Мінкультуры і Генпракуратура маюць намер актывізаваць работу па ахове гістарычных помнікаў
Міністэрства культуры і Генеральная пракуратура Беларусі маюць намер актывізаваць работу па ахове гістарычных помнікаў. Размова аб гэтым ішла 6 красавіка на сустрэчы міністра культуры Паўла Латушкі і генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Мінкультуры Ганна Смольская.
Кіраўнікі ведамстваў абмеркавалі пытанні выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, разгледзелі найбольш характэрныя прыклады парушэння прававых норм.
Павел Латушка і Рыгор Васілевіч адзначылі асаблівае значэнне прафілактычных мерапрыемстваў. У Міністэрстве культуры падкрэслілі неабходнасць больш прынцыповага падыходу пры прававой ацэнцы фактаў прычынення шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям.
Па выніках сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб неабходнасці наладжвання больш цеснага супрацоўніцтва Міністэрства культуры і Генеральнай пракуратуры ў мэтах забеспячэння прававога рэагавання на парушэнні ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Прадстаўнікі Мінкультуры і Генпракуратуры выказалі намер распрацаваць і падпісаць сумесны план дзеянняў па правядзенні аналізу выканання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і выпрацаваць меры па забеспячэнні належнай эксплуатацыі і ўтрымання гістарычных помнікаў.