліканскія канцэртныя арганізацыі.
Мінкульт плануе праводзіць і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на стымуляванне і развіццё выканальніцкага майстэрства "жывым" гукам.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.